Вы тут

Ірына Рамбальская: Ахвотна сядзела б у кадры з пэндзлікам


...10 год таму яна, юрыст з «чырвоным» дыпломам і другакурсніца факультэта журналістыкі, прыйшла на «Сталічнае тэлебачанне» папрактыкавацца — у выніку вучобу кінула, а ў прафесіі тэлежурналіста засталася. На вачах у гледачоў тэлевядучая ператваралася з гламурнай бландзінкі ў стрыманую шатэнку і наадварот, пазбаўлялася часткі прозвішча, эксперыментавала з вобразам і адзеннем... Пра тое, што змянілася за мінулыя гады, а што засталося ў багажы, гутарым з Ірынай Рамбальскай — тэлевядучай («24 гадзіны», «Вялікі сняданак») і прэс-сакратаром тэлеканала СТБ.


Адзін з пер­шых эфі­раў Іры­ны Рам­баль­скай.

— За 10 год некаторыя тэлевізійнікі паспяваюць змяніць не тое што некалькі каналаў, але і некалькі краін. Чаму з СТБ у вас атрымалася такая ўзаемная любоў?

— Шчыра кажучы, я таксама не чакала падобнага пастаянства. Прыйшла, папрасілася працаваць «у навіны». Мне хацелі адмовіць, бо меркавалі, што я зацікаўлюся культурай і падобнымі тэмамі, — але я хацела пісаць пра эканоміку і права, і мяне прынялі на стажыроўку, а потым засталася працаваць карэспандэнтам. Сёння, мне здаецца, многія забываюць адну рэч: не варта прыходзіць на тэлебачанне, каб здабыць папулярнасць — такія затрымліваюцца, мабыць, на год, а потым знікаюць. Тэлебачанне — праверка на трываласць, бо яно накладвае шэраг абмежаванняў і забірае шмат часу з іншых сфер жыцця; аднак калі ты гэту праверку прайшоў, значыць, табе сапраўды хацелася тут працаваць. Асабіста мне знаходзіцца тут вельмі лёгка — магчыма, таму, што гаворка ідзе не пра велізарную машыну медыяхолдынгу са складанай «вертыкаллю», а пра зладжаную каманду, у якой можна практычна кожнаму чалавеку патэлефанаваць у любы час, і табе дапамогуць... Не ўяўляю, як можна прамяняць СТБ на іншы тэлеканал — прыкіпела да яго і адчуваю шчырую адданасць.

Скарыстаўшы выпадак, скажу, што цяпер мы шукаем «свежую кроў» і плануем набіраць новых карэспандэнтаў. Таму, калі ў каго ёсць жаданне стаць журналістам, нават не маючы профільнай адукацыі і ва ўзросце «далёка за 20», — ласкава запрашаем, усе анкеты будуць разгледжаны!

— Дарэчы, журфак вы так і не скончылі... Варта заняцца гэтым цяпер, хоць бы дзеля радка ў рэзюмэ, альбо ўжо няма патрэбы?

— Сёлета я заканчваю Акадэмію ўпраўлення пры Прэзідэнце па спецыяльнасці «Міжнародны маркетынг». А на журфаку БДУ правучылася ўсяго два гады, нават паўтара — і няхай прабачыць мяне цяперашні Інстытут журналістыкі, але, на маю думку, тых ведаў, якія ён дае, недастаткова ў тэлевізійнай кар'еры. Таму журналісцкая адукацыя ў нас — хутчэй дадатковая, усё адно журналістам даводзіцца праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі, а то і не адны. Бо на практыцы ты не можаш пісаць пра АДКБ або пра БРІКС, не разумеючы пэўных механізмаў іх фарміравання і функцыянавання. Узяць хоць падводку для вячэрняга выпуску навінаў: вось карэспандэнт сказаў «ніжняя палата», «верхняя палата» — і ты мусіш дакладна ведаць структуру парламента, хто канкрэтна і што прымае, ухваляе, зацвярджае... Адзін час у нас нават практыкаваліся экспрэс-экзамены: трэба было адказаць, хто сёння на пасадзе міністра эканомікі, хто ўзначальвае ГУУС, і гэтак далей — і падобныя экзамены здаваць зусім не сорамна! Да таго ж, калі я вяду і навіны, і «Вялікі сняданак», трэба арыентавацца не толькі ў эканамічным і палітычным жыцці краіны і свету, але адрозніваць Ігара Маісеева ад Барыса Маісеева... (Смяецца.) Неўзабаве планую пайсці да выкладчыка па тэхніцы маўлення, бо некалі займалася правільнай пастаноўкай голасу, потым стала мала часу, а ўдасканальвацца — і я гэта разумею лепш за каго іншага — трэба.

