Вы тут

Топ-7 найлепшых сусветных фільмаў, якія пакажуць на "Лістападзе"


Кінафестываль прапануе гледачам фільмы як малавядомых аўтараў, так і фестывальныя зоркі – карціны рэжысёраў з гучнымі імёнамі.


Сёлетні XXIII кінафестываль "Лістапад", як звычайна, не застаецца ў баку ад кантэкста сусветнага кіно. Прадстаўляем найлепшыя фільмы, якія можна паглядзець толькі на вялікім экране "Лістапада".

"Атэстат сталасці" Крысціяна Мунджыу

Румынскага рэжысёра Крысціяна Мунджыу можна назваць любімчыкам Канскага кінафестывалю. Яго фільм "4 месяцы, 3 тыдні і два дні" атрымаў Залатую пальмавую галіну і трапіў у апублікаваны BBC спіс ста найлепшых фільмаў XXI стагоддзя. Фільм "Атэстат сталасці" таксама быў адзначаны Канскім кінафестывалем за найлепшы сцэнарый і рэжысуру. Мунджыу не ўпершыню ўдзельнічае і ў "Лістападзе" – у 2012 годзе яго карціна "За халмамі" атрымала серабро кінафестывалю.

У фільме правінцыйны доктар Рамэа Альдэа імкнецца вырашыць шэраг праблем. Галоўная з іх звязана з будучыняй дачкі, якая атрымала стыпендыю на адукацыю ў Велікабрытаніі, але за дзень да выпускных экзаменаў стала ахвярай гвалту. Каб разруліць сітуацыю, Альдэа павінен прайсці праз шэраг уласных маральных выбараў. Блізкая тэма, антураж, унутраны "нерв" карціны робяць праслаўленага рэжысёра цікавым беларускаму гледачу.


"Сьераневада" Крысці Пую

Фільм яшчэ аднаго выдатнага румынскага прадстаўніка "новай хвалі" – Крысці Пую. Галоўны герой – зноў доктар, Лары. Разам з жонкай ён прыязджае на памінкі свайго бацькі і трапляе ў сямейнае кола, якое чакае святара. Камера Крысці Пую як быццам непрыкметна назірае за героямі. Па словах рэжысёра, ён імкнуўся сымітаваць позірк духа таго чалавека, якога памінаюць. Дзеянне трохгадзіннага фільма амаль поўнасцю праходзіць у цесных межах тыпічнай постсавецкай бухарэсцкай кватэркі і часовае зацішша ператвараецца ў сутычку паміж сваякамі. Ні Лары, ні святару яго ўжо іх не спыніць. "Сьераневада", напэўна, прэтэндуе на тое, каб ахапіць у сваім хронаметражы ці не ўсе тэмы сучаснасці – тут абмяркоўваюцца палітыка, камуністы, наркотыкі, секс, рэлігія, інтэрнэт і яшчэ цэлае бязмежжа тэм. Погляды герояў на свет і навакольную рэчаіснасць пазнавальныя для нашага гледача, калі не блізкія ці часам ідэнтычныя. Савет: не старайцеся запомніць персанажаў і іх сувязі паміж сабой. Гэта немагчыма ды і не так важна.


"Невядомая" Жан-Пьера і Люка Дардэнаў

Яшчэ адзін пазбаўлены дэкаратыўнасці рэалістычны фільм братоў Дардэнаў. Галоўная гераіня, хірург, не адчыніла дзверы медпункта, калі невядомая жанчына стукалася ў іх і прасіла аб дапамозе. Гадзіны ўжо не прыёмныя былі. Пасля Джэні даведваецца, што жанчыну забілі, і пачынае ўласнае расследаванне, якому фанатычна аддаеца з-за адчування сваёй віны. У выніку яна даведаецца пра чарнаскурую эмігрантку нешта нечаканае. Галоўную ролю ў фільме выканала цікавая сучасная французская актрыса Адэль Энэль.


