Вы тут

Талерантнасць — не данасць, а сумесная праца дзяржавы і грамадства


Сучасная Беларусь — краіна, дзе ў згодзе і ўзаемапавазе ўжываецца больш за 125 нацыянальнасцяў, а высокі ўзровень талерантнасці беларусаў — гэта ўжо традыцыя, якая склалася з часоў Сярэднявечча. Пры гэтым прадстаўнікі этнічных груп, што жывуць у нашай краіне, адчуваюць абароненасць і, не забываючыся на сваю нацыянальную прыналежнасць, лічаць сябе найперш грамадзянамі Беларусі. Такія думкі выказвалі ўдзельнікі «круглага стала» «Роля і месца нацыянальных аб'яднанняў у захаванні і ўмацаванні міру і згоды ў Рэспубліцы Беларусь», на якім прысутнічалі прадстаўнікі больш як 30 нацыянальных аб'яднанняў.


Адкрытая нацыя

Адсутнасць міжнацыянальных канфліктаў у нас успрымаецца ўжо як нешта само сабой зразумелае і непарушнае і ніякі інфармацыйны негатыўны ўкід не прывядзе да рэзкага паніжэння талерантнасці. Аднак нельга забывацца, што на меркаванне і развіццё сучаснага грамадства ўплывае ўсё, што адбываецца навокал.

— З аднаго боку мы захоўваем талерантнасць, а з іншага — не жывём на востраве, і розныя з'явы ў суседзяў могуць па-рознаму ўплываць на нас. Мы ў стане падтрымліваць стабільнасць, якой дасягнулі за стагоддзі свайго развіцця. Аднак важна памятаць, што стабільнасць і талерантнасць — гэта не адвечны дар ці факт, які вызначае наша існаванне. Гэта пастаянная праца на ўзроўні дзяржавы і грамадства, — падкрэсліў Сяргей ГРУНТОЎ, навуковы супрацоўнік аддзела нарадазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Спрадвеку на нашых землях практыкаваўся вопыт суіснавання розных этнічных суполак. У фарміраванні беларускай культуры на працягу ХV—ХVІ стагоддзяў і да нашага часу ўдзельнічаюць самыя розныя этнічныя і канфесійныя групы. Пра гэта сведчаць і шматлікія архітэктурныя помнікі, што захаваліся на нашай тэрыторыі.

— На працягу стагоддзяў суіснаваць бесканфліктна на адной тэрыторыі ўдавалася дзякуючы таму, што этнічныя суполкі былі арганічна ўключаны ў жыццё дзяржавы і грамадства. У кожнага была свая ніша. Татар, напрыклад, запрашалі як ваеннае саслоўе, каб яны дапамагалі ахоўваць межы, яўрэяў — каб развіваць гандаль і рамёствы, — разважае Сяргей Грунтоў. — Паўплывала на захаванне традыцый талерантнасці і бесканфліктнасці і існаванне ў Савецкім Саюзе — адзінай дзяржаве з адзінай мовай. Беларуская нацыя фарміравалася на працягу ХІХ—ХХ стагоддзяў як надрэлігійнае грамадства. Гэта азначае, што этнічная група, якая пераўтварылася ў нацыю, была здольнай прымаць у сябе прадстаўнікоў любых канфесій. Беларусь як нацыя — гэта феномен этнічнай цярпімасці. У ХХ стагоддзі беларусамі станавіліся не толькі этнічныя беларусы, але і яўрэі, украінцы, татары. Яна адкрыта для кожнага чалавека, які хацеў у ёй удзельнічаць.

Неад'емная частка — этнічныя суполкі

Разважаючы пра ролю і ўплыў нацыянальных аб'яднанняў у справе ўмацаванне міру і згоды ў краіне, прысутныя падкрэслівалі важнасць існавання дыялогу паміж дзяржавай і грамадствам і падтрымкі ўладамі развіцця нацыянальных суполак у Беларусі.

— Нас ведаюць далёка за межамі краіны, на нашых гістарычных радзімах. Мы ўдзельнічаем у агульных мерапрыемствах і расказваем аб палітыцы, што праводзіцца ў Беларусі ў дачыненні да нацыянальных арганізацый. Пераймаючы ў суседзяў лепшае, мы паказваем, як трэба жыць у міры, сяброўстве і міжнацыянальнай згодзе, — адзначыў Георгій ЕГІАЗАРАН, старшыня Мінскага гарадскога армянскага культурна-асветніцкага грамадскага таварыства «Айастан», старшыня Кансультацыйнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. — Калі чалавек любой нацыянальнасці не госць у краіне, ён усё робіць на яе карысць, бо ён тут дома, хоць і належыць да іншай нацыянальнай групы. І мы адчуваем тут сябе сваімі.

— Сферу інтарэсаў нацыянальных супольнасцяў нельга пакідаць без увагі. Гэтую думку падкрэсліваюць міжнацыянальныя канфлікты, якія, часам, прыводзяць да трагедый на тэрыторыях дзяржаў, і нават нашых бліжэйшых суседзяў, — падкрэсліў міністр юстыцыі Алег СЛІЖЭЎСКІ. — Перыядычна мы праводзім семінары, куды запрашаем прадстаўнікоў, каб растлумачыць ім нормы дзеючага заканадаўства, змены ў ім. У сваёй рабоце, асабліва напачатку, яны сутыкаюцца з пытаннямі, як весці дакументы, як арганізаваць работу, як прымяняць нарматыўна-прававыя акты і іншае. Каб не прымаць пасля санкцыі ў іх дачыненні, мы стараемся зрабіць так, каб парушэнні не адбываліся па няведанні. З 2700 існуючых у краіне грамадскіх аб'яднанняў 113 арганізацый, якія аб'ядноўваюць нацыянальныя меншасці. А калі лічыць і афіцыйна зарэгістраваныя арганізацыйныя структуры аб'яднанняў, атрымліваецца больш за 40 тысяч грамадскіх фарміраванняў. Гэта сведчанне актыўнага развіцця сучаснага грамадства.

Кожная этнічная група не існуе спантанна. Яна заяўляе аб сабе ў формах, зразумелых грамадству: танцах, песнях, перакладной літаратуры. А беларускае ноу-хау — прадстаўляць на міжнародных фестывалях не толькі айчыннае нацыянальнае майстэрства, але і культурныя здабыткі этнічных груп, што пражываюць у краіне, выклікае пазітыўную рэакцыю ў гледачоў. Этнасуполкі могуць развівацца і захоўваць сваю самабытнасць, адчуваць бяспеку, а беларусы, далучаючыся да іх культуры, могуць узбагачаць свой светапогляд, адзначалі ўдзельнікі «круглага стала».

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Феномен этнічнай цярпімасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».