Вы тут

У Беларусі і Турцыі шмат агульных інтарэсаў у пашырэнні супрацоўніцтва


Першы афіцыйны візіт у Беларусь Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана быў вельмі насычаны знакавымі для ўзаемаадносін дзвюх краін мерапрыемствамі і падкрэсліваў сур'ёзнасць намераў гэтыя ўзаемадносіны ўмацаваць і пашырыць. У складзе турэцкай дэлегацыі ў Мінск прыехалі амаль 200 прадстаўнікоў і кіраўнікоў буйнейшых кампаній гэтай краіны для ўдзелу ў беларуска-турэцкім бізнес-форуме, на які зарэгістравалася каля 300 беларускіх кампаній. «Гэта, відаць, самы буйны форум па колькасці кампаній у гісторыі незалежнай Беларусі», — адзначыў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка, вітаючы свайго турэцкага калегу.


Аб перспектывах пашырэння супрацоўніцтва, аб узаемнай зацікаўленасці ў гэтым лідары дзвюх краін гаварылі ўчора і падчас перагавораў у вузкім складзе, якія адбыліся пасля цырымоніі сустрэчы высокага госця ў палацы Незалежнасці, і падчас перамоў у пашыраным складзе, што прайшлі ўжо ўвечары.

Турцыя ў свой час была першай дзяржавай у свеце, якая прызнала незалежную Беларусь. Адносіны згоды і даверу захоўваюцца паміж краінамі і сёння. «У нас практычна няма палітычных рознагалоссяў. У нас адзіны погляд на міжнародны парадак дня. Вельмі добрыя адносіны па дыпламатычных каналах, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Так, гандлёва-эканамічныя адносіны ў нас крыху адстаюць ад нашых асабістых, міждзяржаўных адносін. Але нават у гэтай частцы таксама дынаміка дадатная і існуе добры прагрэс».

З гэтым пагадзіўся і Рэджэп Таіп Эрдаган, выказаўшы ўпэўненасць, што Турцыі і Беларусі за кароткі тэрмін удасца павысіць планку тавараабароту да $1 млрд. Пры гэтым ён звярнуў увагу на той факт, што ў цяперашні час турэцкія інвестыцыі ў Беларусь складаюць вельмі вялікую суму. А з улікам цяперашняга візіту турэцкай дэлегацыі на высокім узроўні дадзеныя паказчыкі павінны істотна ўзрасці.

Тэма інвестыцый і кааперацыі была галоўнай і падчас перагавораў кіраўнікоў дзвюх дзяржаў у пашыраным складзе.

«Думаю, ужо пара сыходзіць ад чыстага гандлю таварамі, перастройвацца на новую, кааперацыйную форму ўзаемадзеяння, якая з'яўляецца найважнейшым механізмам выжывання ў сучасных умовах. У Беларусі і Турцыі ёсць неабходныя для гэтага эканамічны патэнцыял і інструменты», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва прамысловых прадпрыемстваў дзвюх краін у галіне аўтамабіле- і трактарабудавання, вытворчасці аўтакампанентаў. «Неабходна спрыяць стварэнню на тэрыторыі нашых дзяржаў сумесных вытворчасцей складанай тэхнічнай прадукцыі, у тым ліку ў мэтах яе прасоўвання на рынкі трэціх краін», — лічыць беларускі лідар.

Важным, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, з'яўляецца развіццё супрацоўніцтва ў адукацыйнай і навуковай сферах. Ён запрасіў турэцкіх студэнтаў атрымліваць якасную адукацыю па самых высокіх еўрапейскіх стандартах у Беларусі. Беларускі бок таксама бачыць патэнцыял для развіцця сувязяў з турэцкімі тэхналагічнымі паркамі і цэнтрамі трансферу тэхналогій.

Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, інтарэсам абедзвюх краін адпавядае далейшае развіццё ўзаемавыгадных і збалансаваных інвестыцыйных і крэдытна-фінансавых адносін. У Беларусі ўжо маецца шэраг прыкладаў паспяховай дзейнасці турэцкіх інвестараў у сферы будаўніцтва, тэлекамунікацый, лёгкай прамысловасці, вытворчасці будматэрыялаў. «Аднак можна смела сказаць, што на гэтым напрамку ў нас захоўваецца значны незадзейнічаны патэнцыял», — адзначыў беларускі лідар.

