Вы тут

Якія падводныя камяні хаваюць прывабныя ўмовы банкаў?


Праўда, разумеем мы гэта звычайна ўжо пасля таго, як трапляем «на вуду» на першы погляд цiкавых, але на самай справе неадназначных прапаноў. I заўважу, што папасцiся на такi кручок «аматараў бясплатных падарункаў» можа любы чалавек, незалежна ад узросту, полу, адукацыi i сацыяльнага статусу. У гэтым выпадку сапраўды лiчыць, што яму прапануюць вельмi прывабныя ўмовы (набыцця тавару, адкрыцця ўкладу, атрымання пластыкавай карткi i г. д.), а яшчэ клiент упэўнены — так пашанцавала выключна яму. Таму i трэба карыстацца момантам, нават нягледзячы на нейкiя там дробязi... Але ў фiнансах усе нюансы галоўныя.


Задарма не бывае

Днямi мне на электронную пошту трапiў рэкламны лiст ад аднаго камерцыйнага банка, дзе прапанавалася набыць першую бясплатную пластыкавую прэмiум-картку, якая вяртае на кошт уладальнiка да 2% ад сумы пакупак. Мне адразу патлумачылi, што яна адкрывае новы этап у развiццi элiтнага «пластыка» ў краiне. У гэтым банку картку афармляюць бясплатна, без якiх-небудзь абавязацельстваў для актыўных клiентаў. Далей выкарыстоўваць яе можна для аплаты пакупак i атрымання прывiлеяў у любой частцы свету, у тым лiку — знiжак падчас падарожжаў i вольнага доступу ў VIP-залы мiжнародных аэрапортаў. Згадзiцеся, што стартавыя ўмовы прапановы досыць прывабныя.

Самай «смачнай» умовай гэтай карткi выступае менавiта павышаны кэшбэк — пры аплаце «пластыкам» банк кампенсуе частку выдаткаў падчас шопiнгу.

Унiкальнасць механiзма заключаецца ў тым, што ўладальнiк карткi сам вызначае «любiмыя аб'екты» (ежа, спорт, вандроўкi i г.д.), з якiх будзе вяртацца 2% ад сумы транзакцый, тады як з усiх астатнiх — 1%. Выбраныя катэгорыi можна перыядычна змяняць. Далей удакладняецца, што перавод грошай на бягучы карт-рахунак можна зрабiць праз АРIП або наяўнымi праз iнфакiёск. За такi перавод сумай да 3 тысяч рублёў у месяц камiсiя спаганяцца не будзе. «Цудоўны «пластык», — падумаў я i паехаў за iм у банк.

Праўда, вырашыў удакладнiць некалькi нюансаў непасрэдна на месцы. I вось... Картку мне дадуць i сапраўды бясплатна, але пры ўмове, што адначасова з афармленнем я пакладу на рахунак у банку амаль палову свайго заробку i пачну хуценька гэтыя грошы трацiць. А як хуценька трэба? Менавiта ад гэтага i залежыць рэальны кошт гэтай карткi. Калi чалавек за месяц купляе ў крамах тавараў на суму больш за 300 рублёў (камунальныя плацяжы, сотавы аператар, крэдыты i iншыя плацяжы праз АРIП не ўлiчваюцца), то ён прызнаецца банкам актыўным клiентам i за карыстанне карткай 1,9 рубля ў месяц не плацiць. А калi ты патрацiш карткай меншую суму, то банк аўтаматычна спiша з рахунку гэтыя 19 тысяч старымi. Атрымлiваецца, што для эканомных клiентаў гэты «пластык» ужо не бясплатны.

З папаўненнем рахунку нашай прэмiум-карткi таксама ўзнiклi цяжкасцi, бо праз АРIП з маёй зарплатнай карткi другога банка за такi перавод здымуць камiсiю. А вось зрабiць перавод наяўнымi без камiсii можна толькi праз спецыяльны iнфакiёск гэтага камерцыйнага банка, якiх нават у Мiнску няшмат. I яшчэ. Паслуга СМС-апавяшчэння па гэтай картцы будзе каштаваць яе ўладальнiку 2 рублi ў месяц. Гэта пры тым, што сярэднi цэннiк такой паслугi на фiнансавым рынку складае ад 60 капеек да рубля.

Вось так. Такiя важкiя плюсы з павялiчаным кэшбэкам амаль цалкам знiклi пасля таго, як я даведаўся аб усiх iншых нюансах гэтай карткi. I гэта яшчэ не ўсё. Спецыялiст банка паведамiла мне, што тарыф за карыстанне «элiтнай» карткай у памеры 1,9 рубля лiчыцца льготным i дзейнiчае толькi паўгода. А якiм яго памер будзе потым, яна не ведае.

Заўважыць паметку

Часам пэўныя гандлёвыя сеткi, буйныя крамы i сур'ёзныя кампанii распрацоўваюць для спажыўцоў спецыяльныя прапановы, калi тавар можна набыць у крэдыт, працэнтная стаўка па якiм складае амаль 0%. I гэта без першапачатковага ўзносу. Ствараецца нейкi рай для пакупнiкоў? Але гэта не зусiм так.