"Гэта не больш, чым канец свету" Ксаўе Далана

Ксаўе Далана называюць канадскім вундэркіндам, залатым хлопчыкам аўтарскага кіно і самым маладым паспяховым рэжысёрам. Сёння яму 27, а на рахунку ўжо шэсць фільмаў, абласканых міжнароднымі кінафестывалямі. Карціна "Гэта не больш, чым канец свету" знятая па матывах аднайменнай п’есы Жан-Люка Лагарса, дзеянне яе разварочваецца амаль выключна ў межах дома, як спектакль. Галоўны герой – паспяховы пісьменнік Луі – праз дванаццаць гадоў вяртаецца ў сямейны дом, каб паведаміць, што памірае ад СНІДу.  Жан-Люк Лагарс пісаў п’есу, калі сам паміраў ад хваробы. Агучыць "развітанне" аказваецца няпроста, спачатку трэба разабрацца з эксцэнтрычнай маці, прыдзіркамі брата, скаргамі сястры, якія ўвесь час стараюцца высветліць, чаму дванаццаць гадоў таму Луі пакінуў сям’ю. У гэты паток, у якім так і не прагучыць самае важнае, немагчыма і слова ўставіць, таму Луі пераважна маўчыць і час ад часу паглыбляецца ў свае ўспаміны. Ролі ў фільме выканалі Гаспар Ульель, Марыён Каціяр, Венсан Касэль, Леа Сэйду, Наталі Бай.


"Патэрсан" Джыма Джармуша

Джым Джармуш – адзін з вядомых прадстаўнікоў незалежнага амерыканскага кіно, якое ў нейкім сэнсе проціпастаўляецца галівудскім фільмам. На "Лістападзе" будзе паказаны фільм "Патэрсан", які на мінулым Канскім кінафестывалі атрымаў Прэмію мальмавай сабакі і быў названы шэдэўрам.

У невялікім гарадку Патэрсан жыве кіроўца аўтобуса па прозвішчы Патэрсан са сваёй жонкай Лорай. Нібыта звычайны амерыканскі горад з тыпічнымі вуліцамі і пабудовамі, але ён ашаламляе сваімі пейзажамі. Нібыта нічога асаблівага ў рабоце, распарадку дня, сацыяльным жыцці герояў, але ў той жа час яны маюць свае таленты і цягу да творчасці. Галоўны герой, напрыклад, піша вершы. Занатоўвае іх у спецыяльны сшытак і нікому сваімі творамі не хваліцца апроч жонкі, якой іх і прысвячае. Просты, чысты фільм паказвае, як душа цягнецца да нечага большага, як у быце складваецца паэзія жыцця. Галоўныя ролі ў фільме выканалі Адам Драйвер і Галшыфце Фарахані.


"Я, Дэніэл Блэйк" Кена Лоўча

Карціна "Я, Дэніэл Блэйк" будзе паказвацца ў секцыі "Львы, мядзведзі, пальмавыя галіны": за яе брытанскі рэжысёр Кен Лоўч атрымаў галоўную ўзнагароду, прычым не першую, на мінулым Канскім кінафестывалі. Яшчэ адну аўтар атрымаў у 2006 годзе за карціну "Вецер, які калыша верас" пра вайну за незалежнасць Ірландыі.

У фільме "Я, Дэніэл Блэйк" рэжысёр паспрабаваў, як ён сам казаў, паказаць няўпэўненасць чалавека ў заўтрашнім дні і яго вымушанасць ісці на прыніжэнні, каб атрымаць дапамогу ад дзяржавы. Пасля інфаркту галоўны герой, 59-гадовы сталяр, не можа знайсці працу, як і жадання дапамагчы з боку афіцыйных структур – іх работа імітуецца бясконцай колькасцю бюракратычных працэдур. Дэніэл Блэйк сустракае маці-адзіночку, якой разам з дзецьмі пагражае высяленне з горада. Яны працягваюць сваю барацьбу – цяганіну – разам. Чарговы вострасацыяльны фільм Лоўча без лішніх упрыгажэнстваў расказвае пранізлівую і далёка не фантастычную гісторыю пакінутага сістэмай "маленькага чалавека".


"Жанчына, якая пайшла" Лава Дзіаса

Імя рэжысёру далі ў гонар Лаўрэнція Берыі, яго станаўленне звязана са значным пластом рускай літаратуры, у прыватнасці творамі Льва Талстога. Карціна "Жанчына, якая пайшла" якраз заснавана на навеле класіка "Бог бачыць праўду, ды не хутка яе скажа". Галоўная гераіня Гарацыя выходзіць на волю праз трыццаць гадоў зняволення, калі выяўляецца яе невінаватасць. Яна наведвае сваю дачку і адразу яе пакідае, каб знайсці сына і адпомсціць былому каханаму за тое, што той падставіў яе пад арышт. Шлях гэты стане для Гарацыі няпростым, бо выявіць заганы сучаснага грамадства, да якога трыццаць гадоў яна не мела магчымасці прызвычаіцца. Глядач у сваю чаргу не меў магчымасці прызвычаіцца да доўгіх сцэн Лава Дзіаса, але дакладна можна сказаць: "Жанчына, якая пайшла" – важнае кіно.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.