Вы тут

Як вырашыць праблему сямейна-бытавога насілля


Па статыстыцы, да 30% зарэгістраваных забойстваў адбываецца ў сям'і, пры паўсядзённых абставінах. Гэта не паддаецца звычайнай логіцы, бо людзі гінуць ад рук сваіх самых блізкіх, тых, з кім, здавалася б, лёс звязаў узаемным каханнем, любоўю, адданасцю і падтрымкай. Як правіла, да трагедыі прыводзіць канфлікт, які цягнецца гадамі. Часта пра штодзённыя скандалы, высвятленне адносін з дапамогай грубай фізічнай сілы ў канкрэтнай сям'і ведаюць і калегі, і сваякі, і суседзі, і работнікі праваахоўных органаў, але не ўмешваюцца. Такой пазіцыі можна знайсці тлумачэнне: у адносінах паміж мужам і жонкай, старымі бацькамі і дарослымі дзецьмі чужому чалавеку цяжка разабрацца. Прычыны сварак хаваюцца ў сутыкненні інтарэсаў, розных поглядах на мараль, у розным бачанні свету і жыццёвым вопыце. Нярэдка каталізатарам трагедыі выступае алкаголь. У сямейных катастрофах часта мае месца правакацыя, і самая распаўсюджаная ахвяра тут — жонка. Сямейныя і бытавыя злачынствы не маюць ні нацыянальнасці, ні ўзросту.


— У цэнтральным рэгіёне за 9 месяцаў гэтага года на глебе сямейна-бытавых канфліктаў адбылося 11 забойстваў, зарэгістравана 22 цяжкія цялесныя пашкоджанні. Летась за гэты ж час — адпаведна 16 і 19. Прычым значная частка іх зарэгістравана ў Маладзечанскім (6), Мінскім (5), Пухавіцкім (4) і Дзяржынскім (3) раёнах, — расказвае старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці Уладзімір Непакупны. — За насілле ў адносінах блізкіх сваякоў, членаў сям'і да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 2588 грамадзян (120,6% да мінулагодняга перыяду).

Разам з тым многія сямейна-бытавыя злачынствы можна было б папярэдзіць.

— Парушаецца галоўны прынцып прафілактыкі — індывідуальная работа, — упэўнены памочнік пракурора. — Многія злачынствы можна было б прадухіліць, калі б больш кантактавалі паміж сабой і кантралявалі работу сваіх супрацоўнікаў службы аддзелаў унутраных спраў.

Напрыклад, страшны выпадак адбыўся ў жніўні ў гандлёвым цэнтры Фаніпаля, дзе былы муж нанёс жонцы 44 нажавыя ўдары. Ён доўга пераследаваў яе. Жанчына вымушана была хавацца. Яна неаднойчы звярталася з заявамі ў міліцыю, прасіла абараніць яе. Але будучага забойцу нават на 15 сутак не пасадзілі, гутарылі з ім і... адпускалі. Па гэтым факце Мінская абласная пракуратура арганізавала праверку, дадаткова ўзбуджаны дзве крымінальныя справы аб пагрозе забойствам і ўнесена прадстаўленне начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама з патрабаваннем прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

— У Мінскай вобласці дзейнічае праграма па прафілактыцы правапарушэнняў, а таксама аналагічныя рэгіянальныя праграмы. У іх уключаны раздзел, які тычыцца насілля ў сям'і, быце. Дакументы прадугледжваюць разнастайныя мерапрыемствы, акцыі па азначанай праблеме, — кажа Уладзімір Непакупны. — Пракуратура пастаянна адсочвае іх эфектыўнасць і своечасовае выкананне. Акрамя таго, у кожным раёне і горадзе Жодзіна створаны крызісныя пакоі, якія даюць прытулак тым, хто пакутуе ад хатняй тыраніі.

Асноўная праблема чалавека, які сутыкаецца з сямейным насіллем, — пошук месца, дзе можна прытуліць галаву. Гэта дае магчымасць атрымаць перадышку, прыйсці ў сябе, падумаць і, магчыма, пачаць жыццё з чыстага ліста. Але многім ахвярам цяжка прыняць рашэнне і пайсці ад тырана. Прычын тут шмат: матэрыяльная, псіхалагічная, жыллёвая. Жанчыны, як правіла, шукаюць апраўданне: маўляў, баюся, каб дом не спаліў, дзецям адсюль блізка да школы...

Кры­зіс­ны па­кой для ах­вяр на­сіл­ля ў Мя­дзе­ле.

— Мы прыкладаем намаганні, каб пацярпелая хаця б начавала ў прытулку. У 2015 годзе крызіснымі пакоямі скарысталіся толькі 32 чалавекі. У Бярэзінскім, Вілейскім, Дзяржынскім, Крупскім, Лагойскім, Любанскім, Мядзельскім, Нясвіжскім, Смалявіцкім, Старадарожскім, Стаўбцоўскім і Уздзенскім раёнах — ніводнага. Напрыклад, спецыялісты Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва летась працавалі з трыма пацярпелымі ад сямейнага насілля. Але яны адмовіліся ад часовага пражывання ў крызісным пакоі ў сувязі з пераездам да сваякоў, прымірэннем з крыўдзіцелем, нежаданнем пакідаць хатнюю гаспадарку, па асабістых матывах. Усяго ж тэрытарыяльнымі цэнтрамі Міншчыны зафіксавана 76 адмаўленняў.

Аб фактах здзейсненага насілля павінны паведамляць у структуры прафілактыкі і арганізацыі аховы здароўя. Аднак, як паказваюць вынікі пракурорскіх праверак, у большасці густанаселеных раёнаў гэтыя патрабаванні не выконваюцца. А менавіта ў Барысаўскім, Мінскім, Маладзечанскім, Слуцкім, Пухавіцкім, Смалявіцкім. Ніводнай заявы на гэты конт не паступіла з устаноў Капыльскага, Любанскага, Старадарожскага, Стаўбцоўскага раёнаў.

— Станоўча дзейнічае на дэбашыраў і вынясенне абаронных прадпісанняў, — лічыць Уладзімір Непакупны. — Такая магчымасць з'явілася пасля ўступлення ў сілу 16 красавіка 2014 года Закона «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў». Паводле яго, сямейнаму скандалісту неабходна пакінуць жыллё, яму забараняецца на працягу 30 дзён наведваць сям'ю, спрабаваць выясняць, дзе знаходзіцца жонка. Вядома, сам факт вынясення прадпісання кардынальна не зменіць характар, але прымусіць задумацца над сваімі ўчынкамі. Тым больш што злосныя парушальнікі сямейнага пакою адначасова ставяцца на прафілактычны ўлік, пасля чаго з імі штомесяц праводзіцца прафілактычная работа.

Сямейных тыранаў не выганяюць на вуліцу, у рэгіёнах для іх створаны крызісныя пакоі. Але не ўсіх задавальняюць тамтэйшыя спартанскія ўмовы. І яны кватаруюць, як правіла, у блізкіх, сваякоў. Калі дэбашыр парушае патрабаванні, то да яго прымяняюцца меры адміністрацыйнага характару. Такія факты адзінкавыя, але ёсць. Пракуратура кантралюе, каб міліцыя іх адсочвала. За 9 месяцаў гэтага года колькасць абаронных прадпісанняў, вынесеных раённымі аддзеламі ўнутраных спраў Мінскай вобласці, павялічылася са 115 да 510.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сёння ён яе пабіў, а заўтра не разлічыў сілы...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.