Падчас работы бе­ла­рус­ка-ту­рэц­кага біз­нес-фо­руму.

Прэзідэнт Беларусі прапанаваў падумаць пра перспектывы актывізацыі беларуска-турэцкага супрацоўніцтва і ў банкаўскай сферы.

«Турцыя з'яўляецца для нас прыярытэтным партнёрам. Мы вельмі высока цэнім нашу дружбу і нацэлены на прадуктыўнае ўзаемадзеянне па ўсіх напрамках. Хачу запэўніць, што мы будзем надзейным сябрам і вашай апорай тут — у цэнтры Еўропы. Можна сказаць, у эканамічным цэнтры Еўразіі. Калі вам гэта цікава, скарыстайцеся гэтым, і давайце развіваць нашы адносіны настолькі, наколькі мы здольныя гэта зрабіць. А мы можам шмат чаго», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу Рэджэп Таіп Эрдаган падкрэсліў, што ён задаволены вынікамі візіту ў Мінск і лічыць эфектыўнымі дасягнутыя дамоўленасці. З самага першага моманту знаходжання на беларускай зямлі турэцкая дэлегацыя адчувала гасціннасць прымаючага боку.

«Турцыя — тая краіна, якая ўклала вялікая колькасць капіталу ў Беларусь і гатовая ў далейшым стымуляваць прыход турэцкіх бізнесменаў на беларускі рынак, пашыраць інвестыцыйныя кантакты», — адзначыў Рэджэп Таіп Эрдаган. Турэцкі бок зацікаўлены ў тым, каб стымуляваць інвестыцыйнае ўзаемадзеянне, якое дзякуючы падтрымцы на вышэйшым узроўні павінна развівацца яшчэ больш паскоранымі тэмпамі.

Па выніках афіцыйных перамоў у Мінску Прэзідэнты Беларусі і Турцыі падпісалі сумеснае камюніке, у якім выказаліся за пашырэнне і паглыбленне двухбаковых сувязяў па шэрагу прыярытэтных напрамкаў. Таксама бакамі быў падпісаны пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў розных сферах.

Учора кіраўнікі дзвюх дзяржаў таксама прынялі ўдзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Саборнай мячэці ў Мінску. З самага пачатку работы па ўзвядзенні культавага будынка фінансаваліся Лігай ісламскага свету. Завяршыліся яны за кошт турэцкага боку ў адпаведнасці з заключаным у 2015 годзе дагаворам паміж Упраўленнем па справах рэлігіі Турцыі і генпадрадчыкам турэцкай кампаніяй «Айсспрынт».

На цырымоніі адкрыцця Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адкрыццё Саборнай мячэці ў сталіцы Беларусі — гэта, безумоўна, знакавая падзея як для мусульманскай абшчыны краіны, так і для ўсіх грамадзян рэспублікі. «Беларусь — краіна з міралюбным характарам. Мы цэнім мір і спакой, таму будуем храмы для ўсіх канфесій. Мы прытрымліваемся аднаго лозунга: любы грамадзянін нашай краіны мае права знайсці сваю дарогу да свайго храма, і ніхто не мае права і не павінен яго прымушаць рабіць інакш», — сказаў Прэзідэнт, выказаўшы ўпэўненасць, што новы храм «стане для мусульман Беларусі і ўсяго беларускага народа важным духоўным цэнтрам, крыніцай асветы і распаўсюджвання гуманістычных ідэй і сапраўдных мэт ісламу».

Учора Прэзідэнты дзвюх краін таксама прынялі ўдзел у адкрыцці беларуска-турэцкага бізнес-форуму. На ім працуюць каля 500 беларускіх і турэцкіх бізнесменаў, якія прадстаўляюць розныя сферы народнай гаспадаркі дзвюх краін. У час форуму праходзіць выстава навукова-тэхнічных дасягненняў Беларусі, на якой прадстаўлена каля 150 інавацыйных распрацовак.

Паводле БЕЛТА

Загаловак у газеце: Добры прагрэс, рэальныя перспектывы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».