Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» выехалi ў рэйд разам з ратавальнiкамi


5 лютага ў 6.14 ранiцы на пульт дзяжурнага Пухавiцкага раённага аддзела па надзвычайных сiтуацыях паступiла паведамленне аб тым, што гарыць жылы дом у вёсцы Кляцiшына. Ратаўнiкi былi на месцы ўжо праз 12 хвiлiн. Аказалася, што адкрытым полымем гарыць дах дома. Заняўся i хлеў. У доме жылi муж i жонка. Ён — 1930 года нараджэння, яна — 1938-га. Iх целы знайшлi праз 15 хвiлiн...


А пасля таго як пажар патушылi, у верандзе, якую агонь не паспеў знiшчыць, знайшлi два аўтаномныя пажарныя апавяшчальнiкi. Яны там... ляжалi ў пакеце. А калi б знаходзiлiся там, дзе належыць, то дзвюх смерцяў проста б не было. Тым больш што старыя былi апрануты. Бабуля iмкнулася выпаўзцi з дома, але ёй не хапiла некалькiх метраў...

Што «далi» дачнiкi?

— Нашы работнiкi i спецыяльная камiсiя шмат разоў наведвалi гэты дом, — расказвае першы намеснiк начальнiка Пухавiцкага раённага аддзела па надзвычайных сiтуацыях Iгар Бародзька. — Пры чарговым абследаваннi ў лiпенi 2015 года выявiлася, што кудысьцi прапаў аўтаномны пажарны апавяшчальнiк, якi там устанаўлiвалi за кошт бюджэту.

Бабуля расказала, што прыбор спрацоўваў на цыгарэтны дым. Апарату спачатку даставалася качаргой, а пасля яго i ўвогуле знялi i паклалi на шафу без батарэйкi. На старога склалi пратакол, вынеслi папярэджанне. Накiравалi дачцэ ў Мiнск лiст. Тая прыязджала да бацькоў, дапамагала iм, бо ад працы сацыяльнага работнiка муж i жонка катэгарычна адмаўлялiся. А мы паставiлi ў хаце яшчэ адзiн апавяшчальнiк.

Акцыя «За бяспеку разам!» стала ў Пухавiцкiм раёне ўжо пятай за год. У раёне з насельнiцтвам у 60 тысяч чалавек заўжды ўзнiкае шмат пытанняў. Напрыклад, на Пухавiччыне знаходзяцца 176 садовых таварыстваў, у якiх больш за 22 з паловай тысячы дамоў. Прычым калi раней туды прыязджалi пераважна на выхадныя, то цяпер пенсiянеры перабiраюцца на дачы на цэлае лета і нават восень. Сёлета дачнiкi «далi» больш пажараў, чым мясцовыя жыхары. Прычыны розныя. З-за халадоў пачынаюць прапальваць печку, якая вельмi доўгi час прастойвала. Уключаюць абагравальнiкi, старыя халадзiльнiкi i чайнiкi, якi адправiлiся на дачу «ў ганаровую ссылку», i старая праводка «кароцiць».

Ратаўнiкам вельмi дапамагаюць сацыяльныя работнiкi. Яны цудоўна ведаюць сем'i, дзе жывуць старыя, якiм ужо цяжка сябе абслугоўваць. А супрацоўнiкаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны мы вучым таму, на што трэба звярнуць увагу пры вiзiце i пры неабходнасцi паведамiць нам.

На стале Iгара Бародзькi ляжыць план правядзення акцыi «За бяспеку разам!» на Пухавiччыне. Па iм працуюць усе суб'екты прафiлактыкi.

— Зыходзячы з гэтай iнструкцыi, мы складаем планы рамонту пячнога абсталявання, замены праводкi. Але крыху адышлi ад прывычнай формы акцыi. Загадзя ў раённай газеце, у школах, крамах, салонах транспартных сродкаў мы размясцiлi iнфармацыю аб тым, што павiнны зрабiць самi жыхары. Па плане мы да кагосьцi даедзем толькi напрыканцы акцыi, а якое надвор'е за акном — бачыце самi. I, канешне ж, абменьваемся iнфармацыяй. Калi мы, напрыклад, убачылi, што дзецi недаядаюць, бацькi п'яныя, то абавязкова паведамляем пра гэта ў адпаведныя iнстанцыi.

