Вы тут

Сёння стартуе дзясяты «Кубак Прэзідэнцкага спартыўнага клуба»


Ужо па традыцыі ў лістападзе ў Мінску збіраюцца наймацнейшыя гульцы свайго ўзросту. У спаборніцтвах прымуць удзел юніёрскія зборныя (U-16 і U-17) з Беларусі, Латвіі, Славакіі і Расіі.


Адзначым, што менавіта Кубак Прэзідэнцкага спартыўнага клуба з'яўляецца першым міжнародным турнірам па хакеі, які стаў праводзіцца ў нашай краіне на традыцыйнай аснове. Ён вядзе адлік сваёй гісторыі з 2007 года. У розны час на мінскі лёд у рамках гэтага турніру выходзілі сённяшнія «зоркі» сусветнага хакея — Яўген Кузняцоў, які стаў найлепшым бамбардзірам каманды НХЛ «Вашынгтон Кэпіталс», Артур Гаўрус і Яўген Лісавец, якія сёння абараняюць колеры мінскага «Дынама» і нацыянальнай зборнай Беларусі. А, напрыклад, удзельнік турніру 2010 года Дзяніс Годла са Славакіі праз пяць гадоў стаў найлепшым варатаром маладзёжнага чэмпіянату свету. На гэтым турніры пачыналі свой шлях і шмат іншых вядомых спартсменаў.

Сёлета чакаецца асабліва ўпартая барацьба за кубак. Расіяне сабралі магутную каманду з гульцоў, якія выступаюць у сістэме клубаў Кантынентальнай хакейнай лігі. Беларуская дружына выступае разам з пачатку сезона ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Славакі ўпершыню вязуць гульцоў адразу трох узростаў, каб нарэшце пазмагацца за трафей. Ростар дзеючых уладальнікаў кубка — латвійцаў — у асноўным складаецца з гульцоў «Рыгі-2000».

Нагадаем, турнір праходзіць па кругавой сістэме. У 2007, 2010—2013 гадах уладальнікамі кубка сталі хакеісты з Расіі. У 2008, 2009 і 2014 гадах перамогу атрымлівалі гаспадары спаборніцтваў.

Як і ў мінулым годзе, гульні можна будзе ўбачыць не толькі ўжывую (уваход на арэну вольны), але і на афіцыйным канале Прэзідэнцкага спартыўнага клуба на Youtube. Там будзе даступна прамая трансляцыя ўсіх паядынкаў турніру. Сёлета да малюнка матчаў дададуцца яшчэ і галасы вядучых беларускіх хакейных каментатараў.

3 лістапада

13.00 Расія — Латвія

15.25 Урачыстая цырымонія адкрыцця турніру

16.15 Беларусь — Славакія

4 лістапада

13.00 Славакія — Расія

16.15 Латвія — Беларусь

5 лістапада

13.00 Славакія — Латвія

16.15 Беларусь — Расія

Па заканчэнні апошняга матчу дня адбудзецца цырымонія ўзнагароджання, а таксама ўрачыстае закрыццё турніру.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хакейныя «зоркі» запальваюцца тут!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.