Вы тут

Выбіраем правільную тактыку, як «адшыць» паклонніка раз і назаўсёды


Адчапіцца ад абрыдлага вам бойфрэнда не так і складана — варта толькі праявіць крыху кемлівасці і артыстызму. І... выбраць правільную тактыку.


«Міс Неадэкватнасць»

Дзівацтвы і непрадказальнасць жанчыны нічога, акрамя забабоннага жаху, у мужчын не выклікаюць. Таму смела трымайцеся прынцыпу «Не чакайце дзіва — дзівачце самі»: навучыцеся вычварным словам і жэстам, дэманструйце недарэчныя эмоцыі. Напрыклад, гучна рагачыце, калі кавалер расказвае вам пра смерць любімага коціка. Альбо захапіцеся эзатэрыкай і стамляйце яго штодзённым гараскопам або раскладаннем карт таро. А яшчэ вазьміце за правіла тэлефанаваць «каханаму» сярод ночы з просьбай прадэкламаваць што-небудзь з творчасці, скажам, Іосіфа Бродскага. І абавязкова дапоўніце свой вобраз гардэробам а-ля гарадская вар'ятка.

Як гэта дзейнічае? Мужчына імкнецца да такіх стасункаў, якія б ураўнаважвалі яго жыццё, давалі магчымасць чэрпаць у іх рэсурсы. А калі з жанчынай не ведаеш, чаго чакаць, — гэта напружвае.

«Атэла ў спадніцы»

Галоўны прынцып гэтай стратэгіі — татальны кантроль над жыццём мужчыны. Раўнуйце яго да ўсіх прадстаўніц жаночага полу, якія маюць да яго хоць нейкае дачыненне, — да сястры, калег, прадаўшчыцы ў краме і да т.п.

Тэлефануйце яму кожныя 15 хвілін і патрабуйце даць справаздачу, дзе ён і з кім. Штодня правярайце ўсе яго акаўнты ў сацсетках і, вядома, SMS! Прычым кожны раз настойвайце на тлумачэннях у сувязі з усімі выяўленымі там фактамі — дададзенымі сябрамі, фотаздымкамі і інш.

Як гэта дзейнічае? У кожнага чалавека павінна быць права на асабістую прастору. А беспрычынная рэўнасць, пастаянны кантроль, забарона на сустрэчы з сябрамі «забіваюць» нават самыя моцныя пачуцці.

«Мамачка»

Мужчынам, безумоўна, падабаецца клопат пра іх, але да таго часу, пакуль ён не перарастае ў звышапеку. Таму ваша мэта — стаць другой маці для свайго паклонніка. Нястомна завіхайцеся на кухні, гатуючы для яго розныя стравы. А калі раптам ён скажа, што не галодны, страшна пакрыўдзіцеся! Дакучліва цікаўцеся станам яго здароўя: ці не схуднеў ён; чаму такі бледны; ці ўсё ў парадку з кішэчнікам... Пры нязначнай скарзе бойфрэнда на недамаганне адразу з заклапочаным выглядам бяжыце ў аптэку — яго трэба ратаваць!

Як гэта дзейнічае? «Жанчына-маці» заўсёды ставіць мужчыну ў зневажальнае становішча маленькага бездапаможнага дзіцяці. І пры такім раскладзе ў яго проста атрафіруецца любая цяга да яе.

«Свой хлопец»

У гэтым выпадку вам варта пазбавіць сябе якой бы там ні было жаноцкасці і сексуальнасці. Насіце мешкаватае адзенне, забудзьцеся пра макіяж. А сваю раптоўную «змену» раслумачце тым, што не жадаеце марнаваць час на ўсялякае глупства.

Хадзіце разам з «каханым» і яго сябрамі на спартыўныя матчы і ў клубы. І адрывайцеся там на роўных з усімі.

Як гэта дзейнічае? У такіх стасунках сціраюцца ўсе палавыя адрозненні. Апроч таго, падобная «аголенасць» у бытавым плане пазбаўляе жанчыну загадкі, чароўнасці. Мужчына пачынае ўспрымаць яе як сябра або суседку па кватэры.

«Меркантыльная блудніца»

Гэта толькі ў эратычных фільмах мужчыны любяць распусных дзяўчат у латэксе, а на справе такія дамы адштурхоўваюць іх не менш, чым мужчынападобныя. Таму старайцеся адзявацца як мага больш вульгарна: чырвоная памада, глыбокае дэкальтэ, калготкі ў сетачку і лакавыя батфорты — хай усяго будзе шмат!

Пры гэтым падкрэслівайце, што ў вас у прыярытэце толькі заможныя паклоннікі, таму і яму нядрэнна было б раскашэліцца.

Як гэта дзейнічае? У сур'ёзных адносінах мужчыну ніколі не задаволіць той факт, што ён усяго толькі перавалачны пункт, які, да таго ж, выкарыстоўваюць.

Калі ж вам трапіўся зусім ужо «моцны арэшак» і ніводны з прапанаваных спосабаў не дзейнічае, можа, варта прыгледзецца да яго лепш? Раптам гэта тое самае, сапраўднае каханне?

Вера ФЕМІНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.