Вы тут

Як фармiравалася выстава «Дом урада — гiсторыя, дакументы, людзi»?


Дапытлiвасць, цiкаўнасць бiблiятэкараў, iх самаадданасць сваёй працы — гэтыя «тры кiты» стаяць у аснове выставы артэфактаў «Дом урада — гiсторыя, дакументы, людзi», прадстаўленай у Прэзiдэнцкай бiблiятэцы. Гiсторыя гэтай выставы ў многiм незвычайная. Доўгi час экспанаты ляжалi ў слоi ўцяпляльнiка на гарышчы Дома ўрада i пра iх нiхто нават i не здагадваўся. Цiкава, што многа гадоў таму назад большасць з артэфактаў наўрад цi можна было аднесцi да асаблiва каштоўных. Але прайшлi гады, дзесяцiгоддзi — i нават справаздача аб налiчэннi заработнай платы работнiкам торфанарыхтоўчага прадпрыемства ўяўляецца цiкавай...


Ва­ле­рый Герасімаў з задавальненнем паказвае экспазіцыю.

З чаго ўсё пачалося?

Для бiблiятэкара пэўную каштоўнасць мае лiтаральна любы дакумент. У гэтым упэўнены Сяргей КВАЧАН, дырэктар Прэзiдэнцкай бiблiятэкi нашай краiны. Часам пэўныя падзеi ў нейкi час адбываюцца нiбыта паралельна. Але здараецца, што па волi лёсу яны перасякаюцца. Менавiта так атрымалася, калi Прэзiдэнцкая бiблiятэка атрымала незвычайную калекцыю дакументаў з жыцця Дома ўрада. Дырэктар Прэзiдэнцкай бiблiятэкi расказаў карэспандэнту «Звязды» пра гiсторыю незвычайных знаходак, якая, сапраўды, заключаецца ў «сустрэчы» двух паралельных працэсаў.

— У мiнулым годзе пачаўся планавы рамонт гарышча Дома ўрада, — пачаў свой аповед Сяргей Iванавiч. — Дзейнасць нашай бiблiятэкi нiяк не звязана з будаўнiчымi работамi, i сам пачатак будоўлi для нас прайшоў цалкам незаўважна. Але так атрымалася, што бiблiятэку наведала камiсiя Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях. Пасля працэдуры праверкi я запрасiў камiсiю ў свой кабiнет: мяне, як кiраўнiка, вельмi цiкавiлi вынiкi — хацелася, каб члены камiсii далi нейкiя рэкамендацыi, якiмi б мы маглi кiравацца i надалей. Падчас размовы адзiн з афiцэраў пажарнай службы згадаў пра тое, што яны, iнспектары пажарнай бяспекi, паднiмалiся на гарышча Дома ўрада i знайшлi там фрагменты нямецкiх газет.

Сяргея Квачана гэта, безумоўна, зацiкавiла. Бо была згадка пра дакументы, якiя традыцыйна займаюць адно з прыярытэтных месцаў у працы бiблiятэкараў.

— Для бiблiятэкара каштоўнасць мае кожны дакумент, — адзначае суразмоўца. — Не важна, гэта цэлая брашура, кнiга або ўсяго толькi асобная старонка, якую некалi хтосьцi згубiў. Вывучаць кожны дакумент бiблiятэкар можа з самых розных бакоў. Па-першае, яму цiкавы змест гэтай старонкi, па-другое, хто i калi гэта надрукаваў, напiсаў, колькасць копiй дадзенага дакумента, лёс аўтара або ўласнiка дакумента...

Скарбы пад нагамi

Дырэктар Прэзiдэнцкай бiблiятэкi разам з двума супрацоўнiкамi аддзела рэдкай i старадрукаванай кнiгi вырашылi наведаць гарышча Дома ўрада.

— Мы ехалi ў лiфце i ўяўлялi сабе захламленыя памяшканнi, — узгадвае Сяргей Iванавiч, — са старымi сталамi, крэсламi, газетамi, звязанымi ў стосы...

