Вы тут

БСЖ: аб мінулым і будучыні


У Жодзіне прайшла справаздачна-выбарчая канферэнцыя Мінскага абласнога аб'яднання «Беларускі саюз жанчын», на якой падвялі вынікі работы і акрэслілі арыенціры на будучыню.


Мерапрыемства стала своеасаблівай рэпетыцыяй да рэспубліканскай канферэнцыі Беларускага саюза жанчын, што адбудзецца ў снежні. Святлана Сітнікава — старшыня Мінскага абласнога грамадскага аб'яднання БСЖ падзялілася з удзельнікамі сходу дасягненнямі апошніх гадоў:

— У нашай вобласці 22 раённыя і 2 гарадскія аб'яднанні, у якія ўваходзіць больш за трынаццаць тысяч жанчын. Мы ўдзяляем вялікую ўвагу ўмацаванню інстытута сям'і ў грамадстве. Добрай традыцыяй стала правядзенне дабрачынных акцый «Нашы дзеці», «Здароўе жанчыны — здароўе нацыі», «Збяром заплечнік разам». Адным з важных кірункаў дзейнасці аб'яднання з'яўляецца далучэнне жанчын да актыўнага кіравання дзяржаўнымі і грамадскімі справамі.

Разам з тым праблем яшчэ шмат. Абвастраецца крызіс інстытута сям'і — амаль палова заключаных шлюбаў распадаецца. Сур'ёзнай праблемай застаецца жаночае беспрацоўе ва ўсіх раёнах вобласці, асабліва ў малых гарадах і вёсках. Але жанчыны ўпэўнены, разам яны змогуць вырашыць усе набалелыя пытанні.

На канферэнцыі прысутнічала і Алена Козырава, кіраўнік Салігорскага раённага савета жанчын. Яе намаганнямі арганізацыя стала адной з самых выдатных не толькі ў вобласці, але і ва ўсёй краіне. Жанчына завітала на свята не з пустымі рукамі. Яна прывезла ў падарунак кнігу-альбом «Светлы воблік Салігоршчыны», выданне якой прымеркавана да 25-годдзя Беларускага саюза жанчын.

У той жа дзень быў абраны і новы склад праўлення. Сустаршыня БСЖ Антаніна Морава параіла яго ўдзельніцам больш актыўна ўключацца ў грамадскае жыццё краіны:

— Нам патрэбны найлепшыя жанчыны, якія хочуць нешта змяніць. Разам за квітнеючую Беларусь — гэтыя словы павінны стаць дэвізам нашай жаночай работы!

Яшчэ адным важным пытаннем канферэнцыі стаў выбар новага кіраўніка абласнога аб'яднання. Ім стала Святлана Сарока — дырэктар Палаца культуры горада Маладзечна. Яна вельмі хутка заваявала прызнанне і павагу сваіх сябровак па грамадскім аб'яднанні, як сапраўдны лідар і ініцыятар многіх добрых і карысных спраў. Ужо ў новай ролі старшыні Святлана Сарока шчыра падзякавала ўсім за давер і добрыя словы:

— Спадзяюся, што разам мы будзем працаваць вельмі адказна і аддана. Прафесіяналізм, любоў да справы, дабрыня, чуласць — гэтаму вучылі мяне бацькі, настаўнікі, сябры. Менавіта такімі якасцямі я кіруюся ў сваёй рабоце.

Афіцыйная частка сходу заняла некалькі гадзін. Пасля ў нефармальнай абстаноўцы самым актыўным жанчынам уручылі ганаровыя граматы і кветкі.

Хрысціна ХІЛЬКО

Загаловак у газеце: Вялікая скарбонка добрых спраў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».