Вы тут

7 лістапада 1941 г, калі на палях ВАВ ішлі баі, у Маскве адбыўся парад


75 гадоў таму за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад сталіцы СССР грукатала армада фашысцкай групы армій «Цэнтр». З кожным днём узмацняліся варожыя паветраныя налёты і бамбёжкі. Сотні тысяч масквічоў добраахвотна ўступалі ў народнае апалчэнне, кругласутачна працавалі на будаўніцтве абарончых рубяжоў. Ваенная абстаноўка была настолькі напружанай, што ў кастрычніку 1941-га частка цэнтральных устаноў і ўвесь дыпламатычны корпус эвакуіравалі ў Куйбышаў, а ў Маскве і прылеглых да яе раёнах увялі асаднае становішча. На галоўнае савецкае свята — 7 лістапада — Гітлер прызначыў парад сваіх войскаў у сталіцы СССР, для чаго нямецкім салдатам і афіцэрам ужо выдалі парадную форму, у якой яны рыхтаваліся пераможна маршыраваць па Краснай плошчы. А тым часам савецкае кіраўніцтва не збіралася адмаўляцца ад сваёй традыцыі. Нават у такі трывожны для краіны час...

Падрыхтоўка да парада вялася ва ўмовах поўнай сакрэтнасці. Камандзірам злучэнняў і часцей Маскоўскага гарнізона паведамілі пра тое, што прыкладна ў сярэдзіне лістапада 1941 года ў раёне Крымскага моста плануецца правядзенне агляду часцей, якія знаходзяцца ў сталіцы і на яе рубяжах, і тых, якія неўзабаве пойдуць на фронт. Масквічы сваёй прысутнасцю павінны былі ўмацаваць у чырвонаармейцаў баявое братэрства і нязломную стойкасць. У гэтых мэтах падчас звычайных навучальных заняткаў на закрытых тэрыторыях узмацнялася страявая падрыхтоўка вылучаных для агляду часцей і навучальных устаноў.

За дзень да парада на платформе станцыі метро «Маякоўская» было праведзена традыцыйнае пасяджэнне Массавета, пасля якога Сталін абвясціў членам Палітбюро ЦК і некаторым асобам пра час пачатку парада войскаў на Краснай плошчы, які быў перанесены на дзве гадзіны раней. Парад павінен быў адбыцца ў восем гадзін раніцы. Камандзірам часцей, якія ўдзельнічалі ва ўрачыстасці, пра такія змены стала вядома ў 23 гадзіны. Звычайным байцам паведамілі пра гэта перад самым пад'ёмам раніцай 7 лістапада. Запрошаныя на Красную плошчу прадстаўнікі грамадскасці і рабочыя праз пасланцаў даведаліся пра час правядзення парада з пяці да сямі гадзін раніцы.

Падрыхтоўкай ваеннага парада на Краснай плошчы займаўся камендант сталіцы, наш зямляк, ураджэнец вёскі Бывалькі Лоеўскага раёна, генерал-маёр Кузьма Сінілаў.

Вось што ён пісаў у пасляваенных успамінах: «...адзінае, чым вонкава адрозніваўся парад, — гэта адсутнасць дэманстрацыі. Адчувалася, што адбываецца ён ва ўмовах вайны, па ўсім: і па ўзбраенні, і па абмундзіраванні, і па той суровасці, якая бачная была ва ўсіх».

У 8 гадзін раніцы па гучнагаварыцелях СССР, якія ў тыя дні не выключаліся ні днём, ні ноччу, пачуліся ўрачыста-хвалюючыя словы дыктара Юрыя Левітана. На трыбуне маўзалея — Вярхоўны Галоўнакамандуючы Іосіф Сталін, а таксама кіраўнікі савецкай дзяржавы: Молатаў, Малянкоў, Мікаян, Шчарбакоў і іншыя. Прымаў парад герой грамадзянскай вайны Маршал Савецкага Саюза Сямён Будзённы. У кнізе «Сто ваенных парадаў» Сямён Міхайлавіч успамінаў: «У галопе выскокваю на прастору заснежанай Краснай плошчы. Прымаю рапарт камандуючага парадам генерал-лейтэнанта Паўла Арцем'ева. Аб'язджаю з ім выстраеныя войскі. У калонах стаялі радавыя вайскоўцы. Але ў тыя хвіліны яны мне здаваліся цуда-волатамі. Чырвонаармейцы дружна адказвалі на прывітанні. «Ура!» кацілася па Краснай плошчы, гучнае, ваяўнічае, прысягальнае. На трыбунах сабраліся члены ўрада, работнікі партыйных і савецкіх арганізацый, камандзіры Чырвонай Арміі, стаханаўцы, прадстаўнікі савецкай інтэлігенцыі, Усесаюзнага радыё і друку, акрэдытаваныя ў сталіцы карэспандэнты замежных газет.

Пасля выступлення Сталіна зводны аркестр, якім кіраваў аўтар бессмяротнага твора «Развітанне славянкі», кампазітар і дырыжор Васіль Агапкін, зайграў мелодыю «Інтэрнацыянала», а з набярэжнай грымнуў гарматны салют.

У парадзе ўдзельнічалі батальёны курсантаў ваенных вучылішчаў, НКУС, стралковыя, кавалерыйскія і танкавыя падраздзяленні, атрады ўзброеных рабочых Масквы, маракі, эскадроны кавалерыі... У Цэнтральным архіве Мінабароны Расійскай Федэрацыі захоўваецца даведка-даклад каменданта горада Масквы Кузьмы Сінілава, з якога вядома, што парад доўжыўся гадзіну і дзве хвіліны, у ім удзельнічала 69 батальёнаў — 28 467 чалавек, з іх 5520 апалчэнцаў. Узбраенне і ваенная тэхніка былі прадстаўлены 296 кулямётамі, 18 мінамётамі, 12 зенітнымі кулямётамі, 140 артылерыйскімі прыладамі рознай магутнасці, 160 танкамі. Праз дрэннае надвор'е (моцны снегапад, завея, абмежаваная бачнасць) у парадзе не прыняла ўдзелу авіяцыя.

Наш зям­ляк, ге­не­рал-ма­ёр Кузь­ма Сі­ні­лаў, ад­каз­ваў за пад­рых­тоў­ку ва­ен­на­га па­ра­да  на Краснай пло­шчы.

Адразу пасля парада байцы Чырвонай Арміі адправіліся на фронт, для чаго Массавет выдзеліў 14 трамвайных вагонаў. Да месцаў баявых дзеянняў, на перадавую воіны накіроўваліся таксама на машынах ЗІС-5, у пешым страі. Сярод іх былі і нашы землякі. Пра гэта пераканаўча напісаў савецкі паэт Мікалай Старшынаў:

А над Москвою день небывалый,

Светом пронизанный, голубой...

Идут к Белорусскому вокзалу

От мавзолея — с парада — в бой!

Ваенны парад атрымаў шырокі міжнародны рэзананс і выклікаў захапленне, а таксама павагу да савецкага народа і яго войска, спрыяў умацаванню міжнароднага прэстыжу СССР. У свой час франтавікі казалі, што без парада надзеі, як называлі яны падзею 7 лістапада 1941-га, не было б і парада Перамогі 24 чэрвеня 1945 года.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

Загаловак у газеце: Парад надзеі

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.