Калi я прыязджаю з вучобы дадому, на Століншчыну, то з задавальненнем пераглядваю шматлiкiя альбомы з фотаздымкамi. Для мяне гэта адзiны спосаб апынуцца ў дзяцiнстве сваiх блiзкiх. Вось і гэтым разам я перабiрала старыя, чорна-белыя здымкi бабулi, а яна мне расказвала пра кожны. На адным з iх — вяселле маiх прабабулi i прадзеда. Фатаграфii амаль дзевяноста гадоў, i вось яе невялiкая гiсторыя.
Дубiна Марта Фёдараўна i Ляшкевiч Сцяпан Фёдаравiч пажанiлiся маладымi. Хлопец яшчэ нават не адслужыў у войску. Жылi на хутары пад назвай Ластавiца. Там было толькi пяць дамоў. Вакол — густы лес i шматлiкiя балоты. Сям'я жыла там увесь час, пакуль хутаранцаў не пачалi перасяляць у вёску Велямiчы.
Як толькi ў 1939 годзе пачалася Другая сусветная, Сцяпан пайшоў на вайну. Праз нейкi час трапiў у канцэнтрацыйны лагер у Германii. Вярнуўся толькi амаль праз сем гадоў. У Марты i Сцяпана было чацвёра дзяцей. Надзея, Марыя, Iван нарадзiлiся да вайны, а Васiль — ужо пасля.
Вайна — час вельмi цяжкi. Марце было складана з трыма дзецьмi. Часта даводзiлася ўцякаць ад немцаў. Бывала, жанчына запражэ валоў, пасадзiць на воз дзяцей i вязе. Калi немцы аднойчы падышлi да хутара, усiм прыйшлося пакiнуць хаты i пайсцi ўглыб лесу з партызанамi. Тады жылi ў курэнях, наспех збудаваных з жэрдак i сасновых галiн. Унутры такога жытла ледзь памяшчалася невялiчкае вогнiшча. Напаў тыф, i шмат хто загiнуў ад хваробы.
Пасля таго як ўсё трохi супакоiлася, Марта з дзецьмi вярнулася на свой хутар. У дарозе яна прыкмецiла немцаў, якiя пачалi страляць. Жанчына несла маленькага Iвана ў нейкай старой тканiне за плячыма, Марыйку трымала за руку, а Надзя iшла побач i ўсё пытала: «Матулечка, цi жывыя мы будзем?» Iм пашанцавала, сям'я прайшла незаўважанай.
Часта здаралася, што немцы пачыналi страляць недзе ў лесе, i тады маленькi Iван крычаў сёстрам: «Дзеўкi! Дзеўкi! Немцы страляюць, хаваемся ў карчы!»
Яшчэ больш клопату лягло на плечы хутаранцаў, калi немцы спалiлi ўсе дамы. Але прыходзiлася неяк выжываць. Есцi не было чаго, i часта выручаў лес. Збiралi грыбы, ягады.
Пасляваенныя гады таксама былi няпростымi. У 1946 годзе вярнуўся Сцяпан. Яны з Мартай працавалi ў калгасе «За Радзiму». Сцяпан наймаўся касiць на ўвесь дзень за паўпуда хлеба, каб пракармiць сям'ю. Не было нi вопраткi, нi абутку. Плялi з лазы лапцi.
У школу дзецi хадзiлi за пяць кiламетраў лесам. Iшлi ў лапцях па вадзе, па балотах. У халоднае надвор'е заўсёды вельмi мерзлi ногi. I калi дзецi прыходзiлi ў школу, якая была звычайнай драўлянай хаткай, настаўнiца палiла грубку i садзiла ўсiх на печ, каб грэлiся.
Так i жылi. Сцяпан, Марта i чацвёра iх дзяцей. Усiх выгадавалi, паставiлi на ногi, хоць i былi складаныя часы, нiчога не хапала, а хлеб быў на вагу золата...
Марына ЛЯШКЕВIЧ
Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі (не больш за тры) з гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а або іnfo@zvіazda.by. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.
У карабля «Рудакова» малады капітан.
На пяты набор прыйшлі 142 заяўкі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.