Вы тут

Як за чвэрць стагоддзя ў краіне прыжылася самая амерыканская гульня


Першая каманда па амерыканскім футболе ў Беларусі з'явілася на самым старце 90-х, а ў гэтым годзе «Мінскія Зубры» ўжо святкуюць сваё 25-годдзе. За гэты час клуб станавіўся пераможцам чэмпіянату СНД і неаднаразовым прызёрам адкрытага чэмпіянату Украіны. Менавіта беларуская каманда, на думку многіх спецыялістаў, заслужыла права называцца адной з найлепшых дружын Усходняй Еўропы. У свой маленькі юбілей «Зубры» здзейснілі даўнія мары — нарэшце сталі ўладальнікамі залатых медалёў Украінскага чэмпіянату і выйгралі зусім новы турнір — Балтыйскую лігу.


Перад пачаткам сезона кіраўнікі «Мінскіх Зуброў» вырашылі правесці невялікія рэформы, як унутры клуба, так і ў падрыхтоўцы саміх футбалістаў. За аснову быў узяты ўзор развіцця найлепшых клубаў Еўропы. Як бачым, гэта дало наглядны вынік — перамога ў чэмпіянаце Украіны, дзе беларусы не маглі падняцца на першую прыступку п'едэстала цэлых 7 гадоў.

— Заўсёды спыняліся за крок, увесь час чагосьці нам не хапала, — расказвае адзін з гульцоў лініі атакі Алег Стэфановіч. — У гэтым годзе ўдалося роўна прайсці ўсю дыстанцыю рэгулярнага чэмпіянату (у ім удзельнічала 20 каманд), а ў серыі плэй-оф перамаглі адну з наймацнейшых украінскіх дружын «Кіеўскіх бандытаў». Перамога ў гэтым чэмпіянаце была нашай даўняй марай і задачай, і нарэшце мы яе адолелі. На самай справе ва Украіне нават быў невялікі скандал з гэтай нагоды, маўляў, чаму нацыянальны кубак з'язджае ў іншую краіну.

У клубе адзначаюць, што адным з галоўных фактараў поспеху стала запрашэнне легіянераў. У гэтым годзе ў Мінск прыехалі сапраўдныя родапачынальнікі гэтага віду спорту — амерыканцы. У камандзе з'явіліся 3 новыя гульцы, якія дзейнічалі на ключавых пазіцыях.

Гэта квотэрбэк Джымі Расел, лайнбэкер Майкл Фол, прынімаючы і адначасова гулец задняй лініі Трой Райс.

— Гэта дастаткова кваліфікаваныя і вядомыя футбалісты ў Еўропе. Яны ўжо даўно гуляюць на нашым кантыненце і маюць вельмі добры рэйтынг, — падкрэслівае Алег.

Джымі Расел да пераходу ў «Зубры» стаў чэмпіёнам Францыі, Трой Райс быў чэмпіёнам Венгрыі, Украіны, дамогся добрых поспехаў у Фінляндыі. Райс кажа, што каманда, дзе ён гуляе, абавязкова становіцца чэмпіёнам.

Немалаважна, што ўсе легіянеры былі сур'ёзна ўцягнутыя і ў трэніровачны працэс, што дапамагло па ходу сезона перабудаваць усю гульню каманды. Трэнеры таксама адзначылі, што беларускія гульцы побач з прафесіяналамі такога ўзроўню нашмат хутчэй прагрэсуюць і самі.

* * *

Акрамя адкрытага чэмпіянату Украіны, «Мінскія Зубры» сёлета прынялі ўдзел у Балтыйскай лізе амерыканскага футбола. Гэты турнір закліканы аб'яднаць еўрапейскія клубы і даць добрую гульнявую практыку. Цяпер да лігі праяўляюць вялікую цікавасць прадстаўнікі гэтага віду спорту ў Скандынавіі, Польшчы, Вялікабрытаніі. Сёлета ў турніры прымалі ўдзел латышы, фіны, палякі і беларусы.

— У Балтыйскай лізе мы абыгралі топ-клуб з Польшчы «KOZLY» і фінскую каманду «EAGLES», якая знаходзіцца на добрым рахунку ў Фінляндыі, а фінскі чэмпіянат, дарэчы, па праве лічыцца адным з наймацнейшых у Еўропе. У Балтыйскай лізе ніхто не чакаў ад нас такога спрыту, а мы ўзялі і выйгралі яе, — кажа каардынатар беларускай атакі.

* * *

Пра тое што развіццё амерыканскага футбола ў Беларусі набірае абароты, галоўным чынам гаворыць колькасць клубаў, якая за апошнія гады прыкметна ўзрасла. Сёння ў нас 6 каманд у розных абласцях краіны.

Цяпер, пакуль гульцы ў законным адпачынку, кіраўніцтва клубаў ужо будуе планы на наступны сезон. Практычна са стопрацэнтнай упэўненасцю можна казаць, што ў 2017 годзе ў краіне ўпершыню будзе праведзены нацыянальны чэмпіянат па амерыканскім футболе. На гэтым і плануюць сканцэнтраваць сваю ўвагу «Мінскія Зубры».

