Вы тут

Аўтар, выдавец, чытач


З узаемаадносін у межах гэтай трыяды складваюцца і радасць ад працы, і прыкметы крыўды на недахоп увагі, і натхненне, і сама радасць жыцця, калі хоць і не напоўніцу, але ж адчуваеш, што твая пісьменніцкая праца запатрабавана. Неабходна ўлічваць і галоўнае: мінуў той час, калі адносная слава ахутвала імя пачаткоўца адразу пасля першай кніжкі паэзіі ці прозы. Цяпер шлях да вядомасці, папулярнасці, да ўключэння асобных твораў таго ці іншага пісьменніка ў школьныя праграмы па літаратуры, у праграмы для студэнтаў доўгі — не на адзін год і нават не на пяць.


Таленавіта напісаны, арыгінальны, самабытны твор не застанецца без увагі чытачоў і крытыкаў. У Саюз пісьменнікаў Беларусі за дзесяць гадоў ад дня яго ўтварэння прыйшло досыць шмат таленавітай моладзі, якая смела і цікава працуе ў розных жанрах. Прыемна, што моладзь зразумела: без самаўдасканалення, без штодзённай напружанай працы яркія творы не нараджаюцца. У маладых творцаў — свой чытач. Яны, маладыя, амбіцыйныя, часта не арыентуюцца на традыцыі беларускай рэалістычнай літаратуры. У гэтым і плюсы, і мінусы. Без моцнай, выразнай духоўнай асновы, без праўды жыцця, якой паверыць чытач, на маю думку, будзе цяжка стварыць нешта цікавае і ў той жа час эмацыянальнае.

Здзівіць чытача любымі сродкамі — гэта шлях да штучнасці і фантазіі, якая танцуе вакол фанабэрыі. Кожны пісьменнік сам па сабе асоба, якая не толькі ўвабрала ў сябе ўласны жыццёвы досвед, але і адчувае прыналежнасць да лёсу краіны.

Як я часта нагадваю, лепш за беларуса пра беларуса ніхто не напіша, як і пра рускага ніхто не скажа лепш за рускага. Дзякаваць богу, на прыстойным узроўні ў нас трымаюцца ўсе жанры. Ёсць выбар і сярод намінантаў на Нацыянальную літаратурную прэмію. Хіба ж гэта не сапраўдная падзея, што ў намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» сёлета было аж 11 прэтэндэнтаў! А ў паэзіі… хіба ж не заслугоўваюць самых высокіх прэмій беларускамоўныя і рускамоўныя паэты Казімір Камейша, Аляксандр Каляда, Змітрок Марозаў, Андрэй Скарынкін, Фёдар Гурыновіч, Анатоль Аўруцін?! Шкада, што ў нас у рэспубліцы замала прэмій у галіне літаратуры. Калі не памыляюся, у Расіі іх каля сотні. Хораша, што ў нас ёсць абласныя літаратурныя прэміі, і кепска, што шырокая грамадскасць не ведае іх лаўрэатаў. Не надаюць ім увагі і айчынныя газеты ды часопісы.

І ўсё ж, нягледзячы на недахоп увагі, пісьменнікі шукаюць новыя тэмы, актыўна ідуць на сустрэчы да чытачоў у бібліятэкі і музеі, да вайскоўцаў і студэнтаў. Гэта адзін са шляхоў да папулярызацыі сваёй творчасці. А каб ісці, трэба мець уласную кнігу — не пашкодзіць. І вось тут паўстае яшчэ адна праблема, калі не галоўная: напісаў таленавіта, і сам так мяркуеш, а кніга не выдаецца. Не ўсе (адсюль і крыўды!) разумеюць сённяшнюю сістэму кнігадрукавання. Саюз пісьменнікаў Беларусі не мае ўласнага выдавецтва, а толькі рэкамендуе выдавецтвам, часам настойліва, рукапісы таго ці іншага пісьменніка. Шлях нялёгкі, па сабе ведаю, бо 30 гадоў чакаў перавыдання рамана «Крык на хутары» і 25 — перавыдання раманаў «Вочы і сон» ды «Без ангелаў».

Некаторыя пісьменнікі, якія навучыліся ўлічваць дыктат капіталістычнага рынку, самі пры дапамозе мясцовых улад арганізуюць збор тыражоў альбо выкупляюць частку тыражу, і гэта таксама дапамога выдавецтву. Дзяржава дае на выданне кнігі каля 40 — 50 працэнтаў сродкаў, астатнія шукае выдавецтва. А некаторыя лічаць, што на выданне вылучаецца цалкам 100 працэнтаў…

Нам дапамагаюць прыватныя выдавецтвы «Харвест», «Чатыры чвэрці», якім удзячны амаль паўтары сотні нашых паэтаў, празаікаў, драматургаў. «Харвест», дадамо, не ўсе тыражы рэалізуе, аднак ідзе нам насустрач. Добра, што некаторыя кіраўнікі абласных аддзяленняў СПБ знаходзяць сродкі, каб друкаваць кнігі сваіх аўтараў. Гэта цудоўна.

