Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка расказаў у інтэрв'ю нашаму карэспандэнту пра новы парламент.
— Уладзімір Паўлавіч, на сёлетніх парламенцкіх выбарах сваё прадстаўніцтва ў Палаце прадстаўнікоў атрымалі некалькі партый, у тым ліку апазіцыйнага іміджу. На вашу думку, як гэта адаб'ецца на рабоце палаты?
— Прадстаўнікі партый былі і ў ранейшых скліканнях. Ніякай надзвычайшчыны тут няма. Я ўпэўнены, парламент працаздольны. Істотна абноўленаму дэпутацкаму складу давядзецца папрацаваць вельмі інтэнсіўна, каб забяспечыць законамі задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Усе дэпутаты — людзі прафесіянальныя і, думаю, гэта разумеюць.
— Новае месца работы адкрывае чалавеку нейкія новыя магчымасці. Якія яны ва ўладальнікаў дэпутацкіх мандатаў, выбраных у Палату прадстаўнікоў упершыню?
— Гэта шанц папрацаваць на ўсю сілу свайго патэнцыялу ў інтарэсах краіны і грамадства. Вось такая магчымасць. Яна ёсць ва ўсіх дэпутатаў.
— Ёсць, але ж партыі трактуюць інтарэсы краіны і грамадства па-рознаму.
— Заканадаўчы і прадстаўнічы орган дзяржавы працуе не ў партыйных ці карпаратыўных, а ў нашых нацыянальных, народных, дзяржаўных інтарэсах і ў канстытуцыйным рэчышчы. Адсюль і адпаведная заканадаўчая палітыка.
— Што вы лічыце найбольш важным для парламента?
— Найбольш важным? Яго кансалідуючую пазіцыю, здольнасць знаходзіць адэкватныя і аптымальныя заканадаўчыя адказы на сучасныя выклікі і грамадскія патрэбы. Будзем імкнуцца працаваць менавіта ў гэтым ключы. Нямала пытанняў эканомікі і грамадскага жыцця вымагаюць сур'ёзнай парламенцкай увагі і глыбокай аналітыкі.
— Чаго, на вашу думку, не павінна быць у парламенце?
— Мітынговага гвалту.
— А як жа дыскусіі?
— Дыскусіі не маюць да яго ніякага дачынення. Яны неад'емнасць заканатворчай работы. Але абавязкова павінны прыносіць канкрэтны станоўчы вынік, выводзіць на аптымальныя рашэнні.
— У Авальнай зале ў мінулым дэпутацкім скліканні дыскусійнага напалу пры абмеркаванні законапраектаў не заўважалася. Чаму?
— Таму што яшчэ да прыняцця законапраекта ў першым чытанні ўсе найбольш важныя моманты і прынцыповыя пазіцыі ўзгадняюцца ў пастаянных камісіях і на пасяджэннях рабочых груп. Адпрацавана сістэма ўзаемадзеяння з нашымі заканатворчымі партнёрамі. Гэта правільна. Чым больш дэталёва і карпатліва ўзгоднены закон яшчэ на папярэднім этапе абмеркавання, тым прасцей і лягчэй ідзе яго разгляд і галасаванне па ім у Авальнай зале.
— Напэўна, няпроста ўваходзіць у заканатворчую работу дэпутату, які раней не займаўся ёю?
— Вядома, новаабраным дэпутатам патрэбен пэўны час для адаптацыі. Але новы парламент пачынае не з чыстага ліста. Многія напрацоўкі папярэдніх скліканняў не страчваюць сваёй значнасці. Да таго ж захавана пераемнасць дэпутацкага складу. Навічкі могуць звярнуцца да калег за парадай, пракансультавацца, параіцца. У профільных камісіях за кожным законапраектам замацаваны дэпутат і спецыяліст нашага сакратарыята. Яны адказваюць за падрыхтоўку дакумента на ўсіх этапах заканатворчай лесвіцы. У найбліжэйшы час мяркуем правесці для дэпутатаў семінар аб заканатворчым працэсе ў Рэспубліцы Беларусь. Мы маем арганізацыйны, прававы, экспертны, тэхнічны і інфармацыйна-аналітычны базіс, які дазваляе арганічна ўвайсці ў заканатворчасць і ў рытм парламенцкага жыцця.
— Над якімі рэзананснымі законапраектамі цяпер працуюць у пастаянных камісіях?
— Сярод заканадаўчых ініцыятыў эканамічнай накіраванасці — гэта праект новага закона аб інвестыцыйных фондах, змяненні і дапаўненні ў некаторыя законы па пытаннях дзяржаўна-прыватнага партнёрства і ў закон аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг). У блоку законапраектаў сацыяльнага характару назаву карэкціроўку заканадаўства аб пенсійным забеспячэнні і дзяржаўным сацыяльным страхаванні, аб працоўных адносінах, закона аб якасці і бяспецы харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека, а таксама закона аб дзяржаўнай дапамозе сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Уносяцца таксама змяненні і дапаўненні ў некаторыя законы аб піццявым водазабеспячэнні. Ідзе дапрацоўка і ўзгадненне гэтых і іншых дакументаў ва ўстаноўленым парадку.
— Кім ён устаноўлены?
