Вы тут

Як дажываюць свой век сталічныя баракі?


З кожным годам буйныя будоўлі мяняюць сталічныя вуліцы, і тым не менш у горадзе затаіліся куточкі, у якія варта завітаць, каб даведацца, якім быў стары Мінск. Зусім побач са станцыяй метро «Грушаўка» захаваўся цэлы барачны гарадок, з дзясятка дамоў самы малады — 1949 года пабудовы, а «старэнькія» ўзводзіліся яшчэ ў 1936-м.


Гра­ды — ад­ра­зу пад вок­на­мі.

У гэтых двухпавярховых дамках вырасла некалькі пакаленняў. Самыя сталыя насельнікі памятаюць, як яшчэ ў пакоях стаялі печкі, па ваду даводзілася хадзіць да калонкі. Калі падымаешся па старой драўлянай лесвіцы, сапраўды з'яўляецца адчуванне, што пераносішся ў іншы час. Не дзіва, што гэта месца аблюбавалі кіношнікі, сюды яны едуць, каб узнавіць у фільмах савецкую эпоху. Жыхары драўлянага гарадка расказваюць, што тут і «немцы» ў касках па вуліцах хадзілі, і кватэры многія былі задзейнічаны пад здымачныя пляцоўкі.

Побач з дамкамі заўважаю пранумераваныя хлеўчукі (яны выдзяляліся на кожную кватэру), раней там складвалі дровы, у некаторых захаваліся стэлажыкі — зусім як у вёсцы. Кажуць, калісьці былі і такія жыльцы, што трымалі тут свіней.

«Амаль як у вёсцы»

«Нашы сябры часта зайздросцяць, кажуць, што жывём мы «як у вёсцы». Тут сапраўды добра, шмат зелені, побач скверык. Усе цябе ведаюць, людзі адзін за аднаго гарой, другі раз мы збіраемся шашлычок на вуліцы пасмажыць. Наша сям'я нават шкадуе, што прыйдзецца адсюль з'язджаць», — дзеліцца Ірына Таранава з дома па вуліцы Дзекабрыстаў, 11.

Сапраўды, тут адчуваеш сябе незвычайна. Гэткае два ў адным. Разумееш, што ты ў горадзе — да метро рукой падаць. А прыладзішся на лавачцы побач з драўляным домам — як у вёску трапіў. Першыя халады яшчэ не сцерлі ўтульную прыгажосць мікрараёна: пад вокнамі красуюць дагледжаныя кветнікі, сям-там заўважаю і маленькія агародзікі, па рэштках расліннасці здагадваюся, што сёлета тут збіралі памідоры і гарбузы. А пладовыя дрэвы, якіх багата ў барачным пасёлку, аказваецца, падзелены паміж жыльцамі, і людзі прытрымліваюцца ўмовы, каму дзе збіраць яблыкі. А калі які чужы чалавек раптам завітае сюды і захоча патрэсці яблыню, яго могуць і пагнаць: «Гэты сад не кінуты!» Наогул, заўважаю, што гаспадынькі, якія ў добрае надвор'е выбіраюцца пасядзець перад домам на лавачках, уважліва сочаць за людзьмі. Тут адразу пазнаюць чужога. А як жа інакш, калі кожны дом — на 8 кватэр.

— Ваш дом пабудаваны ў 1936 годзе! Няўжо ў ім нічога не развальваецца? — цікаўлюся ў Ірыны.

— Ён вельмі моцны, малайцы тыя, хто яго будаваў. У пакоях цёпла, стаіць кацёл, і мы самі яго рэгулюем. Хіба што ванны няма. Праўда, з таго часу побач пачалася будоўля, мы жывём як на вулкане. Калі «грыміць», пабелка сыплецца кавалкамі. І не залепіш яе, бо трасе пастаянна.

