Вы тут

Раiса Дзейкун. Уюны


Шурка i Мацвей — сярэднi Дарынчын брат — пад вечар збiраюцца ставiць на ноч кашы на ўюноў. Уюны Дарынка любiць у розным выглядзе: у юшцы, смажаных на свiным тлушчы, вэнджаных, сушаных. Яны не пераводзяцца ў сям'i ўвесь год: у скрынi на зiму захоўваецца поўная фанерная дзежачка сухiх, невялiчкiх i паламаных — «для сябе». Зiмой iх можна есцi замест зярнят. За печчу на цвiках вiсяць цэлыя нiзкi-вязанкi адборных — для продажу» на базары ў Хвойнiчку або ў самiм Гомелi. Вэнджаныя, з-за таго што з iмi прыходзiцца даўжэй валакiцiцца пры прыгатаваннi, лiчацца далiкатэсам i прызначаюцца «для гасцiнцаў» далёкай раднi, «начальству» i для святочных сталоў. Яны хаваюцца далей з вачэй — абы iх не мазолiць. Са свежых варыцца юшка, а яшчэ яны смажацца на самай вялiкай патэльнi i падаюцца да вялiкай мiсы дранiкаў або бульбы-салонiкаў на снеданне. Пасля такога сняданку ўся сям'я абпiваецца вадой. Дакладней, хто чым: хто малаком салодкiм i кiслым, хто ўзварам з дзiкiх яблыкаў i груш, а хто вадой з вядра на кухнi.

Мацi кажа, што ў тых, хто спажывае ўюны, заўсёды будуць моцныя косцi. Браты ўжо колькi разоў скакалi з платоў, дрэў, нават з дахаў сцёбкi i адрыны i нiчога сабе не ламалi. Значыць мацi кажа праўду — сухiя ўюны ўзiмку, якiя мацi насушвала ў печы на бляхах пра запас, «трушчылiся» толькi так, у другiх выглядах — таксама.

Мяса ўюноў ружаватае, мяккае, тлустае i на смак саладкаватае. Каб рыба не аддавала цiнай, яе вытрушвалi з палатнянай торбы ў вялiкую мiску i мацi добра пасыпала балотнае багацце шэрай соллю. Потым хлопцы станавiлiся вакол той мiскi, а разам з iмi i Дарынка, i глядзелi, як уюны мыюцца-чысцяцца. Яна ўжо добра ведала, што ў адрозненне ад iншай рыбы, якую хлопцы прыносiлi з вялiкай канавы з праточнай вадой, уюны нават ухапiць у руку цяжка — такiя яны коўзкiя i вёрткiя, не тое каб пачысцiць з iх луску, якой, дарэчы, на iх цяжка было ўгледзець. У солi ж уюны пачыналi круцiцца-вярцецца, а самыя пруткiя дык ажно выскокваць з мiскi. З крыкам i гвалтам усе кiдалiся iх падбiраць i закiдваць назад. Тады ўюны ў руках пачыналi пiшчаць — спускалi заглынутае паветра. Праз некаторы час яны самi ачышчалiся ў солi i станавiлiся светлымi.

Аднойчы браты, як звычайна, вытраслi з торбы свой здабытак i пайшлi на двор (павесiць на плот кашы для прасушкi). Тым часам мацi выйшла да каморы па соль, а Дарынка з цiкавасцю разглядала ў мiсцы ўюноў. Яны былi, як i заўсёды — з жоўта-бурымi ў чорных краплiнах спiнамi i такога ж колеру плаўнiкамi, ды яшчэ з шырокiмi чорнымi падоўжнымi палосамi пасярэдзiне, а па бакавiнах значна танчэйшымi. Жываты ў рыбiнак былi жоўтымi i трохi чырванаватымi. Калi з бляшанкай солi вярнулася мацi i жменяй пасыпала ўюноў, а сама адышла да печы, у мiсцы пачалася знаёмая ўюновая свiстапляска. I тут Дарынка раптам закрычала з усяе сiлы, перапужаўшы i мацi, i братоў, якiя паказалiся са двара:

— Паглядзiце, што я ўбачыла. Вунь ён, вунь!