Адчынiлi дзверы на гарышча i — убачылi цалкам пустыя памяшканнi, дзе пра хлам i размовы нават iсцi не магло.

— Першае, што мы ўбачылi на гарышчы Дома ўрада за металiчнымi дзвярыма, былi драўляныя бэлькi: вялiкiя, тоўстыя, з трывалага дрэва, змацаваныя металiчнымi скобамi, — працягвае дырэктар Прэзiдэнцкай бiблiятэкi. — Другое — адмысловыя свяцiльнi, якiя выкарыстоўваюцца i ў бiблiятэчных сховiшчах i цалкам гарантуюць пажарную бяспеку. Трэцяе — i самае галоўнае для нас, бо менавiта там знаходзiлiся ўсе дакументы, — падлога. Яна была выслана слоем уцяпляльнiка — недзе на 20—30 сантыметраў. Гэта было вельмi сыпучае рэчыва цёмна-карычневага колеру. Калi рабочыя падчас рамонту пачалi яго прыбiраць, каб замянiць на больш сучасны матэрыял, ва ўцяпляльнiку i былi знойдзены дакументы даваеннай пары. Вiдаць, з цягам часу пакiнутыя некiм на гарышчы паперы апускалiся ў пясок, так i атрымалася, што падстрэшша выглядала пустым. Мы дамовiлiся з рабочымi, што калi яны будуць знаходзiць дакументы або iх фрагменты, то няхай пра гэта паведамляюць непасрэдна нам. З гэтага перыяду пачалася дастаткова плённая, цiкавая работа па вышуку ўсiх згубленых дакументаў на гарышчы Дома ўрада.

Фашысты карысталіся ўсімі еўрапейскімі дабротамі, але мы ўсё роўна перамаглі.

Усё звычайна. Калi б не даты

Разглядаем з дырэктарам Прэзiдэнцкай бiблiятэкi знойдзеныя дакументы. Як правiла, яны носяць характар справаздач, бухгалтарскiх каштарысаў... Усё, здавалася б, звычайна, калi б не даты на iх: сярэдзiна 20-х, 30-я, вельмi шмат дакументаў з 1941 года.

— Гэтыя дакументы знойдзены ў вельмi непрыглядным выглядзе, — звяртае ўвагу Сяргей Iванавiч. — Яны былi брудныя, скамечаныя... Спатрэбiлася вялiкая грунтоўная праца нашых бiблiятэкараў па сiстэматызацыi знойдзеных фрагментаў, па групоўцы iх у нейкiя выданнi — калi гэта атрымлiвалася; таксама неабходна было iх адрэстаўраваць — для таго, каб паперы займелi чытальны выгляд.

Дакументы наведвальнiкам выставы дазваляецца ўзяць у рукi, пагартаць, пачытаць... З гэтых папер таксама можна шмат цiкавага даведацца пра тыя савецкiя часы — асаблiва пра перадваенны перыяд.

Крынiцы энергii заўсёды «ў трэндзе»

— Цiкава, што i тады, i зараз актуальным было пытанне палiўнага забеспячэння краiны, — адзначае Сяргей Квачан. — У краiне ў нас няма залежаў каменнага вугалю, але ёсць торф. Па знойдзеных дакументах можна прасачыць, наколькi актуальным было гэта пытанне шмат гадоў таму.

Так, са старых, зжаўцелых аркушаў можна даведацца, якую зарплату атрымлiвалi рабочыя на торфараспрацоўках.

— Гэтыя дакументы цiкавыя з пункту гледжання таго, якiм было матэрыяльнае становiшча работнiкаў, што працавалi на торфараспрацоўках у той перыяд, — каментуе дырэктар Прэзiдэнцкай бiблiятэкi.

Сярод iншага можна патрымаць у руках, пачытаць «Лiсток супрацоўнiка Камiсарыята Дзяржаўнага кантролю Беларускай ССР». Гэта орган, якi зараз мае назву Камiтэт Дзяржаўнага кантролю.

— Паглядзiце: гэта чалавек — беспартыйны, але ступень даверу да яго была такой высокай, што ён працаваў служачым такой сур'ёзнай установы, — кажа Сяргей Квачан.

