Вы тут

Для аўтара заўсёды важнай была першая рэцэнзія на яго твор


«Топавасць» аўтара, яго мэтавая аўдыторыя, прагноз чаканняў чытача — усімі гэтымі паняццямі актыўна карыстаюцца сёння кнігавыдаўцы. Ад водгукаў рэдактараў, крытыкаў залежыць шмат. Ці дадуць твору права на жыццё, ці стане ён запатрабаваным, а, магчыма, і бестселерам?


Для аўтара заўсёды важнай была першая рэцэнзія на яго твор, першае чытацкае захапленне ці абурэнне. Бывае ж і так, што не здараецца пры жыцці гэтага прызнання, па-сапраўднаму ацэньваюць толькі наступныя пакаленні...

Як жа ў гэтым сэнсе склаўся літаратурны лёс Максіма Багдановіча? Ці заўсёды творчы імпульс паэта знаходзіў водгук у сэрцах сучаснікаў?

Канечне, каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба ўявіць умовы, у якіх пачынаў свой творчы шлях класік айчыннай літаратуры. Пачатак ХХ стагоддзя ў Беларусі быў перыядам «народніцтва» са сваёй шкалой ацэнкі літаратуры, са сваёй ідэалогіяй творчасці. Быць бліжэй да селяніна, жыць яго праблемамі, размаўляць з ім, як з роўным, — вось кароткі спіс асноўных мастацкіх задач, што ставіліся перад народнымі «песнярамі». Зразумела, што размаўляць з чалавекам працы можна толькі на яго мове. Таму часам і патрабаванні да формы выражэння думкі адыходзілі на другі план. Галоўнае — змест. Абуджальны, які прызывае да разняволення, да змагання за лепшую долю. І заканамерна, што ў гэтым святле кніжнік Максім выглядаў «не-для-народным» аўтарам, мысліў высокімі эстэтычнымі катэгорыямі. Быў занадта «выкшталцоным» у вачах многіх тагачасных
крытыкаў.

Як вядома, на старонках «Нашай нівы» пабачылі свет першыя творы юнага Максіма Багдановіча, але і ў рэдакцыйным асяроддзі спачатку яго творчасць была ўспрынята даволі неадназначна. Вацлаў Ластоўскі прыводзіў ва ўспамінах факт аб «канфлікце інтэрпрэтацый», які ўзнік у 1909 г. пасля атрымання ліста Максіма Багдановіча з вершамі фальклорнай тэматыкі. «Верхняя» палата рэдакцыі тады пагадзілася з думкай Ядвігіна Ш. аб тым, што творчыя пошукі маладога аўтара — гэта яўная «дэкадэншчына» і ахрысціла іх «вершамі не для народа». Даказаць неаспрэчны талент паэта змог толькі праз пэўны час Сяргей Палуян. У 1910 г. у той жа «Нашай ніве» ён змясціў першы ў беларускамоўным друку цалкам станоўчы водгук на творы Максіма Багдановіча. З гэтым пагаджаўся і Янка Купала, які, аднак, прызнаваўся, што адразу яго таксама ўводзіла ў зман некаторая неадпаведнасць «нашаніўскім» стандартам: «Вельмі ўжо па-рознаму мы пісалі <...> . У мяне матывы грамадзянска-нацыянальныя, у яго — ледзьве не «мастацтва для мастацтва», за малым выключэннем».

Рознасць ва ўспрыманні творчасці Багдановіча захоўвалася і яшчэ шмат гадоў пасля названага «канфлікту». Нават пра адзіны прыжыццёвы зборнік паэта з'явілася ў каталіцкай газеце «Беларусь» наступная інфармацыя: «Новая беларуская кніжка «Вянок» — зборнік вершаў М. Багдановіча, між каторымі ёсць дужа пекныя, але наогул вершы М. Багдановіча зразумелыя толькі для вучоных і начытаных людзей». «Штукарствам для штукарства» называў творы Багдановіча і Л. Гмырак (Мечыслаў Бабровіч) і ставіў яго «асобна ад другіх» паэтаў свайго часу. Магчыма, калі б не з'яўленне прыхільнай, грунтоўнай рэцэнзіі А. Луцкевіча пад назвай «Пясняр чыстай красы», то многія прыхільнікі «народніцтва» так і не разгледзелі б у вершах Максіма Багдановіча сапраўды нацыянальны, глыбока патрыятычны дух, да таго ж выражаны ў дасканалай, вытанчанай літаратурнай форме. Ды і няўжо «ненароднымі» можна назваць наступныя радкі, поўныя болю за лёс беларускага сялянства:

Народ, Беларускі Народ!

Ты — цёмны, сляпы, быццам крот.

Табою ўсягды пагарджалі,

Цябе не пушчалі з ярма

І душу тваю абакралі, —

У ёй нават мовы няма.

Збудзіўшысь ад грознай бяды,

Увесь поўны смяротнай жуды,

Ты крыкнуць не вольны: «Ратуйце!»

І мусіш ты «Дзякуй» крычаць.

Пачуйце жа гэта, пачуйце,

Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!

Бо той, хто сапраўды суперажывае, абвінавачанне ў «слепаце» за абразу не палічыць...

Цікава, што, як часта бывае з геніямі, больш станоўчых водгукаў ужо на пачатку творчага шляху Максім Багдановіч атрымліваў у замежным друку. Напрыклад, неўзабаве пасля першай публікацыі Багдановіча, апавядання «Музыка», украінскі літаратуразнаўца Іларыён Свянцінскі ў кнізе «Відроджэнне білоруського пісьменства» адзначыў маладога творцу, які і сам, як той музыкант, «усю душу сваю клаў у ігру». А рускі публіцыст А. Пагодзін у артыкуле «Белорусские поэты» дае Багдановічу-паэту яшчэ больш разгорнутую характарыстыку: «М. Багдановіч — адна са з'яў, якія спадарожнічаюць нацыянальнаму абуджэнню народаў: тонкая і чуйная натура, ахопленая імкненнем вярнуцца да прыніжанага і забытага народа». Адзначае Пагодзін і наяўнасць у творцы «асабліва інтэлігентнай душы». У 1911 годзе дзейнасць Максіма Багдановіча была заўважана чэшскім друкам. Вядомы славіст Адольф Чэрны пісаў: «Багдановіч — чалавек новай культуры, сюжэты яго нешматлікіх невялікіх вершаў агульначалавечыя».

Як бачым, маштаб творчай асобы Максіма Багдановіча па-сапраўднаму быў ацэнены па-за межамі яго месца і часу існавання. Што рабіць, такі ўжо лёс сапраўды геніяльных людзей, якія апераджаюць, працуюць на будучыню, падштурхоўваюць далейшае развіццё сучаснікаў і дбаюць найперш аб «шыраце духоўнай». А мы, удзячныя нашчадкі, і сёння не спыняемся ў жаданні даследаваць, адкрыць тое, што было схавана ад нас заслонай вечнасці.

Юлія АЛЕЙЧАНКА


Максім Багдановіч

* * *

Жывеш не вечна, чалавек, —

Перажыві ж у момант век!

 

Каб хвалявалася жыццё,

Каб больш разгону ў ім было,

Каб цераз край душы чуццё

Не раз, не два пайшло!

Жыві і цэльнасці шукай,

Аб шыраце духоўнай дбай.

 

І ў напружэнні паўнаты

Свайго шырокага жыцця

Без болю, ціха зойдзеш ты

Ў краіну забыцця.

Загаловак у газеце: Асобна ад другіх...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?