Гарызантальны дымаход

А другой гадзiне дня мы кiруемся ў будынак Шацкага пасялковага савета. Там праходзiць нарада, на якой абмяркоўваецца план сённяшнiх наведванняў. Вядзе яе Iгар Бародзька. У яго на руках падрабязны пералiк людзей, якiя знаходзяцца ў зоне рызыкi. Пасля пятнаццацi хвiлiн абмеркавання камiсii пачынаюць раз'язджацца па маршрутах. Мы ж накiроўваемся разам са старшынёй пассавета Уладзiмiрам Каралём i прадстаўнiком органаў працы i сацыяльнай абароны да адной шматдзетнай сям'і.

— Вы б бачылi, што там раней было, калi яны толькi ўехалi ў гэты дом, — гаворыць Уладзiмiр Кароль. — Сцены неабшытыя, печка «на ладан дыхала», будынак рамонту гадамi не ведаў. Цяпер жа туды зайсцi прыемна. Зрэшты, век сядзець у арэнднай хаце муж i жонка не жадаюць. Яны будуюць пакрысе ўласны дом. Iм ужо i выдзелены зямельны ўчастак. Адзiнае — не трапiлi ў крэдытную праграму на гэты год...

Паколькi ў сям'i расце немаўля, то камiсiя зрабiла стаўку на тое, што дома нехта з бацькоў будзе абавязкова. Так i атрымалася.

— А чаму ў вас дымаход гарызантальны? — пытаецца iнспектар.

— Гэта засталося ад старога гаспадара. Мы тут самадзейнасцю не займалiся.

— Трэба будзе яго ўсё роўна перарабiць. I прыбраць ляжак на гарышчы. А дзе ваш апавяшчальнiк? Я ж памятаю, што вам яго ставiлi.

— Батарэйка села, мы яго i знялi. Але ўжо купiлi новую. Адзiнае што — замянiць не паспелi, — дэманструе новую «Крону» гаспадыня.

— Ну гэта ж смешна, калi ўсе камiсii, якiя да вас прыходзяць, павiнны нагадваць аб тым, што трэба замянiць батарэйку? — незадаволена гаворыць iнспектар. — Стаўце яе прама цяпер, каб я бачыў, што прыбор працуе. I трымайце памятку аб тым, як трэба правiльна карыстацца печчу...

Прыбор пад сталом

Другi дом, у якi мы зайшлi, не ведаў нават касметычнага рамонту дзесяцiгоддзямi. На ржавых веснiчках даўно аблупiлася фарба. Тут жыве адзiн сямiдзесяцiгадовы дзядуля.

— Курыце? — пытаецца iнспектар.

— Толькi на двары.

— Але бачна ж, што не толькi на двары. Вунь попельнiца зусiм не пустая.

— Ну, бывае, што i ў хаце.

Падчас гэтага дыялогу вочы прызвычайваюцца да цемры i на столi становiцца бачнае нейкае белае пластмасавае мацаванне. Гэта ўсё, што засталося ад аўтаномнага пажарнага апавяшчальнiка. На просьбу яго прадэманстраваць дзед чухае патылiцу, а пасля лезе ў нейкi «схрон» пад сталом. Праз некалькi хвiлiн урачыста дастае адтуль апавяшчальнiк у завязаным цэлафанавым пакеце. Iнспектар пераварочвае прыбор. Батарэйкi прадказальна няма.

— Ну i куды вы яго хаваеце? Я яго праз некаторы час знайду на тым жа самым месцы? Давайце паглядзiм, у якiм стане ў вас знаходзiцца печка. Ого — гэта што за склад тут? Нейкiя кардонныя каробкi, пластыкавыя ўпакоўкi. Вельмi блiзка каля печкi ляжаць смалякi. Прыбярыце iх: а калi iскра выскачыць?

Збянтэжаны стары толькi моўчкi глядзiць, як iнспектары складаюць акт аб абследаваннi яго дома. Але памятку з парадамi аб тым, як правiльна тапiць печ, узяў.

Крыху далей па вулiцы жыве яшчэ адна адзiнокая старая. Але кантраст двух дамоў бачны няўзброеным вокам. Калi ў хаце, адкуль мы толькi што выйшлi, усё вiдавочна паказвае на тое, што разам з гаспадаром дажывае свой век, то тут усё чысценька i прыбрана.