Так, стаўкi па крэдыце бываюць i сапраўды невялiкiя, але такiя крэдыты выдаюцца на маленькi тэрмiн (да трох месяцаў) i абавязкова на пэўны (звычайна дарагi) асартымент тавару. Перад тым, як рашыцца на такiя ўмовы, трэба даведацца, колькi аналагiчны тавар каштуе ў канкурэнтаў. Магчыма, што магазiн прапануе вам тэхнiку гэтай мадыфiкацыi па павышанай цане, бо яму неабходна яшчэ разлiчыцца з банкам, якi крэдытуе пакупку.

Цяпер наконт заявы аб тым, што любая пакупка ў дадзенай гандлёвай сетцы ажыццяўляецца ў крэдыт пад нулявы працэнт. Такая лiчба сапраўды ёсць, але побач з ёй стаiць паметачка, маленькая такая зорачка, якая недзе там унiзе расшыфроўвае, што льготны перыяд беспрацэнтнага крэдыту складае ўсяго 15 дзён (бывае нават 30). Якiм стане потым гэты крэдыт для карыстальнiка — у рэкламе не гаворыцца. Непасрэдна ў гандлёвым пункце клiенту растлумачаць, што на афармленне крэдыту работнiку банка спатрэбiцца ваш пашпарт, даведка аб заробках (часам i без даведкi) i гадзiна часу. Усё, праз гадзiну вы ўжо ўладальнiк тэлевiзара, халадзiльнiка, камп'ютара, мэблi цi яшчэ чаго-небудзь. I грошы сёння ў вас нiхто не патрабуе. Так, пачняце нешта там плацiць праз два тыднi.

А мы вырашылi ўдакладнiць канкрэтныя ўмовы няльготнага перыяду такога крэдыту. Аказалася, што не вельмi ён i цудоўны. Стаўка па iм звычайна складае ад 36% да 40% гадавых. Цiкава, але ў сiстэмных дзяржаўных банках крэдыты пад спажывецкiя патрэбы выдаюць клiентам пад 24% — 27%. Зразумела, што на агульных падставах для атрымання такога крэдыту клiенту неабходна будзе прынесцi ў банк не толькi пашпарт i даведку аб заробках, але i прывесцi ў аддзяленне некалькiх паручыцеляў або аформiць залог.

Згодзен, што апошнi варыянт патрабуе больш часу, але... Iмпульсiўнае рашэнне аб набыццi тавару ў крэдыт непасрэдна ў магазiне можа каштаваць новаму ўладальнiку сур'ёзных дадатковых выдаткаў.

Кошт вады

Ёсць у мяне пытанне i да рыбы, дакладней — да фiле рыбы, якое прадаецца ў воднай глазуры. Гэтая вада ацэньваецца звычайна ў працэнтах да ўсёй масы прадукту. Бывае ад 5% да 40% i нават да 50%. Напрыклад, мае знаёмыя выбiраюць фiле, дзе вады да 10%. Выбiраюць аднатыповую рыбу з аднолькавай доляй вады i шукаюць таннейшую ў розных крамах. Усё зразумела. Але, ёсць «фiнт» ад вытворцаў, калi на этыкетцы паказваецца не доля глазуры, а адразу дзве лiчбы: агульная маса тавару i вага асноўнага прадукту. Звычайна фокус з дзвюма лiчбамi выкарыстоўваецца ў тым выпадку, калi доля вады i сапраўды зашкальвае, але бываюць i выключэннi. А як можна дакладна падлiчыць гэтую долю непасрэдна ў краме? Гэтыя пытаннi пакуль застаюцца адкрытымi.

Растэрмiноўка без пераплаты?

Гэта яшчэ адзiн фокус заваблiвання клiентаў. Яго звычайна выкарыстоўваюць у цэнтрах продажу мабiльных аператараў. Пад такую растэрмiноўку на 6 месяцаў i без пераплаты там выстаўлены дарагiя смартфоны. I моладзь клюе на такую прапанову, бо расцягнуць аплату «мабiлы» коштам у 400—600 рублёў на паўгоддзе i нiчога за гэта не даплацiць — гэта ўдача. А можа нешта iншае?

Мы з дачкой спецыяльна гэтую тэму «пад лупай» разглядалi. Аказалася, што аналагiчны гаджэт у суседнiм цэнтры нашага мабiльнага аператара каштуе ўжо значна танней пры ўмове, калi мы за яго аплачваем усю суму адразу. Калi пакупнiк адмаўляецца набываць тавар у растэрмiноўку, то ён атрымлiвае знiжку. Ствараецца ўражанне, што ў абодвух гэтых выпадках прадавец iдзе нам насустрач.

На самай справе памер пераплаты растэрмiноўкi ў першым выпадку будзе роўны знiжцы, якую прапануюць у другiм цэнтры ў межах аднаго мабiльнага аператара. У адным выпадку нам проста прапануюць купiць смартфон па нармальнай цане, а ў другiм (у растэрмiноўку) — ужо даражэй. Няўжо нас падманваюць, бо прапануюць схему, якая блытае пакупнiка? Не, адказваюць нам прадстаўнiкi гандлю, гэта такi маркетынгавы ход, бязвiнная хiтрасць, магчыма, невялiкi псiхалагiчны трук. А за гэта ў нас сёння не караюць. Пакуль не караюць, удакладняюць у Мiнiстэрстве антыманапольнага рэгулявання i гандлю...

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zviаzdа.bу

Загаловак у газеце: Дробным шрыфтам чытаць абавязкова

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.