— Хто там такi вунь? Чаго ты крычыш? Мо цябе хто ўкусiў? — кiнулiся да малой родныя.

А Дарынка аж захлiпалася ад пабачанага: сярод жывой жоўта-бура-чорнай масы ўюноў круцiўся белы iх сабрат-альбiнос. Такое дзiва ўсе бычылi ўпершыню. Хлопцы, каб дагадзiць сваёй малодшай сястры, якую ўсе ў сям'i апякалi, уладавалi ёй маленькае балотца: прынеслi ў цэбры мокрай травы з граззю i апусцiлi туды белага ўюна. Альбiнос на радасць Дарынцы жыў там некалькi дзён, а яна яго лавiла i не магла ўхапiць — такi слiзкi i вёрткi ён быў. Потым i яго прыйшлося адправiць на бляху сушыцца. Дарынка не дазволiла нiкому яго з'есцi. Яна схавала ўюнка ў скрыначку з-пад ручкi-самапiскi i паказвала-хвалiлася сваiм скарбам закадычным сяброўкам. Да таго часу, пакуль той не зламаўся ад цягання, як зазначыў Шурка, «туды-сюды». Прыйшлося яго з'есцi.

— Вазьмiце мяне з сабой, я таксама хачу лавiць уюноў, — румзае Дарынка, не адстаючы ад братоў.

— Яшчэ чаго ўздумала — iсцi далёка да тых балотцаў, дзе яны водзяцца, ды яшчэ й цераз вялiкае балота па купiнах скакаць. А цябе што — на карку перцi? — Шурка ўдае сябе за вялiкага.

— Ага, табе добранька, цябе Мацейка бярэ з сабой, а мне дык сядзi дома, — канючыць зноў Дарынка.

— Запрычытала, закудактала, — зняважлiва зноў адзываецца малодшы з братоў — яе закадычны сябар па розных гульнях i напарнiк-танцор па суботнiх танцах-скоках, калi ў iх хаце збiраюцца на вячоркi суседзi па вулiцы.

— Не плач, Дарка, мы табе яек з балот прынясём: качыных, чыбiсавых i пекуравых. А мо зайчыка зловім у лесе. А яшчэ я табе пакiну некалькi самых маленькiх уюнкоў на тваю патэльнечку, а можа зловім табе яшчэ белага ўюнца. Так, мама? Забярыце Дарынку, а то яна не дае нам сабрацца, — звяртаецца Мацвей да мацi i тут жа да старэйшага брата Сцяпана:

— А ты на старым месцы кашы ставiў?

— На старым, на старым! Давай, iдзiце ўжо, мне сачыненне напiсаць трэба, а вы тут гвалт улаштавалi, засяродзiцца не даяце, — азываецца з залы Сцяпан.

— Хлопцы, не забiрайце з гнёздаў усе яйкi, на развод пакiдайце. Не забылi? — звяртаецца-напамiнае мацi да сыноў. Тыя кiваюць галовамi — не забылi. — Ды прыкмецьце, як уюны сябе паводзяць, бо я заўтра збiраюся жлукту ставiць бялізну мыць. Мацвей на чарговы наказ мацi толькi кiвае галавой, а Шурка адказвае: — Добра, мама, глянем.

Нават Дарынцы зразумела, аб чым размова: уюны ж прадказваюць надвор'е. Калi яны з'яўляюцца на паверхнi, то гэта азначае, што трэба чакаць навальнiцу. А жлукту ставiць пад навальнiцу — дурная справа.

Праз акно Дарынка бачыць, як браты закiдваюць за плечы плеценыя з ракiты ў выглядзе конусаў кашы. Яны ўстаўлены адзiн у аднаго i ў iх няма вяршынь, бо яны спецыяльныя. Шурка паказваў ёй, як уюны трапляюць у тыя кашы i потым не могуць з iх выбрацца. Браты знiкаюць за «агароднай» брамкай, i Дарынка злазiць з табурэткi.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».