— Заканадаўствам і Рэгламентам Палаты прадстаўнікоў — нашымі ўнутранымі правіламі. Ніякай «адсябяціны» ў заканатворчай рабоце, у тым ліку ў працэдурных пытаннях, няма. Гэта робіць заканадаўчы працэс арганізаваным і зладжаным, працуе на якасць законаў.
— Як вы лічыце, што такое якасны закон?
— Гэта своечасовасць, прагназуемасць і станоўчы вынік рэалізацыі. Я так бы вызначыў ключавыя складнікі. А перадумова ўсяго гэтага — аб'ектыўная, глыбокая ацэнка таго, што адбываецца ў рэгулюемай сферы, і перспектыў прымянення новых прававых мер. Пастаянны маніторынг сітуацыі на месцах. Скажу вам, няпростая, працяглая праца. Да таго ж заўсёды апераджальная. У заканадаўстве ўвасабляецца тое, што адпавядае сацыяльна-эканамічным і іншым задачам краіны і грамадскім запытам.
— На ваш погляд, які цяпер галоўны запыт грамадства да парламента?
— Выбары ў Палату прадстаўнікоў паказалі, што такім запытам з'яўляецца захаванне грамадска-палітычнай стабільнасці, эканамічнае ўмацаванне краіны і яе бяспека. Мы будзем яго рэалізоўваць у парламенцкіх справах.
— Якім вам бачыцца асноўны вектар дзейнасці новага парламента ў міжнародным супрацоўніцтве?
— Гэта прасоўванне нацыянальных інтарэсаў Беларусі ва ўсіх фарматах нашага міжнароднага і міжпарламенцкага дыялогу і ўзаемадзеяння. У апошнія гады, дзякуючы ініцыятывам і палітычнай волі Прэзідэнта, узмацняюцца пазіцыі Рэспублікі Беларусь у свеце. Разам з гэтым пазітыўным працэсам умацоўваецца роля Нацыянальнага сходу на міжнароднай арэне. Папярэднім скліканнем парламента ўстаноўлены міжнародныя сувязі шырокага геаграфічнага дыяпазону, у тым ліку на еўрапейскім, азіяцкім, амерыканскім і афрыканскім кантынентах. Мы будзем пашыраць іх і рухаць наперад. Найперш — у напрамку развіцця супрацоўніцтва з іншымі краінамі ў гандлёва-эканамічнай галіне, нарошчвання дагаворна-прававой базы, неабходнай для сталых і ўзаемавыгадных міждзяржаўных і міжпарламенцкіх адносін.
І яшчэ адно хацеў бы акцэнтаваць. Як пацвярджае вопыт Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза, прамы дыялог паміж заканадаўцамі дапамагае хутчэй прымаць пагадненні па важных пытаннях. Гэта пасведчыла і ўмацаванне шырокафарматных сувязей з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі. Больш частымі, прадметнымі і ўзаемазацікаўленымі становяцца нашы кантакты з парламентарыямі Еўрасаюза і еўрапейскімі парламенцкімі структурамі. Яны маглі пераканацца, што беларускі парламент імкнецца да раўнапраўнага, прагматычнага ўзаемадзеяння. Мы ўпэўнены — праз развіццё дыялогу на аснове ўзаемапавагі, узаемаразумення і цвярозага розуму рух наперад магчымы. Як ужо паведамлялася, у ліпені 2017 года ў Мінску адбудзецца сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Цяпер ідзе падрыхтоўка да гэтага вялікага форуму. Так што мы маем апорныя канструкцыі для далейшага развіцця парламенцкай дыпламатыі — складніка знешняй палітыкі Беларусі — палітыкі міралюбства, аб'яднання намаганняў міжнароднай супольнасці ў супрацьдзеянні агульным выклікам і пагрозам і ў пераадоленні існуючых у міжнародных адносінах праблемных пытанняў і бар'ераў, якая знаходзіць усё большую падтрымку ў свеце.
— Новаабраныя дэпутаты звычайна кажуць, што ім аказаны крэдыт даверу і яны пастараюцца яго апраўдаць. Думаю, гэта не проста дзяжурная фраза з нагоды. Такая настроенасць у іх, несумненна, ёсць. Але крэдыт, як вядома, патрэбна вяртаць своечасова і да таго ж з працэнтамі. Як вы мяркуеце, якіх «працэнтаў» чакаюць выбаршчыкі ад свайго дэпутата?
— Вырашэння канкрэтных праблем, важных для іх і для развіцця рэгіёна. Асабліва пытанняў сацыяльнай значнасці. Таму арыентуем дэпутатаў на гэта.
— Уладзімір Паўлавіч, у Палаце прадстаўнікоў праходзіць першая сесія. Дэпутаты аператыўна, на хвалі прыўзнятага настрою, выбралі кіраўніцтва, сфарміравалі рабочыя органы, правялі першыя паездкі ў свае выбарчыя акругі. Пачаліся насычаныя справамі парламенцкія будні. Цікава, якім вы хацелі б бачыць цяперашні парламент праз чатыры гады, на фінішы яго паўнамоцтваў?
— Парламентам высокай эфектыўнасці. Думаю, гэтая мэта вартая таго, каб яе спраўдзіць.
Аляксандр ФІЛІМОНАЎ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.