Дом Ірыны — адзін з першых прэтэндэнтаў на высяленне: за некалькі крокаў ад яго — агароджа, за якой узводзіцца чарговая высотка. Яшчэ адзін барак па суседстве з гэтай новабудоўляй ужо пустуе.

Іры­на 42 га­ды жы­ве ў драў­ля­ным па­сёл­ку.

Пакінутыя людзі?

— Нам абяцалі, што, калі будзе будавацца метро, такіх старых дамоў не застанецца. А мы ўсё жывём... Павінен жа быць нейкі план, жыльцам трэба ведаць хаця б прыблізна, калі дом знясуць. І мы ніяк не можам гэтага дабіцца, — заўважае Лілія Смірнова з дома па вуліцы Дзекабрыстаў, 16.

У пашпартах на некаторых бараках у графе «наступны рамонт» пазначана «пад знос», і калі на пад'ездах заўважаю рэкламныя аб'яўкі накшталт таго, што «ў жыхароў вашага дома ёсць унікальная магчымасць са скідкай зрабіць нацяжныя столі і паставіць пластыкавыя вокны», становіцца смешна. Але мая суразмоўніца мяркуе інакш: «Я вось шпалеры купіла, хачу кухню паклеіць. Хоць самой будзе прыемна пасядзець, кавы папіць». А можа, яна мае рацыю? Калі справа з высяленнем зацягнецца, не жыць жа людзям у няўтульных пакоях. За той час, як вядуцца размовы аб знішчэнні баракаў (а гэта ўжо больш за дзясятак гадоў), людзі маглі не раз змяніць абстаноўку.

...А дамы паціху рассыпаюцца. Месцамі «плачуць» дахі, прагніваюць дошкі. Па «ранах» можна вывучаць будову дома — тынкоўка тут пакладзена на дранку, месцамі сыплюцца трэскі. Праблемы з каналізацыяй, праводкай, а яшчэ трэба змагацца з мышамі і пацукамі.

— На ўсе заўвагі ў камунальшчыкаў адказ: дамы пад знос, — скардзіцца Лілія Рыгораўна. Хаця ў нас ідуць адлічэнні на капітальны і бягучы рамонт. Нават траву прыходзяць касіць, толькі калі патэлефануем, што вялікая вырасла. Лямпачкі самі па чарзе купляем, дзверы ў пад'езд не зачыняюцца, нават ручкі няма. Калі ўзнікаюць праблемы з каналізацыяй, выклікаем аварыйку. Вакол усё перакапана. Дарогі разбітыя. Калі ідуць дажджы, адсюль не выбрацца. Раней была прамая сцежка да прыпынку, цяпер забудоўшчык усё перакрыў, трэба рабіць вялікі круг, выходзіць на вуліцу Папаніна. Добра, калі чалавек здаровы, а такім, як я, столькі прайсці цяжка. Я стары чалавек, часта выклікаю хуткаю дапамогу, а як ёй праехаць? Колькі гадоў таму ў суседнім доме быў пажар, машына МНС не магла праехаць — захрасла, бо ўсё было разварочана. Тое месца цяпер засыпалі жвірам.

Новабудоўля паступова сцірае аблічча старога драўлянага горада, зносяцца не толькі баракі — ламаецца стары ўклад. Можа, невыпадкова многія жыльцы баракаў, калі пачынаюць прыгадваць мінулае, з цеплынёй заўважаюць, што раней «жылі як у раі». Так і Лілія Рыгораўна: «Тут такі прыгожы быў сквер, дзе гулялі з малымі. Колькі дрэў знеслі ўздоўж вуліцы Дзекабрыстаў — жах! Была тут свая лазня — выкупілі прыватнікі. І кінатэатр таксама. Усё прадаецца...»

