Вы тут

Чаму расіяне нам па-добраму зайздросцяць?


Напачатку прэс-канферэнцыі кіраўнік нашай дзяржавы прапанаваў фармат дыялогу. У выніку атрымалася цалкам адкрытая, даверлівая размова. Прадстаўнікі самых розных сродкаў масавай інфармацыі задавалі пытанні, выказвалі ўласныя думкі пра Беларусь, пра беларуска-расійскія адносіны, пра супрацоўніцтва рэгіёнаў. Цікава, што многія расійскія журналісты ў Беларусі — упершыню. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася ў калег пра іх уражанні ад нашай краіны, пра тое, якім яны бачаць далейшае беларуска-расійскае супрацоўніцтва.


Таццяна ЕЎДАКІМАВА, газета «Чехов сегодня» (Маскоўская вобласць):

— Беларусь не «савок». Хіба што ў самым добрым сэнсе! Нават у часы сацыялізму ў Расіі такога не было!

Уразіла беларуская сістэма аховы здароўя. Менавіта сістэма дзяржаўнага забеспячэння, аказання медыцынскай дапамогі, асабліва дзецям, — цалкам асаблівая. Тут якраз і захавалася тое лепшае, што было ў СССР. Акрамя таго, з'явілася шмат новага. У Расіі таксама ўсё гэта ёсць, але ў нас медыцынскія паслугі каштуюць столькі, што сярэднестатыстычнаму жыхару не па кішэні. А страхавая медыцына пакрывае далёка не ўсе аспекты. Магу сказаць, што праз сваё выданне я буду шукаць спонсараў, каб лячыць расійскіх дзетак у беларускіх медыцынскіх цэнтрах.

Яшчэ адзін «пазітыўны шок» — гэта беларуская сельская гаспадарка. У СМІ я працую вельмі даўно. Я шмат разоў была на савецкіх фермах, ведаю, што такое сельская гаспадарка. Нядрэнны ўзровень там захоўваўся і ў савецкай Расіі, але цяпер, на жаль, не засталося амаль нічога — прынамсі, у Падмаскоўі. Беларуская ж вёска мне вельмі спадабалася. Я паглядзела, як у вас усё робяць. Малочная вытворчасць вышэй за ўсялякія пахвалы — пачынаючы ад стэрыльнасці і заканчваючы натуральнасцю. Я вам, беларусам, па-добраму зайздрошчу. Вы жывяце ў добрай краіне.


Венера ЯКУПАВА, галоўны рэдактар газеты «Казанские ведомости»:

— У мяне цудоўныя ўражанні ад гутаркі з Прэзідэнтам Беларусі, ад усёй прэс-канферэнцыі, ад краіны. Аляксандр Рыгоравіч — чалавек, які з вялікай павагай ставіцца да журналістаў, вельмі любіць сваю Радзіму. Адказвае ён не павярхоўна, глыбока ведае самыя розныя пытанні. Паколькі я сама прадстаўніца газеты, мне было прыемна пачуць, што для Аляксандра Рыгоравіча газета, кніга — увогуле, друкаванае слова — гэта святое.

У падарунак Прэзідэнту Беларусі я прывезла сваю новую кнігу, якая называецца «Путеводитель до Берлина». У ёй выкладзены гісторыі чытачоў газеты «Казанские ведомости» пра тое, якія франтавыя, ваенныя рэліквіі яны захоўваюць дома ў памяць пра сваіх родных. Сярод гэтых гісторый ёсць і гісторыя майго дзядзькі. Зусім нядаўна высветлілася, што ён загінуў у 18 гадоў, вызваляючы ў 1944 годзе Беларусь. Ён пахаваны ў Віцебскай вобласці ў вёсцы Пясчаная. Звалі яго Анвар Якупаў... Я вельмі хачу, каб ваш Прэзідэнт пазнаёміўся з гэтай кнігай, і мне вельмі прыемна, што яна будзе знаходзіцца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы.


Андрэй АНТОНАЎ, газета «Новый Петербург»:

— Для сябе я ўсвядоміў тое, што Беларусь працягвае крочыць наперад. Уводзяцца ў эксплуатацыю новыя аб'екты грамадзянскай інфраструктуры. Мы бачылі лядовы спартыўны палац, былі ў школе ў Магілёве, у гарадской клінічнай дзіцячай бальніцы. Я ўжо не ўпершыню ўдзельнічаю ў падобных прэс-турах. Заўважыў, што калі раней большая ўвага надавалася эканоміцы, развіццю сельскай гаспадаркі, то зараз на аснове ўжо закладзенага эканамічнага фундамента ствараюцца тыя аб'екты сацыяльнай інфраструктуры, якія забяспечваюць нармальнае, больш паўнацэннае жыццё краіны. Гэта добра. Тыя ж самыя спартыўныя збудаванні, Палацы культуры, дзе займаецца шмат дзяцей... Тое, што дзяржава ўкладвае ў моладзь, дапаможа ў будучыні.

Увогуле супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі — стратэгічная задача і для Расіі, і для Беларусі. Яно павінна ўмацоўвацца. Павінна ўмацоўвацца і развівацца наша Саюзная дзяржава, пераходзіць у больш моцныя, паўнацэнныя дзяржаўныя формы. Патрэбны больш эфектыўныя органы кіравання, якія, магчыма, у большай ступені аказвалі б станоўчы ўплыў як на жыццё ў Расіі, так і на жыццё ў Беларусі.


Аляксандр ЯГОРАЎ, газета «Советская Чувашия» (Чабаксары):

— Хацелася б пераняць беларускую шчырасць, любоў да сваёй зямлі, павагу да сваіх людзей. Беларусь — небагатая краіна, якая, тым не менш, умее выкарыстоўваць усе рэсурсы для таго, каб выжыць у гэтым няпростым свеце. Гэта вельмі вялікі плюс, які ўсяляе павагу.


Павел СІДАРУК, журналіст, старшыня Савета Грамадскага руху «Сябры» (Кабардзіна-Балкарыя):

— Мне даўно хацелася ўбачыць Магілёўшчыну, бо, хоць і сам беларус, там пабываць не даводзілася. Склаліся вельмі добрыя ўражанні, асабліва ў тым, што тычыцца сельскай гаспадаркі, прамысловага комплексу. Мы пабывалі на «Белшыне», на «Магілеўліфтмашы». У цэлым жа ў Беларусі мне імпануе дысцыпліна, парадак, прадуманасць усіх рашэнняў і дзеянняў.


Соф'я ПЕШНЯ, інфармацыйнае агенцтва «Иркутск-Медиа»:

— Мне здаецца, што я ў Беларусі ўжо месяц знаходжуся! У нас была вельмі насычаная праграма. Наведалі шмат цікавых вытворчых прадпрыемстваў. Я ўпершыню ў прэс-туры, упершыню ў Беларусі — і мне ўсё падабаецца. У вас столькі прадпрыемстваў, якія, здаецца, забяспечваюць усю Беларусь. Дагэтуль я ніколі не бывала на заводах, і ад наведвання беларускіх — пад уражаннем. На маю думку, у вашай краіне вельмі развітая эканоміка.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».