Вы тут

Як у Беларусі ўтылізуюць буралом


Пра драўніну — карысную і непатрэбную.

Кожны раз, палячы грубку ў вясковай хаце, думаю, колькі сухіх дрэў стаіць у лесе, колькі павалу ляжыць, і мару — вось бы гэта сюды. А пасля ўспамінаю, як гэтыя самыя дрэвы масава паляць на ўзлесках і паабапал дарогі. Чаму і навошта? Няўжо нельга прадаваць іх людзям на паліва? З гэтымі пытаннямі я звярнулася да леснікоў ды камунальнікаў.


Ачышчэнне агнём

— Спальванне — гэта адзін са спосабаў ачысткі ўчасткаў, якія выйшлі з-пад высечкі, у прыватнасці пасля буралому. У вогнішча трапляе толькі неліквідная драўніна, якая не мае структуры і праз гэта не можа выкарыстоўвацца як паліва ці тэхналагічная сыравіна для вырабу шчапы або дзелавой драўніны (напрыклад, мэблі), — патлумачыў Аляксандр МІРАНОВІЧ, дырэктар Бараўлянскага спецлясгаса. — Груба кажучы, спальваюцца адходы дрэва. Як правіла, гэта верхавіна — галінкі і сучкі дыяметрам менш за 4 см. Больш тоўстыя галіны наразаюцца на паліўную драўніну, якая ў будучым стане дровамі. Забіраць на спальванне галінкі — няма сэнсу. Я здзіўлюся, калі вы мне з сотні чалавек хоць дзясятак знойдзеце, хто захоча паліць імі печ. Цеплаправоднасць паліўнай драўніны атрымліваецца праз яе тэкстуру. А ў галінак — палова драўніны, а палова — абалонка, зялёная сырая частка, дзе праходзіць рух смол і сокаў дрэва. Яна не дасць патрэбнай цеплаправоднасці. Каб абагрэць імі хату, спатрэбяцца дзясяткі ахапкаў галля і паўдня каля грубкі.

Тым не менш леснікі кажуць, што калі ў каго ўзнікне жаданне забраць з лесу галіны — калі ласка. Галоўнае, не прыхапіць разам з галлём ліквідную драўніну, накшталт елкі да Новага года — тады гэта немінучы штраф.

Вогнішчы раскладваюць у зоне да 100 метраў ад дарог. Гэта адначасова і добраўпарадкаванне паабапал трасы, і папярэджванне пажараў на ўзбочынах, напрыклад, праз выкінуты недакурак. Такая адлегласць вызначана тым, што нават калі чалавек проста гуляе па лесе, ён не часта заходзіць у яго глыбей, чым на 100 метраў, адзначае прадстаўнік лясной гаспадаркі.

Карысны попел і лоўчая драўніна

Унутры лясных масіваў (глыбей за 100 метраў ад дарогі) спальваюцца толькі дрэвы, якія заражаны хваробай або шкоднікамі. Складзіраванне такіх экзэмпляраў у лесе небяспечна для іншай расліннасці і распаўсюджвае заразу. Паліцца, у прыватнасці, лоўчая драўніна, якую спецыяльна выкладваюць у лесе, каб насякомыя засялялі яе лічынкамі і не псавалі іншыя дрэвы, робячы з іх рассаднікі хвароб.

— Спальванне не шкодзіць лесу, бо рэчывы з попелу нейтралізуюць глебу, асабліва з павышанай кіслотнасцю, — расказаў дырэктар лясгаса. — Калі на такой глебе высекчы лес, то там пачнуць расці крапіва, снітка і нават баршчэўнік. На нейтральнай глебе гэтаму зеллю сілкавацца і расці складаней. Акрамя таго, на месцах былых вогнішчаў цудоўна аднаўляецца бяроза, насенне якой прарастае проста скрозь попел. Пачынае расці і асіна, хоць яе далучаюць да пустазеллевых раслін, бо яна глушыць больш каштоўныя пароды дрэў.

Утылізуюць неліквідную драўніну (высякальныя рэшткі) не толькі ў вогнішчах. Часта фрагменты дрэў драбняць і раскідваюць па лесе — з гэтага пазней фарміруецца пладаносны слой. Там, дзе лес высякаецца выбарачна, драўніну складваюць у кучкі, і пасля перагнівання яна таксама становіцца карысным рэчывам для глебы і будучай расліннасці.

— Калі ўтылізацыя суцэльная, як пасля буралому, уздоўж дарогі драўняныя адходы складваюцца ў валы. Пазней глеба паміж імі мінералізуецца, што спрыяе штучнаму стварэнню лясных культур. А неліквідная драўніна вала ў працэсе гніення становіцца складам карысных рэчываў для будучых раслін, — дадаў Аляксандр Мірановіч.