Элітны дом

Барачны пасёлак працягваецца на вуліцы Папаніна. Толькі з першага позірку дамы падаюцца аднолькавымі. У адзін зазірнула — брудныя, перапэцканыя сцены. Ды і стаіць гэты дом, як на мыліцах, — каб столь з верхняга паверха не правалілася, яе падпірае бэлька. Але ёсць і такія дамкі, якія язык не паварочваецца назваць драхлымі. Спыняюся ў дагледжаным дворыку, заходжу ў пад'езд — чысценька, і вока перш не на «маршчынах»-драпінах на столі і сценах спыняецца, а на тым, як гаспадары паспрабавалі ўпрыгожыць агульны калідор, — у справу пайшлі малюнкі, старая мэбля, цацкі.

Між іншым, дом гэты мае сваю гісторыю. Некалі ён быў элітным. Відаць, і сёння жыхары яго стараюцца «трымаць марку». Калі суседзі хадзілі па ваду да калонкі, а прыбіральні мелі на дварэ, у гэтым доме былі ўсе выгоды. З усіх драўляных дамоў тут была самая добрая планіроўка: ізаляваныя пакоі, шыкоўныя пярэднія, вялікія кухні, асобныя туалет і ванны пакой. І па метражы выйгравалі ў многіх тагачасных сталічных будынкаў. Мяркуйце самі: двушка тут была ў 57 «квадратаў», кухня ў 10,5 квадратнага метра. Перагародкі драўляныя, суседзяў не чуваць — катэдж, ды і толькі... У 1980—1981 гадах быў зроблены апошні капітальны рамонт, выкінулі кафельныя печкі-ляжанкі, пусцілі прыродны газ, паставілі катлы і калонкі. І з тых часоў пра дом быццам забыліся, бо сёння ён не пазбаўлены тых жа праблем, што і баракі па суседстве.

«Вы толькі не думайце, што мы за старое рукамі і нагамі трымаемся — людзі даўно настроены на выезд. Ужо ёсць рашэнне, што мы ідзём на знос, і нас больш цікавіць, што дадуць і куды выселяць. А калі знесці і дом, і хлявы — тут можна не адну высотку паставіць», — заўважаюць гаспадары.

Стары Мінск саступае месца маладому...

Тым часам

У адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Мінска карэспандэнту паведамілі, што забудовай тэрыторыі па вуліцы Дзекабрыстаў, дзе размяшчаюцца баракі, займаецца кампанія «Датч Стар». Мы звязаліся з забудоўшчыкам, каб высветліць, як будзе вырашацца лёс старых будынкаў. Такім чынам, людзям не прыйдзецца доўга сядзець на чамаданах. У самы бліжэйшы час на месцы старога драўлянага жылля з'явіцца вялікі сучасны будынак. На 30 лістапада намечана здача 4—5 секцый, на 2018 год запланавана будаўніцтва 6 і 7 секцый. Усяго ж новы жылы комплекс будзе складацца з 11 секцый.

— Мы непасрэдна падышлі да пытання зносу дваццатага барака, людзі з яго ўжо выселены, адпаведна далей будуць зносіцца 18 і 16 дамы. Пасля гэтая тэрыторыя будзе выкарыстоўвацца для развіцця будаўнічай пляцоўкі на час узвядзення астатніх секцый. А пасля завяршэння будаўніцтва яна будзе добраўпарадкавана і прыведзена ў вельмі прывабны выгляд, — паведаміў вядучы інжынер тэхнагляду Мікалай Сяржант. Скверык, які так падабаецца жыхарам барачнага пасёлка, захаваецца, ніякіх пабудоў на яго тэрыторыі не запланавана. Па словах Мікалая Сяржанта, трымаецца на кантролі і «дарожнае» пытанне. Днямі была зроблена часовая пад'язная дарога да баракаў па вуліцы Дзекабрыстаў.

Не забудуцца і пра праблемы пешаходаў. На тэрыторыі сквера захавалася старая пешаходная асфальтавая дарожка. Плануецца зрабіць прымыканне яе да асноўнага існуючага праезда. Перасунецца агароджа, будзе пакладзены кабель, засыпана траншэя і з'явіцца добры праход для пешаходаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Два ў адным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.