Вы тут

Да рэчаіснасці праз гульню


Стаўленне да камп'ютарных гульняў у большасці людзей пераважна скептычнае. Маўляў, дзіцячая забава гэтыя вашы стралялкі-бегалкі, сур'ёзнаму чалавеку такое нецікава. Некаторыя шчыра ўпэўнены ў шкодзе падобнага хобі. Нярэдка кажуць і пра сувязь камп'ютарных забаў з рознымі інцыдэнтамі і нават трагедыямі. Плюсоў жа ў геймерства быццам бы і няма. Але гэта толькі на першы погляд. Прывяду некалькі прыкладаў з уласнага жыцця.


Тыповае восеньскае надвор'е на выхад з дому не натхняла, таму вырашыў «расчахліць» гульнявую кансоль і пагуляць у «Ведзьмака» — адну з самых папулярных у свеце камп'ютарных гульняў у жанры RPG, распрацаваную паводле раманаў Анджэя Сапкоўскага. У выніку поўнасцю «выпаў» з жыцця на некалькі дзён. І справа не столькі ў самім гульнявым працэсе (хоць, безумоўна, вандраваць па выдуманым маляўнічым свеце і змагацца з монстрамі і антаганістамі цікава), колькі ў кантэксце.

Па сюжэце галоўнага героя, ведзьмака Геральта заносіць на Скеліге — архіпелаг, у многім спісаны з рэальнай Скандынавіі. Падчас гульні на гэтай лакацыі гучыць вельмі прыгожая музыка. Адна мелодыя захапіла мяне настолькі, што я вырашыў пашукаць пра яе больш падрабязную інфармацыю. Аказалася, што кампазіцыя, якая так мне спадабалася, не проста прыдумка распрацоўшчыкаў, а пераробленая песня на мове шатландскіх гэлаў канца XVІІІ стагоддзя. У тэксце апісваецца гісторыя маладой дзяўчыны, каханы якой адправіўся ў плаванне і не вяртаецца. Яна стаіць на самым высокім пагорку на востраве, углядаецца ў далячынь і спявае сваю песню.

Аказалася, што практычна ўся гульня, нягледзячы на сваю «фэнтэзійнасць», амаль цалкам пабудавана на рэальным фальклоры народаў Усходняй і Паўночнай Еўропы. Мяне зацікавіла, а ці ёсць у ёй нешта беларускае? Пачаў прыслухоўвацца да адной з мелодый і пачуў родную мову, няхай і з заўважным акцэнтам! Адзін з самых вядомых саўндтрэкаў гульні, які гучыць падчас боек, — беларуская народная песня «Бегла старожа» (яе некалі выконваў Леанід Барткевіч).

Гэта я ўсё да чаго вяду? Добрая камп'ютарная гульня — сапраўдны пазнавальны «кактэйль», які можа аб'ядноўваць самыя розныя сферы: ад гісторыі фальклору да мастацтва і навукі. Выкарыстоўваць гульні для навучання — адзін з найлепшых спосабаў прывабіць увагу хоць дашкольніка, хоць дарослага чалавека.

Не верыце? Пэўны час я захапляўся гульнямі серыі Sіlent Hunter — сімулятарам падводных лодак часоў Другой сусветнай вайны. Акрамя непасрэднага вывучэння тагачаснай тэхнікі, праходжанне сюжэта дало адказ на пытанне: чаму фашысцкая Германія прайграла так званую «Бітву за Атлантыку». Ды і ўвогуле пазнаёміла з гісторыяй развіцця навукі і тэхналогій у ваенны час. А, напрыклад, у шведскай стратэгіі Hearts of Іron можна ўзначаліць любую еўрапейскую дзяржаву напярэдадні вайны і змяніць ход гісторыі, кіруючы яе эканомікай, унутранай і знешняй палітыкай. Гульня максімальна дакладна (галоўнае, відовішчна) паказвае ўмовы, у якіх знаходзіліся краіны-ўдзельніцы канфлікту, дэманструе рэальнае ўзбраенне і абапіраецца на ключавыя гістарычныя падзеі — ніводны падручнік не захапляе так моцна.

Маладыя навукоўцы і даследчыкі з усяго свету, якія «выраслі на камп'ютарах», змяняюць свет — пры дапамозе краўдфандынгавых платформ, накшталт Kіckstarter, з'явіліся дзясяткі прарыўных распрацовак. Таму не трэба скардзіцца на гульні — разумны чалавек возьме з іх толькі лепшае. Нездарма некалькі гадоў таму ў адной са школ Стакгольма ўвялі заняткі па... гульні ў Mіnecraft.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».