— Калі ў чэмпіянат Беларусі заявяцца ўсе клубы, то, несумненна, там будзе добрая канкурэнцыя, — дзеліцца чаканнямі Алег Стэфановіч. — У Мінску, акрамя нас, ёсць яшчэ адна вельмі моцная каманда — «Літвіны», якія ў гэтым годзе прэтэндавалі на выхад у фінал чэмпіянату Расіі. Калі ў фінальным матчы нашага першынства сыдуцца «Зубры» і «Літвіны», то гэта будзе суперматч. Мы не сустракаліся ўжо тры гады і, улічваючы нашы дастаткова складаныя адносіны, — мы ўсё ж такі канкуруем за права называцца найлепшым клубам Беларусі — гэты чэмпіянат пакажа, хто варты такога звання.

* * *

За 25 гадоў «Мінскія Зубры» абзавяліся дастатковай колькасцю балельшчыкаў, нягледзячы на тое, што амерыканскі від спорта с цяжкасцю прыжываецца ў Беларусі, цікавасць гледачоў ужо сфарміравалася.

— Сёння да нас на гульні прыходзяць людзі, можа быць, яшчэ не ў той колькасці, як хацелася б, але дакладна магу сказаць, што збіраць трыбуны на ўзроўні 1-й лігі нашага чэмпіянату краіны па класічным футболе мы можам. Прытым што няма ні рэкламы, ні анонсаў, выключна «сарафаннае» радыё.

Сёння паспрабаваць сябе ў амерыканскім футболе можа кожны ахвотны, дастаткова зазірнуць на трэніроўку да «Зуброў». Там вам выдадуць экіпіроўку і навучаць асновам гульні. Калі чалавек мае добрую фізічную падрыхтоўку і хутка прагрэсуе, дастаткова месяца, каб трапіць у асноўную каманду.

— Амерыканцы ў гэтым плане малайцы, яны прыдумалі спорт, які не патрабуе асаблівых фізічных даных. Бо ў амерыканскім футболе шмат гульнявых пазіцый, дзе знайсці сябе зможа любы чалавек. Вядома, лепш, калі прыходзяць людзі хоць бы мінімальна знаёмыя са спортам, але галоўнае быць здаровым і мець жаданне, тады ўсё атрымаецца і гэты спорт вас дакладна зацягне, — запэўнівае Алег.

Узрост таксама не мае значэння, але раней за 16 гадоў прыходзіць не варта, пакуль на базе клуба няма дзіцячай школы, але ўжо ёсць фарм-клуб — «Лосі».

* * *

Нягледзячы на ўсе дасягненні, «Мінскія Зубры» ўсё ж такі яшчэ аматарская каманда, спартсмены там не атрымліваюць зарплату, таму іх асноўная прафесійная дзейнасць даволі розная — ёсць будаўнікі, праграмісты, архітэктары, кіроўцы, менеджары і студэнты. Гэта значыць, у футбол гуляюць усе.

З боку здаецца, што амерыканскі футбол — адзін з самых траўманебяспечных гульнявых відаў спорту, аднак спецыялісты адзначаюць, што менавіта ў звычайным класічным футболе больш за ўсё пашкоджанняў.

— Тут праблема ў іншым, у нашых гульцоў павінна быць добрая пастаянная гатоўнасць да нагрузак, таму што яны ў нас спецыфічныя, калі чалавек не гатовы, то, вядома, лёгка атрымаць траўму. Для людзей, якія прафесійна адносяцца да справы, гэта не больш траўманебяспечны від спорту, чым астатнія, — кажа футбаліст з дзесяцігадовым стажам.

Яшчэ калі вам здаецца, што амерыканскі футбол — гэта хаатычны рух людзей па полі, то вы памыляецеся. Гэта досыць разумная гульня, у кожнага футбаліста свая пазіцыя і кожны дакладна ведае свой маршрут. У амерыканскім футболе існуюць тысячы камбінацый, якую менавіта гуляць, вырашае трэнерскі штаб.

— Галоўным чынам на полі ў нас ідзе барацьба за тэрыторыю. Розыгрыш праходзіць вельмі хутка — літаральна 5—7 секунд, за гэты час трэба паспрабаваць прайсці максімальную адлегласць. Тут у сілу ўступае трэнерскае майстэрства: разумная расстаноўка гульцоў, падманныя прыёмы, — тлумачыць Алег.

Амерыканскі футбол уваходзіць у Кнігу рэкордаў Гінеса, як від спорту з самым шырокім зборам правілаў. Але, калі вы ніколі не былі на матчах, не палохайцеся, што будзеце выглядаць там «белай варонай», на стадыёне заўсёды ёсць каментатар, які тлумачыць асновы гэтых правілаў.

— Праз палову сустрэчы нашы новыя гледачы ўжо выразна разумеюць, што адбываецца на полі, а прыйшоўшы на матч у наступны раз, чалавек ужо зможа лічыць сябе практычна экспертам.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Асаблівасці ненацыянальнага футбола

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».