Карані часцей за ўсё не спальваюць, а складваюць у валы. Тым больш што іх, як правіла, і не выкарчоўваюць. Выключэнне толькі для дрэў, якія павыварочвала з каранямі. Зрэдку бывае, што калі вогнішча распальваюць каля пня, ён можа натуральным чынам абгарэць. Пні хвойных парод дрэў, што маюць большую цеплаправоднасць смол, можна скарыстоўваць для перапрацоўкі ў шчапу. Атрымаецца яна і з каранёў, аднак настолькі дробная, што будзе не гарэць, а тлець.

У кастрах спальваюць грошы?!

Работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі таксама сутыкаюцца з драўнянымі адходамі. Гэта і галіны, якія ўвосень і ўвясну яны абразаюць з дрэў на прыдамавых тэрыторыях, і цэлыя дрэвы і кусты, якія высякаюцца па заяўках жыхароў, калі яны занадта разрасліся і зацяняюць вокны.

Праўда, спальваць гэта, па сутнасці, смецце ў мяжы горада яны не могуць. На звалку яго таксама не здасі, як і не прадасі жыхарам на дровы, бо ЖКГ можа рэалізоўваць толькі паслугі з матэрыялу, а не сам матэрыял. Камунальнікі заключаюць дагавор на ўтылізацыю сыравіны з перапрацоўчымі арганізацыямі і мяркуюць, што распарадзіцца драўнінай можна больш па-гаспадарску.

— Мы асобна здаём галіны, пасечаныя па 50 см, і асобна бярвенні. Пры гэтым яшчэ і плацім грошы спецпрадпрыемству за перапрацоўку. А яно пасля атрымлівае яшчэ і прыбытак ад продажу шчапы і іншых прадуктаў, у якія ператвараецца драўніна. Гэта рэальныя грошы, — разважае Павел ТУМІЛОВІЧ, намеснік дырэктара ЖЭУ № 4 Заводскага раёна г. Мінска. — Мне здаецца, лепш здаваць усе часткі дрэў на ўтылізацыю, нават маленькія галінкі перарабляць на шчапу, а не спальваць іх. Гэта ж тое самае, што ў вогнішчы на ўскрайку лесу паліць грошы. Калі пасля спальвання застаецца карысны попел, значыць там было чаму гарэць, хіба не? З трухі ж попел не ствараецца — значыць, гэта была нармальная «жывая» драўніна, якую можна было б адправіць на перапрацоўку. Тым больш што на базе лясных гаспадарак зусім іншыя аб'ёмы драўняных адходаў. А тымі ж хворымі дрэвамі з жучкамі можна было б у печы паліць, а не вуліцу апальваць.

— Мы гатовыя самі перарабляць у шчапу неліквідную драўніну, калі ЖКГ будзе купляць яе і зможа скарыстоўваць для ацяплення. Кошт такога прадукту самога па сабе нулявы, бо яна не будзе гарэць. А для яе стварэння патрэбны затраты на работу абсталявання, зарплату трактарысту, што адвязе шчапу, ды іншае, — адказаў на гэта прадстаўнік лясной гаспадаркі.

Ці можна купіць дровы?

Як правіла, многія лясгасы прадаюць дрэвы толькі ў выглядзе бярвенняў. 87—95 рублёў за м3 у залежнасці ад пароды каштуюць напілаваныя па 1—2 метры ў даўжыню дрэвы, якія самастойна прыйдзецца забіраць з лясной дзялянкі недалёка ад сталіцы. Выкладзеныя ў штабелі ўздоўж дарогі бярвенні даўжынёй па 4 метры абыдуцца ў 165 рублёў за м3. Дастаўка драўнянага матэрыялу на падворак разлічваецца індывідуальна ў залежнасці ад кіламетражу.

Колатыя дровы нарыхтоўшчыкі прадаюць за 45 рублёў за м3 (дуб, ясень), 43 — граб, 40 — клён, 38 рублёў — бяроза, алешына, таполя, 35 — елка і іншыя. (Праўда, у розных кампаній магчымая розніца ў цане да дзесяці, а то і больш рублёў за м3.) Аднак самае галоўнае — купляючы дровы, звяртайце ўвагу на тое, як прадаецца той самы «куб»: навалам ці шчыльна ўкладзеным. Апошні варыянт удвая даражэйшы, аднак вы атрымаеце столькі дроў, колькі заказалі. Прывезеныя ж навалам, скажам, 10 м3 дроў, акуратна складзеныя, ператворацца ў 5 м3.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Не ўсё тое дровы, што гарыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».