Вока iнспектара адразу ж чапляецца за праводку. Яна настолькi старая, што мацуецца да столi на ролiках. Такая канструкцыя не ўжываецца ўжо дзесяцiгоддзi.

— Ну так, праводцы шмат год. А што я зраблю? Замянiць яе дорага. Пенсiя, самi ведаеце, якая, а ў мяне нават сваякоў не засталося, каб хоць нехта з iх дапамог. Мы прыехалi ў гэты дом яшчэ ў 1950-х гадах. Жылi за некалькi кiламетраў адсюль. Перабралiся, бо далёка было хадзiць на работу. Набылi гэты домiк. Iншага пабудаваць не здолелi. Раслi без бацькi, ды i мацi рана памерла. Восем год таму i муж мой памёр...

— Добра, уключым вас у план. Налета заменiм праводку за кошт бюджэту. I новыя «аўтаматы» паставiм. А вось гэта ў вас адкуль? — пытаецца iнспектар, трымаючы на руцэ жучок. — З-за гэтага ж пажар можа здарыцца! I дзе ваш апавяшчальнiк?

— Дык гэта электрык наш ставiў, Андрэй. Праўда, памёр ён ужо. Ну, калi небяспечна, то даставайце... А апавяшчальнiк я зняла, бо ён вiшчаў дзень i ноч. Расказвалi, што гэта адбываецца з-за таго, што трэба мяняць батарэйку. Набыла я другi апавяшчальнiк, а праз некаторы час пачаў раўцi i ён. Нядаўна я купiла запасную батарэйку для яго. Але вось нiяк не разумею, як там яе падключаць трэба. Не вiнiце мяне, старую...

Iнспектар бярэ батарэйку i ставiць яе ў прыбор. Нацiскае кнопку — апарат пачынае пiшчаць. Твар бабулi адразу ж робiцца замiлаваным.

— А можна вас яшчэ на хвiлiнку? Вось паглядзiце на дах. Я прасiла, каб прыбралi электрычную стойку. Па ёй падчас дажджу вада зацякае прама на сцены дома. Калi быў жывы мой чалавек, ён падмайстроўваў там нешта. Але вось цяпер цячэ i цячэ. Уся сцяна мокрая, хоць дажджу не было суткi. Во, паглядзiце, — старая праводзiць рукой па раме, i кавалкi белай фарбы сыплюцца ўнiз ад аднаго дотыку. — Я ўжо i слоiкаў наставiла, каб менш трапляла на сцяну. Душа балiць, калi бачу, што так адбываецца, а зрабiць нiчога не магу...

— Ну, тут трэба будзе пачакаць да вясны. Неабходна ўсё перарабляць, вось разам з праводкай i лiквiдуем гэтую недарэчнасць. Гэта ж не так проста: трэба, каб вас уключылi ў адпаведны план, ён пасля мусiць быць зацверджаны ў райвыканкаме, павiнен быць зроблены каштарыс.

— Значыць, вясной толькi? — разгублена перапытваецца бабуля. I тут жа з надзеяй: — Але i за гэта вялiкi дзякуй! Толькi дапамажыце, калi ласка. Мне вельмi шкада дом...

Супрацьпажарныя праблемы ўсiх хат, якiя мы наведалi, зводзяцца да аднаго — адсутнасцi аўтаномнага пажарнага апавяшчальнiка. Дакладней кажучы, ён ёсць, але ляжыць дзе заўгодна, але толькi не там, дзе павiнен знаходзiцца. Здымаюць яго з-за таго, што калi батарэйка разраджаецца, апарат пачынае аб гэтым актыўна сiгналiць. Прычым шмат хто новыя батарэйкi ўсё ж набывае, але не ставiць. Значыць, праблемы з наяўнасцю элементаў сiлкавання ў раённым гандлi не iснуе. Што ж галоўнае ў такiх паводзiнах — забыўлiвасць, лянота цi простае няведанне, як трэба мяняць батарэйку? А стаўка ў такой гульнi максiмальная — жыццё. Варта зазначыць, што толькi за першыя 9 месяцаў у Мiнскай вобласцi гэты невялiчкi апарат уратаваў 13 чалавек.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

schklennik@zviazda.by

Пухавiцкi р-н

Фо­та Над­зеi БУ­ЖАН

Загаловак у газеце: Зняты апавяшчальнiк прыводзiць да трагедыi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.