Аў­тар­скія ляль­кі-скульп­ту­ры для Іры­ны Рам­баль­скай — больш чым хо­бі.

— Такая пастаянная самаадукацыя — унутраная неабходнасць альбо рэакцыя на знешнюю крытыку?

— Найперш мой уласны перфекцыянізм. Хоць і дастаткова аматараў заўважаць чужыя недахопы, паверце, ніхто мяне не пакрытыкуе так прыдзірліва, як я сама. А яшчэ вельмі люблю вучыцца, атрымліваць новыя веды. Колькі розных курсаў скончыла — проста страх нейкі, ад бухгалтарскага ўліку да фэшн-ілюстрацыі. Але лішніх ведаў, я лічу, не бывае.

— Ужо шэсць гадоў вы запрашаеце гледачоў на «Вялікі сняданак». Не стаміліся ў межах тэлечасопіса?

— Хочацца, магчыма, крыху змяніць фармат. Але праграму так проста не перакроіш, бо ёсць гісторыя праекта, рэйтынгі, нарэшце, хранаметраж, і глядач раніцай наўрад ці чакае інтэлектуальных размоў пра асабістае ці творчыя пошукі. Таму часам даводзіцца сябе спыняць, каб у размове з вядомым мастаком Ігарам Бархатковым не завесці шматгадзінную дыскусію пра сучаснае мастацтва. Але нават гаворка з неардынарнымі людзьмі пра звычайныя бытавыя рэчы — гэта ж таксама нядрэнна, героі раскрываюцца з іншага боку...

— І ўсё ж, магчыма, прыспеў час для рэалізацыі аўтарскага праекта, пра які вы даўно марылі?

— На СТБ заўжды ёсць прастора для самавыражэння, таму абмежаванняў з боку кампаніі не існуе — наадварот, працы настолькі многа, што часам не ведаеш, за што першае ўзяцца. Што да аўтарскага праекта — напэўна, ужо няма амбіцый «сябе паказаць», менш хочацца прадэманстраваць уласнае «я», а больш зрабіць тых рэчаў, якіх, магчыма, глядач не заў-
важае, але яны робяць тэлебачанне лепшым і цікавейшым. (Ірына, напрыклад, прыдумала і ажыццявіла ідэю прома-ролікаў да 15-годдзя «Сталічнага тэлебачання».)

— З пятай спробы, амаль як Леанарда Дзі Капрыа з «Оскарам», сёлета вас знайшла «Тэлевяршыня». Узнагарода значная?

— Безумоўна, яна важная і прыемная, але гэта не самамэта. Я бачыла, як у зале сядзела і перажывала мая дачка — дадуць маме ўзнагароду? Не дадуць? — і як шчыра потым радавалася. Але... «Тэлевяршыня» — гэта ж не зала вечнай славы. Узнікае пытанне: «А што пасля?» Напэўна, узнагарода стымулюе рухацца наперад, асабліва зусім маладых калег, а таксама нагадвае аб тым, наколькі важная на тэлебачанні камандная праца. Нават персанальная прызавая статуэтка — гэта вынік камандны, бо тое, як вядучы выглядае ў кадры, залежыць ад візажыста, аператара, рэдактара і г.д.

— Дарэчы, пра выгляд у кадры. Хто або што ўплывае на ваш цяперашні экранны вобраз?

— Ёсць пэўная стылістыка, і «Вялікі сняданак», незалежна ад майго жадання, вымагае яркіх убораў, кучаравых локанаў, часам прылепленых веек — даводзіцца адпавядаць настрою праграмы, хоць я часам адчуваю сябе неарганічна і нават збянтэжана. У праекце навінаў «24 гадзіны» ўсё мусіць быць строга, хутка, тэхнічна — значыць, гэта просты 10-хвілінны макіяж і зручны касцюм дзелавога стылю. ...Мая б воля, сядзела б у кадры наогул з пэндзлікам і заплямленых фарбамі джынсах. Пэўна, таму мне і нельга даваць волю, і дзякуй тэлебачанню, што часам яно вымушае выглядаць сапраўды па-жаноцку — у сукенцы, на абцасах. Вось і я стала зноў бландзінкай. (Смяецца.)

Лю­бі­май бру­нет­цы тэ­ле­вя­ду­чай, да­чцэ Іза­бэ­ле, хут­ка споў­ніц­ца 9 га­доў,  і яна так­са­ма твор­чая асо­ба.

— Некалькі год таму вы ўразілі публіку аўтарскімі выставамі лялек ручной работы. На якім этапе цяпер гэта захапленне, ці хапае на яго часу?

