Вы тут

У Мінску ў сферы бытавога абслугоўвання больш за ўсё цырульняў і СТА


Усяго ў сталіцы зарэгістравана каля 6 тысяч суб'ектаў гаспадарання, якія аказваюць розныя тыпы паслуг. 98% з іх — індывідуальныя прадпрымальнікі і прыватныя фірмы. Пра тэндэнцыі развіцця гэтай галіны, а таксама пра асаблівасці функцыянавання гасцінічнай справы расказаў начальнік упраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Мінгарвыканкама Юрый НАТЫЧКА.


Больш за ўсё аб'ектаў бытавога абслугоўвання ў самых густанаселеных раёнах — Фрунзенскім і Маскоўскім. Аднак і ўся астатняя тэрыторыя горада цалкам забяспечана неабходнымі сэрвісамі. За 9 месяцаў бягучага года насельніцтву было аказана паслуг на 300 мільёнаў рублёў. Юрый Натычка адзначыў, што зараз ідзе працэс лібералізацыі бізнесу. У пачатку гэтага года былі цалкам адменены сертыфікацыя і ліцэнзаванне любога тыпу паслуг. Паслабленне ўмоў спрыяе таму, што многія прадпрымальнікі-нелегалы, якія аказваюць паслугі дома, выходзяць з ценю. Больш стала і афіцыйна зарэгістраваных «гаражных» СТА.

Сярод навінак на рынку паслуг — барбершопы. Выключна мужчынскія цырульні, якія па атмасферы нагадваюць закрытыя клубы, дзе даглядаюць не толькі за прычоскай, але таксама за вусамі і барадой. Улетку гэтага года ў тур па краіне адправіўся Dandy Bus — аўтобус-цырульня, дзе шчасліўчыкі маглі падстрыгчыся бясплатна. Адна з галоўных мэт праекта — папулярызацыя прафесіі, а таксама абмен вопытам сталічных майстроў з калегамі з рэгіёнаў. У сферы рамонту аўтамабіляў з'явіўся сайт-агрэгатар, які істотна палягчае працэс выбару СТА. Аўтаўладальнік пакідае заяўку аб сваёй праблеме, і на яе адгукаюцца майстэрні, якія могуць яму дапамагчы.

Штогод праводзіцца конкурс «Аб'ект года» на вызначэнне лепшых у бытавым абслугоўванні. Гэта галіна, якая актыўна ідзе насустрач свайму кліенту: пастаянна праводзяцца розныя акцыі і зніжкі, асаблівая ўвага — ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Прыемныя бонусы прадугледжаны і да Новага года. Плануецца, што ў канцы снежня аб'екты будуць працаваць да 9 гадзін вечара.

Як паведаміў Юрый Натычка, на гэты момант у сталіцы дзейнічае 48 гасцініц і гасцінічных комплексаў і 5 хостэлаў агульнай колькасцю на 5600 нумароў, або 10 200 месцаў. Загрузка складае каля 40%, што на 5% больш, чым летась. Спрыяе прыцягненню гасцей зніжэнне тарыфаў: калі ў мінулым годзе сярэдняя цана за нумар была 48,3 долара, то ў бягучым — 41 долар. Аднак пры жаданні з камфортам можна размясціцца і за 20 долараў. Жывуць у гасцініцах пераважна замежнікі, сярод якіх больш за палову — прыезджыя з Расіі.

Начальнік упраўлення падкрэсліў, што Мінск цалкам гатовы прыняць Еўрапейскія гульні 2019 года. Да чэмпіянату свету па хакеі больш за 90% дзеючых гасцініц прайшлі рэканструкцыю, акрамя таго, на карце сталіцы з'явіліся новыя буйныя комплексы. Сёлета ўжо былі адкрыты 2 гасцініцы больш чым на 600 месцаў, на канец снежня намечаны запуск гатэля на праспекце Пераможцаў.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: З добрымі прычоскамі і на аўтамабілях

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.