Вы тут

Як дапамагаюць асобам без пэўнага месца жыхарства


Па ініцыятыве Мінгарвыканкама пры падтрымцы ГУУС і сталічных устаноў аховы здароўя ў халодную пару года традыцыйна праводзіцца акцыя «Сацыяльны патруль». Сярод асноўных задач — не толькі захаваць жыццё бяздомных, але і матываваць іх на змену ўмоў існавання. Летась у рамках акцыі было зарэгістравана больш за 1600 зваротаў па дапамогу, аднак вырвацца са звыклага асяроддзя атрымліваецца толькі ў нешматлікіх насельнікаў вуліц.


Дом начнога знаходжання людзей,  якія «выпалі» з соцыуму.

Як расказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына ДУДКА, арганізаваны мабільныя рабочыя групы, якія будуць аб'язджаць вядомыя месцы масавага збору бяздомных. У выпадку неабходнасці ім будзе аказана медыцынская дапамога з магчымасцю шпіталізацыі. Жадаючыя могуць спыніцца ў Доме начнога знаходжання, аднак, каб захаваць за сабой права пражывання, неабходна выконваць строгія ўмовы. Напрыклад, ніякага алкаголю. Дарэчы, у большасці выпадкаў менавіта ён становіцца прычынай сацыяльнага падзення. Акрамя таго, прадугледжана работа з псіхолагамі, наладжванне роднасных сувязяў і галоўнае — пошук працы. Зараз у Доме начнога знаходжання занята толькі 48 месцаў з 92. Большасць лічыць за лепшае атрымліваць разавую дапамогу ў выглядзе гарачай ежы і цёплага адзення і не змяняць свой лад жыцця. Так, за 9 месяцаў гэтага года ўдалося працаўладкаваць толькі 11 чалавек, 9 — былі змешчаныя ў дом-інтэрнат, 5-ці выдзелілі ўласнае жыллё, а 25-ці аднавілі дакументы, дзякуючы чаму некаторыя з іх пачалі атрымліваць пенсіі па ўзросце або інваліднасці.

У гігіенічных мэтах у Доме начнога знаходжання кожны дзень мяняюць пасцельную бялізну. Штомесячнае ўтрыманне бяздомнага, без уліку ежы, абыходзіцца ў 432 рублі.

Вялікую дапамогу аказваюць грамадскія, у прыватнасці БРСМ, і рэлігійныя арганізацыі, валанцёры. Так, летась агульнымі сіламі было сабрана 480 кілаграмаў адзення. Адзіная ўмова, каб яно было чыстае і цэлае, найбольш запатрабаваныя цёплыя курткі і паліто, абутак. Пад кіраўніцтвам Свята-Елісавецінскага манастыра ў вёсцы Лысая Гара дзейнічае падворак, які выконвае функцыі сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі. На яго тэрыторыі ёсць дрэваапрацоўчая вытворчасць, ферма і нават прытулак для бяздомных жывёл. Калі не задавальняюць іншыя варыянты, з Дома начнога знаходжання можна трапіць наўпрост сюды. Цяпер тут жыве каля 170 чалавек.

Ірына Дудка адзначыла, што часам у рабоце з гэтай катэгорыяй грамадзян даводзіцца звяртацца да нетрадыцыйных метадаў, напрыклад, сваякоў бяздомных шукаюць нават праз праграму «Чакай мяне». Так, быў выпадак, калі жанчына ў эфіры сустрэлася са сваёй сям'ёй, а праз некалькі месяцаў збянтэжаныя дзеці пачалі тэлефанаваць сацыяльным работнікам з просьбай за любыя грошы змясціць яе ў інтэрнат, бо адаптавацца да нармальнага жыцця яна ўжо была не ў стане. Дарэчы, жанчыны складаюць каля 25% ад агульнай колькасці людзей без пэўнага месца жыхарства. Сярэдні ж партрэт — гэта мужчына каля 45 гадоў, прычым у досыць вялікай колькасці з іх на самай справе ёсць дзе жыць.

Па словах начальніка аддзела першаснай медыка-санітарнай дапамогі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Людмілы ЛУГАВЕЦ, для таго, каб мець магчымасць застацца ў Доме начнога знаходжання, бяздомны ў абавязковым парадку павінен прайсці медыцынскі агляд у тэрапеўта, санапрацоўку і рэнтгена-флюараграфічнае даследаванне. Сухоты — даволі распаўсюджанае захворванне ў гэтым асяроддзі. Калі яно знаходзіцца ў актыўнай стадыі, шпіталізацыя праходзіць у абавязковым парадку. Аднак сухоты — не адзіны паказчык для правядзення лячэння, гэта можа быць любое хранічнае захворванне, якіх, як правіла, у чалавека без даху над галавой нямала. У дзённы час агляд такіх пацыентаў праходзіць у 9-й гарадской паліклініцы. Людміла Лугавец падкрэсліла, што для ўрача ўсе пацыенты роўныя, таму ніякага падзелу па сацыяльным статусе ў дачыненні да іх няма.

Намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Віталь Сцяпура паведаміў, што сітуацыю з асобамі без пэўнага месца жыхарства ўдалося стабілізаваць, іх колькасць ідзе на зніжэнне. Калі ў пачатку 2000-х бяздомныя асаджалі пад'езды і гарышчы, то зараз, дзякуючы ўстаноўцы дамафоннай сістэмы і відэаназірання, грамадскі парадак у дамах не парушаюць. Толькі кожны 10-ы ад агульнага ліку знаходзіцца ў вышуку за правапарушэнні або па зваротах сваякоў. У мінулым сезоне падчас патрулявання была аказана дапамога тром сотням чалавек.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Без кала і двара, але з сацыяльнай падтрымкай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?