— Вось проста зараз у мяне ў машыне тры лялькі, якія трэба сфатаграфаваць перад адпраўкай на выставу. Праўда, цяпер гэта ўжо не лялькі, а скульптуры, ад вонкавага аздаблення я адышла, эксперыментую з формамі і матэрыяламі. Тут як і з тэлебачаннем: чым больш паглыбляешся ў тэму, тым больш складаным усё робіцца. Першую выставу было зладзіць вельмі проста, а потым з'явіўся мільён згрызотаў, творчы пошук... Спадзяюся, што пераходжу з колькаснай ступені да якаснай: важна не зрабіць як мага больш, а прадумаць дэталі. Тэматыка засталася тая ж — жанчыны, але цяпер цікавая аголеная натура, і я раблю скульптуры, на кожнай з якіх будзе толькі адзін прадмет адзення — купальнік, футра, боты. Больш стала вывучаць класічную анатомію, але класічна рабіць сумна — столькі прыгожага і сапраўднага зроблена да цябе, што цягне на эксперыменты. Таксама мне блізкі прамысловы дызайн — прадметы інтэр'ера ў незвычайным выкананні; ужо шукаю праз інтэрнэт, куды б паступіць, каб атрымаць адукацыю мастацтвазнаўцы альбо дызайнера.

— Напэўна, такі ўзор імкнення да ведаў вельмі матывуе дачку?

— Тут у нас далёка не ўсё проста. Ізабэле 8 гадоў; у гэтым узросце бацькі вельмі прыблізна разумеюць, што з чалавека вырасце. Спачатку, канешне, ты ўпэўнены, што тваё дзіця стане геніем і вундэркіндам, аднак пасля няспраўджаныя бацькоўскія амбіцыі разбіваюцца аб рэчаіснасць, і паступова разумееш, што дзіця — абсалютна іншы чалавек і асоба, якая нічога табе не павінна. Дачка вучыцца ў трэцім класе, часам без ахвоты, і мне даводзіцца кантраляваць выкананне дамашніх заданняў, пераадольваць яе дзявочую няўважлівасць. Але, з іншага боку, я вельмі рада, што Ізабэла атрымала ў спадчыну мастацкія здольнасці — няхай яна не стане вялікім матэматыкам, але ў яе свой шлях, і мне як маці трэба яго прыняць і падтрымаць, а не параўноўваць дачку з сабой даўнейшай.

— Калі ў адзін цудоўны момант дачка скажа: «Мама, хачу быць тэлевядучай» — таксама падтрымаеце ці будзеце адгаворваць?

— Першы год жыцця дачкі прайшоў на мадэльных пляцоўках, калі я яшчэ актыўна працавала ў гэтай сферы, яна здымалася для вокладак часопісаў, і я была не супраць прыцягнуць яе да сумеснай працы. Аднак, убачыўшы, наколькі гэта складана для маленькага дзіцяці, заняла супрацьлеглую пазіцыю — і здавалася, што гэта тэма была закрыта... А цяпер, на парозе 9-годдзя, Ізабэла збіраецца ўдзельнічаць у першым паказе, ёй гэта цікава, і я не буду адгаворваць. Тое самае датычыцца і тэлебачання. Наогул, я лічу, нельга катэгарычна заракацца ні ад чаго, бо жыццё можа не раз пасмяяцца з тваіх «ніколі-ніколі».

— Таму вы для сябе тэму мадэльнага бізнесу таксама не закрываеце — то ў конкурсе «Місіс Сусвет» удзельнічаеце, то тытул «Mіssіs Multіverse Іnternatіonal» прывезяце?

— На самай справе я ўжо часцей адмаўляюся ад удзелу ў падобных конкурсах, бо гэта нават фізічна цяжка. Наконт аднаго праекта думаю, але думаю ўжо гады тры і наўрад ці рашуся. Відаць, зноў жа, жыццёвыя прыярытэты змяніліся і публічнасць хутчэй гняце, чым радуе. Ужо не хочацца адпавядаць чужым уяўленням, хочаш быць самой сабой.

Бліц-апытанне

Мора ці дача? — Мора.

Чытаць з экрана ці на паперы? — На паперы.

Пехатой ці на машыне? — Усё ж на машыне.

Творчасць ці бізнес? — Толькі творчасць!

Бландзінкі ці брунеткі? — Люблю брунетак — у кадры, дома і наогул.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Ірына РАМБАЛЬСКАЯ: «Ахвотна сядзела б у кадры з пэндзлікам і ў заплямленых фарбамі джынсах»

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.