Вы тут

Чаму падаюць апоры ліній электраперадач?


...Не так даўно ў нашай вёсцы зноў не было электрычнасці. Людзі, вядома ж, абураліся, адно ў аднаго і ў мяне пыталіся, чаму. Як спецыяліст у гэтай галіне, паспрабую адказаць і спасылацца буду на канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі, якія, дарэчы, асвятляліся ў тых жа сродках масавай інфармацыі.


Такім чынам, прыклад першы. Выпуск тэлевізійных навін, паведамленне пра нечаканы разгул стыхіі. А далей — сюжэт: у лесе, на прасецы, на абарваных правадах лініі электраперадачы (ЛЭП) ляжыць дрэва, якое іх і абарвала.  Гледачы бачаць гэтую непрывабную карціну, чуюць словы рэпарцёра пра тое, што вось,  маўляў, якія бываюць вятры: валяць дрэвы… І  з-за гэтага зараз дзеці не змогуць рабіць урокі, іх бацькі — глядзець тэлевізар і слухаць радыё, у людзей у халадзільніках будуць псавацца прадукты…

Аднак скончыцца рэпартаж досыць аптымістычна. Гледачам скажуць, што на месца аварыі адразу ж прыбылі рамонтнікі, што яны закасалі рукавы і будуць працаваць, можна сказаць, не разгінаючыся — аж пакуль не ліквідуюць наступствы і не адновяць электразабеспячэнне.

Усё як быццам праўдзіва і правільна? Так. Але тут неабходна адно тлумачэнне. Для пракладкі ЛЭП праз лес спецыяльна робіцца прасека. Для чаго? Для таго, каб дрэвы пры іх падзенні не даставалі да правадоў. Адпаведна работнікі прадпрыемства электрасетак (ПЭС) павінны перыядычна абыходзіць гэтыя прасекі, выяўляць небяспечныя ўчасткі, рабіць неабходныя прачысткі, бо дрэвы ў тым ліку могуць расці і непасрэдна пад правадамі.

Тут, праўда, варта заўважыць, што расці яны растуць, але ж  вырастаюць не за дзень, не за месяц... А значыць, на прасецы, якую паказалі па тэлебачанні, спецыялісты… нічога не рабілі як мінімум некалькі гадоў. На гэта, дарэчы, звяртаў увагу нават Прэзідэнт: пытаў, а чаму гэта небяспечныя для правадоў дрэвы не былі ў час спілаваныя?..

Яшчэ адзін прыклад: неяк у Мядзельскім раёне нашай жа Мінскай вобласці вецер паваліў 40 апор ЛЭП, і тэлебачанне людзям зноў распавяло пра капрызы надвор'я, пра максімальна кароткія тэрміны ліквідацыі наступстваў стыхіі.

Усё так і зноў жа — не зусім, бо для будаўніцтва ЛЭП распрацоўваецца адмысловы  праект, дзе спецыялістамі ўлічваецца ўсё: сіла і так званая ружа вятроў, гранічныя нізкія і высокія тэмпературы той мясцовасці, снегапады, грунт і інш .; выбіраюцца апоры, правады, спосабы іх устаноўкі і ўмацавання…

У выніку гэтай вялікай работы апоры ЛЭП, будаўніцтва якіх выканана належным чынам — адпаведна праекту! — падаць не павінны.

Аднак яны чамусьці падаюць.

Між тым работнікі РЭУ Мінэнерга і раённых прадпрыемстваў электрасувязі павінны неадступна кантраляваць і якасць праекта (у тым ліку правесці яго экспертызу), і працу будаўнікоў, на мэце ў якіх часта бывае адно — як мага хутчэй скончыць работу на гэтым аб’екце, атрымаць грошы і паехаць на іншы.

Сачыць за будаўніцтвам, апроч заказчыка, павінна і праектная арганізацыя (так званы аўтарскі нагляд), бо ад гэтага напрамую залежыць яе аўтарытэт.

…Але ж трэба прызнаць, што прычынай парушэнняў электразабеспячэння з’яўляюцца не толькі так званыя  разгулы стыхіі. Бываюць іншыя прычыны: удары маланкі, дарожна-транспартныя здарэнні…

У такіх выпадках найчасцей узнікае пытанне, дзе ж (канкрэтна) знаходзіцца месца пашкоджання. Здараецца, пра гэта паведамляюць жыхары, калі заўважылі нешта незвычайнае. Але ж куды часцей траціцца час на пошукі...

А між тым гэтая праблема вырашана, прычым досыць даўно. У інжынерным цэнтры Беларусэнерганаладка яшчэ ў 1960-я гады і, дарэчы, па маім вынаходстве («Звязда» пісала пра яго 23.01.1972 г.) была распрацавана і выпускалася спецыяльная прылада для вызначэння месцаў шматфазных кароткіх замыканняў, запатэнтаваная і адзначаная медалём на ВДНГ. Адносна нескладаная, недарагая, простая ў выкарыстанні, яна прайшла праверку часам. Але ж пры гэтым узнікае пытанне: а ці на ўсіх нашых падстанцыях з паветранымі ЛЭП 6-10 кВ выкарыстоўваюцца такія або аналагічныя прылады? Мае спробы высветліць гэта плёну не далі.

Тады з’яўляецца іншае пытанне: як жа зрабіць, каб людзі не сядзелі без святла, каб час ад часу то тут, то там не парушалася электразабеспячэнне дзясяткаў, сотняў сельскіх паселішчаў? Адзін са спосабаў  — у тых самых сродках масавай інфармацыі называць канкрэтныя прозвішчы і пасады вінаватых, прыцягваць іх да адміністрацыйнай адказнасці. Другі — жыхарам пацярпелых паселішчаў звяртацца ў суды па кампенсацыю як матэрыяльнай, так і маральнай шкоды. Бо беспакаранасць, як вядома, да дабра не даводзіць.

Яўген Кавальчук, ветэран энергетыкі, вынаходнік,

в. Карачуны , Дзяржынскі раён

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.