Яшчэ адзiн дакумент Камiсарыята Дзяржаўнага кантролю БССР ад 14 лютага 1940 года тычыцца будаўнiцтва школы ў мястэчку Камень Лепельскага раёна. Гэта вынiкi праведзенай iнспекцыi. Так, камiсiя выявiла шэраг сур'ёзных парушэнняў — у тым лiку незаконны продаж будаўнiчых матэрыялаў.

Раней на пач­ках цы­га­рэт друкавалі нават рэкламныя слоганы.

«Строга сакрэтна»

— Звярнiце ўвагу, якi цiкавы артэфакт, — паказвае мне суразмоўца карычневы папяровы канверт. — Надпiс «Нарком СССР. Строга сакрэтна».

На многiх дакументах указаны iмёны канкрэтных людзей — супрацоўнiкаў той цi iншай установы. Адразу становiцца цiкава: як склаўся iх далейшы лёс? Цi перажылi яны вайну? Падобныя дакументы былi б важныя для нашчадкаў, што будуюць сваё генеалагiчнае дрэва.

Цiкавае можна знайсцi i нечакана. Вось, напрыклад, зжаўцелая тонкая паперка — пропуск цi студэнцкi бiлет, незразумела. На ёй можна яшчэ расчытаць слова «пасведчанне». А таксама тое, што яно «выдана дзеля жыхарства ў м. Менску» ў 1925 годзе нейкаму студэнту, чыё прозвiшча, на жаль, не захавалася. Дзiўна, як гэта папера аказалася ў будынку, якi толькi пачалi будаваць у канцы 1920-х? Магчыма, яе ўладальнiк уладкаваўся рабочым на будоўлю...

Ёсць цiкавыя дакументы па самiм сваiм выглядзе — савецкiя справаздачы, якiя пiсалiся на нямецкiх бланках, — не хапала паперы, таму выкарыстоўвалi лiтаральна ўсё, што было пад рукамi.

Лiсты праз гады

На гарышчы знайшлося i мноства лiстоў. Два з iх асаблiва цiкавыя. Лiст савецкай дзяўчыны да свайго каханага, якi ў 1944 годзе служыў ва ўжо вызваленым Мiнску, i лiст нямецкай тэлеграфiсткi, якая ў 1942 годзе працавала на сёмым паверсе Дома ўрада акупаванага фашыстамi горада.

— Лiст на нямецкай мове надрукаваны на машынцы, — паказвае ўжо пажаўцелы ад часу аркуш Святлана ПАЎЛАВIЦКАЯ, галоўны бiблiятэкар аддзела старадрука i рэдкiх выданняў Прэзiдэнцкай бiблiятэкi. — Яго пiша дзяўчына Ханна да сваiх бацькоў i распавядае пра сябе. Ханна расказвае, што праца ў яе даволi складаная i цяжкая: яна перадае тэлеграмы, а гэта патрабуе дакладнасцi, хуткасцi. Далей яна паведамляе, што вечарамi ходзiць у кiно, плануе пайсцi ў тэатр. Таксама яна клапоцiцца пра сваю бабулю, таму што ў той павiнен быць на днях дзень нараджэння, i яна просiць, каб перадалi ёй вiншаванне. Адчуванне суму мы знаходзiм i ў лiсце савецкай дзяўчыны. Яна хвалюецца пра здароўе свайго каханага, з напiсанага зразумела, што адрасат быў паранены, знаходзiўся дзесьцi ў шпiталi i павiнен быў адбыць на фронт. Хваляванне за лёс блiзкага чалавека праходзiць праз увесь лiст... Аўтары лiстоў — прадстаўнiкi розных нацый, але аднаго пакалення. Што iх аб'ядноўвае — дык гэта тэма адмаўлення вайны.

Гэтым альпінісцкім поясам будаўнікі Дома ўрада ка­рыс­та­лi­ся больш чым 85 га­доў та­му.