Цяжка ўявіць пісьменніка без кнігі. У нашым саюзе больш як 600 чалавек. Вядома, творы кожнага не могуць быць уключаны ў школьныя праграмы. Лагічна. Школьныя праграмы патрабуюць такіх твораў, якія нясуць і мастацкую, і выхаваўчую функцыі. Аднак школы раёнаў, гарадоў, вёсак, аграгарадкоў павінны хоць часткова вывучаць, ведаць творчасць сваіх землякоў. Больш-менш хутка рэалізуецца дзіцячая літаратура. Кнігі ж для дарослых чытачоў даволі дарагія. Не кожны такую набудзе…

Хто ж наш чытач? У асноўным — школьнікі і людзі сталага ўзросту, якія яшчэ любяць чытаць па-беларуску. Багата хто карыстаецца інтэрнэтам. Нашы кнігі там, канечне, прадстаўлены, але не ў шырокім фармаце.

Нам не хапае (каб большала чытачоў) яркіх прэзентацый, як гэта ёсць у нашых паэтаў-песеннікаў Івана Юркіна, Таццяны Атрошанка, Кастуся Цыбульскага, Івана Цітаўца, не хапае сустрэч са студэнтамі, не хапае і экранізацый твораў нашых пісьменнікаў. Да кнігі, прызнаём гэта, не цягнуцца людзі, як раней, і не толькі ў нашай краіне. Чытач пераборлівы. Ён надта самастойны. Яму не загадаеш чытаць таго ці іншага пісьменніка. Часам хлуслівая рэклама робіць сваю справу, і чытач замест знаёмства з духоўнай, высокамастацкай кнігай, прычым не толькі сучаснага пісьменніка, а нават класіка, аддае вольны час пустэчы, якая нічога не прыносіць душы і сэрцу. Я не супраць літаратуры займальнай, сюжэтнай, дэтэктыўнай, «для забавы», як кажуць, аднак крыўдна, калі пры знаёмстве з аўдыторыяй ніхто не ведае імёнаў сучасных пісьменнікаў не толькі нашай краіны…

Рухаюцца наперад і бібліятэкі. Большасць з іх маюць свае сайты, запрашаюць пісьменнікаў на сустрэчы з юнымі і дарослымі чытачамі. Але мы не маем права страціць чытача беларускай кнігі, а да гэтага ідзём. Чаму б, скажам, не зладзіць вялікі паэтычны вечар з лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Мар’янам Дуксам у яго роднай Смаргоні, у Гродне, у Мінску? Нельга губляць інтарэсу да творчасці адно аднаго, а гэта таксама назіраецца.

Сапраўдны пісьменнік — яшчэ і чытач. Трэба жыць літаратурай. Ці багата мы чытаем водгукаў саміх пісьменнікаў на творы калег? Ды такіх водгукаў амаль няма! І гэта цэхавая праблема.

Нехта зайздросціць таму, хто больш выдаецца. Дык гэта сёння залежыць толькі ад выдавецтваў. Напрыклад, у выдавецтве «Беларусь» хораша друкуюць кнігі паэтэсы з Гродна Людмілы Шаўчэнка. А ў «Народнай асвеце» друкуюцца Сяргей і Галіна Трафімавы з Оршы. Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў за апошнія два гады выдаў у гэтым жа выдавецтве каля 20 сваіх кніжак. Тут сваю нязгоду пачалі выказваць зайздроснікі. Дык гэта ж, сябры, не кніжкі, а брашуры да 1,5 друкаванага аркуша, якія карыстаюцца попытам у юных чытачоў. Дык парадуйцеся за калегу — навошта дакараць і зайздросціць?! Права выдавецтва — выпусціць хоць паўсотні кніжак, калі іх добра купляюць.

Адсутнасць інфармацыі пра стан выдавецтваў і выклікае злосць у некаторых калег. Здараецца, што аўтар так і не даслаў свой рукапіс у выдавецтва, а крычыць на ўвесь свет, што яго не выдаюць, а суседа выдалі. Такія «лісты-крыўды» дасылаюць і ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Яшчэ трэба дзякаваць дзяржаве, што яна знаходзіць сродкі на кнігавыданне і што жыве, не памірае беларуская кніга, бо сітуацыя надта ж небяспечная.

Чытача трэба здзіўляць не графаманіяй, а сапраўды таленавітым творам. Не трэба зайздросціць тым, каму ўдаецца пісаць такія творы, бо ўсё ж перамагае талент. На гэтым паставім кропку.

Георгій МАРЧУК

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.