Вы тут

Што азначае скрыгатанне зубамі па начах?


«Падкажыце, калі ласка, што азначае скрыгатанне зубамі па начах? Ці можна гэтага пазбавіцца?

Крысціна, г. Мінск»


Тлумачыць урач-стаматолаг-артапед 9-й стаматалагічнай паліклінікі г. Мінска Святлана ТУР:

— Скрыгатанне зубамі па начах або пастаяннае сцісканне зубоў днём называецца бруксізмам. І ён небяскрыўдны: шкодзіць і зубам, якія сціраюцца, і ніжнесківічным суставам, і мышцам, і псіхіцы. Узнікае ў выніку скарачэння або спазму мышцаў. Можа назірацца пры паталогіі прыкусу і сківічна-скроневых суставаў, дрэнна падабраных пратэзах, алергіі, у дзяцей — як вынік родавай унутрычарапной траўмы або інтаксікацыі гельмінтамі.

Даследаванні замежных вучоных паказваюць, што на рызыку развіцця бруксізму не ўплываюць ні пол, ні ўзрост. А вось нязменным спадарожнікам з'яўляецца моцны стрэс на працягу дня.

Пры дзённым бруксізме пацыенту раяць самакантроль падчас эмацыянальнага напружання. Лячэнне гэтага стану застаецца сур'ёзнай праблемай, бо залежыць ад часу развіцця, прычын, характару захворвання. Бруксізм у немаўлят, як правіла, наогул праходзіць гадоў у 6-7. Дарослым жа з такой праблемай трэба рэкамендаваць кансультацыю стаматолага, які павінен разабрацца з усімі стаматалагічнымі праблемамі або дэфектамі прыкусу, а па-другое, вырабіць спецыяльную начную капу ад бруксізму. Такая капа будзе абараняць зубы ад сцірання, папярэджваць пераломы артапедычных канструкцый, прафілактаваць змяшчэнне зубоў, змяншаць нагрузку на мышцы і суставы. Вырабляецца канструкцыя строга індывідуальна па адбітку зубоў. У момант прыступу яна будзе прымаць ціск на сябе і абараняць эмаль.

Аднак неабходна яшчэ і папрацаваць над сабой. Вучыцеся мінімізаваць і пазбягаць стрэсаў. Расслабляйцеся перад сном, асвойвайце аўтатрэнінг. Паспрабуйце як-небудзь пракантраляваць прыступы: расслабце жавальныя мышцы, як толькі адчуеце, што яны пачынаюць напружвацца. Калі ёсць парушэнні прыкусу або пашкоджанне зубной эмалі, звярніцеся да артапеда або артадонта.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Адкуль гэтае скрыгатанне?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?