Пачкi ад цыгарэт — як экспанат

Акрамя дакументаў, ёсць i iншыя артэфакты. Многiя знойдзеныя рэчы належаць яшчэ часу будаўнiцтва Дома ўрада. Цвiкi, нажоўка, масцяркi, спецыяльны пояс для будаўнiчага альпiнiзму — усiм гэтым карысталiся рабочыя больш чым 85 гадоў таму.

— У архiвах мы знайшлi такую лiчбу: Дом урада будавалi 25 тысяч рабочых з усёй Беларусi, — расказвае Валерый ГЕРАСIМАЎ, загадчык аддзела старадрука i рэдкiх выданняў Прэзiдэнцкай бiблiятэкi. — Працавалi адмыслова сфармiраваныя брыгады муляраў з Гомеля, Вiцебска — з 1929-га па 1933 i нават 1934 гады. I зрабiлi ўсё «на выдатна»! Будынак перажыў вайну.

Будаўнiкi — самыя звычайныя людзi. Вiдаць, яны i ўявiць сабе не маглi тады, у пачатку 30-х, што iх рабочыя iнструменты стануць экспанатамi выставы. Юлiя СЯРМЯЖКА, загадчык аддзела бiблiятэчнага маркетынгу Прэзiдэнцкай бiблiятэкi, звярнула ўвагу, што на адным з пачкаў цыгарэт было напiсана: «На культурна-сацыялiстычныя патрэбы працоўных у 1933 годзе выдзелена 11 616 мiльёнаў рублёў». Увогуле, рознага кшталту рэкламныя слоганы, звесткi ў савецкiя часы нярэдка друкавалi менавiта на пачках цыгарэт.

«Нiвея» 70-гадовай даўнiны

Асобная экспазiцыя прысвечана жыццю Дома ўрада ў гады Вялiкай Айчыннай вайны падчас акупацыi. У перыяд адкрытага супрацьстаяння з Савецкiм Саюзам Германiя задзейнiчала рэсурсы ўсёй акупаванай Еўропы. I па тых рэчах, што прадстаўлены на экспазiцыi, ты ўяўляеш: так было на самай справе. У тыя гады ўся Еўропа была супраць нас. Але мы ўсё роўна перамаглi.

У нямецкiх салдат, чые вайсковыя часцi базiравалiся ў Доме ўрада, былi з сабой розныя прысмакi: шакалад, цукеркi. Можна паглядзець на бляшанкi ад кансерваў, якiя везлi сюды салдаты. Ёсць сардзiны, акрамя ўласна нямецкiх, партугальскiя, французскiя, галандскiя. На гарышчы знайшлi каля 30 вiдаў толькi адных кансервавых бляшанак.

— Ёсць шмат прадметаў побыту нямецкiх салдат, — паказвае Валерый Герасiмаў. — Яны былi добра экiпiраванымi. Розныя прысыпкi, крэмы, лязо, каб галiцца... Прычым вядомых i сёння фiрмаў. «Нiвея», «Лакалют», кубiкi «Магi» — усё гэта было ўжо тады! Канешне, тыя прамыслоўцы, рабочыя, якiя выраблялi ўсе гэтыя рэчы, не вiнаваты ў вайне. Можа, яны былi i супраць яе. Але тады сталi часткай вялiзнага эканамiчнага патэнцыялу фашысцкай Германii.

У той час у Доме ўрада размяшчалiся другасныя штабы вайсковых часцей. Немцы не маглi тут пасадзiць сваю цэнтральную адмiнiстрацыю, таму што будынак гэты ўзвышаўся над усiм горадам. Яго савецкая авiяцыя адразу разбамбiла б.

Калi немцы адступалi ў 1944 годзе, яны замiнiравалi гэты будынак. Але падарваць, на шчасце, не паспелi.


Прэзiдэнцкая бiблiятэка — агульнадаступная, i запiсацца ў яе можа любы жадаючы. Выстава «Дом урада — гiсторыя, дакументы, людзi» будзе адкрыта да канца месяца, таму ёсць яшчэ магчымасць яе паглядзець.

Надзея ЮШКЕВIЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Каштоўны любы артэфакт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.