Вы тут

У сталіцы праходзяць 30-я "Каласавіны"


Святкаваць дні нараджэння любімых пісьменнікаў можна па-рознаму. А вось прыхільнікі творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа дакладна ведаюць: кожны год 3 лістапада, у дзень яго нараджэння, усіх чакаюць у гасцінным доме класіка, які зараз з'яўляецца Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем. А заўтра ўся вялікая каманда па традыцыі рушыць на Стаўбцоўшчыну, каб наведаць родныя мясціны творцы. Свята, што атрымала сімвалічную назву "Каласавіны", стала сапраўды агульным, сёлета яно праходзіць вось ужо 30-ты раз.


— Кожныя з нашых "Каласавін" пакідаюць свой след у даследаванні творчай спадчыны народнага паэта, — кажа дырэктар літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ. — Здавалася б, што можна новага знаходзіць на працягу трох дзесяцігоддзяў такой вялікай колькасці даследчыкаў! Аказваецца, можна. Творчасць Коласа, яго жыццёвая дарога невычарпальныя, у іх адкрываюцца ўсё новыя і новыя штрыхі, факты, рысы. Сімвалічна, што кожныя "Каласавіны" як магнітам прыцягваюць у музей новыя матэрыялы, адкрыцці, прадметы. Летась такім адкрыццём сталі лісты Коласа да Аляксея Новікава-Прыбоя, а літаральна сёння нам прынеслі ўнікальныя тканыя посцілкі са Стаўбцоўшчыны. Яны датуюцца канцом ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзя.

За 30 гадоў існавання "Каласавін" музею класіка было падорана, перададзена нямала прадметаў, так ці інакш звязаных з творчасцю ці асобай Якуба Коласа. Самыя цікавыя прадметы можна пабачыць на адмысловай юбілейнай выстаўцы. У ліку апошніх знакавых падарункаў — літаграфіі Васіля Ткачука і зборнік выбраных твораў Коласа з дароўным надпісам класіка, адрасаваным яго сябру, рускаму пісьменніку Аляксею Новікаву-Прыбою. Дарэчы, кніга ў музей Коласа была перададзена з фондаў Літаратурнага музея Янкі Купалы.

Успаміны аднаго з удзельнікаў свята дапамаглі скласці пазл апошняга дня Якуба Коласа. Так, скульптар, народны мастак Беларусі Леў ГУМІЛЕЎСКІ расказаў, што бачыў класіка... за дзве гадзіны да яго смерці.

— Я ішоў па Круглай плошчы — зараз плошча Перамогі ў сталіцы. Кіраваўся ў інстытут — я тады працаваў на першым курсе, — успамінае скульптар. — Убачыў, як да гастранома пад'ехала машына "Пабеда". Выйшаў Колас, зайшоў у краму... Калі я вярнуўся дадому з заняткаў, то ўжо стала вядома, што паэт памёр.

Даследчыкі біяграфіі Якуба Коласа пацвердзілі: у той дзень паэт мог заехаць у краму, каб купіць цукеркі ў падарунак сваёй унучцы Машы на дзень нараджэння. Памятная сустрэча пакінула моцнае ўражанне ў свядомасці Льва Гумілеўскага, ён стварыў эскіз скульптурнага партрэта Якуба Коласа з сімвалічнай назвай "Пісьмо ў ЦК. 13 жніўня, 1956 год" (вядома, што ў апошні дзень свайго жыцця класік хадзіў у ЦК з лістом аб стане беларускай мовы).

Госці "Каласавін" — добрыя сябры музея Коласа з-за мяжы. Ужо шмат гадоў доўжыцца сяброўства з Літаратурна-мастацкім музеем Марыны і Анастасіі Цвятаевых у расійскім Аляксандраве. У падарунак Эльвіра КАЛАШНІКАВА, вучоны сакратар Цвятаеўскага музея, прывезла работу мастачкі з Аляксандрава, выкананую ў стылі наіўнага жывапісу.

З музеем Уладзіслава Бранеўскага, філіялам Літаратурнага музея імя Адама Міцкевіча ў Варшаве, пазнаёміла яго загадчыца Эліза ЧАПСКА. Дарэчы, у творчай спадчыне абодвух паэтаў — Коласа і Бранеўскага — можна заўважыць агульныя рысы: яны творцы — з народа, шмат пісалі і клапаціліся пра простых людзей. Нават дамы атрымалі прыкладна ў адзін час, іх планіроўкі падобныя, і ў абодвух будынках сёння — літаратурныя музеі. Разам з жонкай Вандай Уладзіслаў Бранеўскі наведваў Мінск у 1955 годзе. Ёсць успаміны, што ён вельмі высока ацэньваў творчасць свайго беларускага калегі.

У ліку добрых традыцый — віншаванне і вітанне сяброў дома Коласа. Кветкі ў падарунак — унучцы класіка Марыі МІЦКЕВІЧ.

Навукоўцы розных пакаленняў шмат разважалі пра адметнасці творчасці Якуба Коласа, дзяліліся сваімі адкрыццямі і знаходкамі. А таксама выказвалі прапановы. Так, неаднаразова гучала ідэя аб стварэнні персанальнай энцыклапедыі "Якуб Колас". Думку выказаў доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхась МУШЫНСКІ. Шаноўны даследчык зазначыў, што выхад такога выдання быў бы надзвычай сімвалічным і своечасовым да 135-годдзя класіка, якое мы будзем святкаваць налета. Дарэчы, Міхась Мушынскі быў таксама адзначаны граматай музея за шматгадовае плённае супрацоўніцтва.

Загадчыца музея Уладзіслава Бранеўскага Эліза ЧАПСКА, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась ПАЗНЯКОЎ, сын Якуба Коласа, прафесар, доктар тэхнічных навук Міхась МІЦКЕВІЧ, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ.

 

Якуб Колас — творца, які дапамог беларусам адчуць сябе беларусамі, яго творчасць — адна з асноў, на якіх грунтуецца сённяшняя нацыянальная ідэя, наша ідэнтычнасць. Яго варта памятаць, вывучаць і — калі будзе неабходнасць — бараніць, — лічаць ганаровыя госці "Каласавін", старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор СІТНІЦА і старшыня Цэнтральнага камітэта прафсаюзаў работнікаў культуры Наталля АЎДЗЕЕВА.

Некаторыя ўдзельнікі сёлетніх, ужо 30-х "Каласавін", дзяліліся ўспамінамі пра самае першае свята ў гонар Коласа, на якім ім выпала магчымасць некалі прысутнічаць. У іх ліку — старшыня грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, пісьменнік Анатоль БУТЭВІЧ.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».