Вы тут

Беларусь і ЕС маюць унікальны шанц для развіцця супрацоўніцтва


Аб гэтым Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з дэлегацыяй Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС.


«Ваш візіт і наша сённяшняя сустрэча яшчэ раз сведчаць аб пазітыўных зменах у беларуска-еўрапейскіх адносінах. Хоць і пытанняў шмат», — заявіў кіраўнік дзяржавы, канстатаваўшы, што спрыяльная сітуацыя для супрацоўніцтва склалася з адменай у дачыненні да Беларусі большасці абмежавальных мер. Маюцца і іншыя пазітыўныя вынікі ў розных сферах. «Мы ўсе гэтыя крокі вітаем», — заявіў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ў сваіх адносінах Беларусь і Еўрасаюз па-ранейшаму кіруюцца прававымі асновамі, закладзенымі больш за чвэрць стагоддзя таму, і не ўлічваюць новыя геапалітычныя рэаліі. «Давайце разам падумаем, як мы можам рушыць наперад у гэтым пытанні», — прапанаваў беларускі лідар.

Адчувальным укладам ЕС ва ўмацаванне эканамічнай незалежнасці Беларусі могуць стаць ліквідацыя абмежаванняў у гандлі, забеспячэнне рэальнага доступу беларускіх тавараў на рынак Еўрасаюза, аказанне садзейнічання ў выбудоўванні адносін з МВФ і павышэнні пазіцыі Беларусі ў крэдытным рэйтынгу Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, актывізацыя перагавораў аб уступленні Беларусі ў СГА.

Прэзідэнт на сустрэчы таксама расказаў пра найбольш важныя моманты палітыкі Беларусі, заснаванай на прынцыпах шматвектарнасці супрацоўніцтва, міралюбнасці і добрасуседства.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь усё больш ўспрымаецца як полюс стабільнасці ў рэгіёне. «І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Наша краіна — адзіная з шасці ўдзельніц «Усходняга партнёрства», дзе адсутнічаюць ваенныя і замарожаныя канфлікты, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мне здаецца, што гэта вельмі цікава для Еўрапейскага саюза, і вельмі выгадна, і вельмі патрэбна». Ён выказаў упэўненасць, што ў сучасных умовах каштоўнасць Беларусі як стабілізуючага фактару ў Еўропе будзе толькі ўзрастаць.

Паводле слоў Прэзідэнта, перад Беларуссю не стаіць і не можа стаяць выбар паміж Усходам і Захадам, краіна імкнецца наладжваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з многімі дзяржавамі і рэгіёнамі свету. Пры гэтым асновай устойлівага развіцця Аляксандр Лукашэнка лічыць моцную эканоміку.

«Мы ўсё больш думаем пра спосабы павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных тавараў і паслуг. Беларусь — краіна экспартна арыентаваная, па некаторых пазіцыях — моназалежная ад аднаго ці некалькіх рынкаў. Задача на сучасным этапе — дыверсіфікаваць экспарт у роўных прапорцыях па асноўных напрамках: Еўразійскі эканамічны саюз — Еўрасаюз — краіны далёкай дугі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў заклапочанасць нарастаючым антаганізмам паміж ЕС і Расіяй. «Нам у Беларусі назіраць за гэтым і балюча, і трывожна. Разумеючы, што ні вам, ні Расіі, тым больш нам, гэта не трэба пры тых велізарных праблемах, якія сёння існуюць у свеце, і якія трэба вырашаць разам», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў запусціць міратворчы «мінскі працэс» для ўрэгулявання адносін паміж Усходам і Захадам. «У свой час для разрадкі ў адносінах паміж Захадам і Усходам спатрэбіўся Хельсінкскі працэс, які ў выніку прывёў да стварэння АБСЕ. Давайце, каб палепшыць атмасферу ўзаемаадносін дзяржаў, падумаем пра абнаўленне Хельсінкскага працэсу і паспрабуем запусціць міратворчы працэс, магчыма, «мінскі працэс», — заявіў беларускі лідар. У беларускай сталіцы магла б адбыцца сустрэча ключавых міжнародных экспертаў з мэтай абмяняцца думкамі аб урэгуляванні адносін паміж Усходам і Захадам, лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Перакананы, што ніхто не зацікаўлены ў чарговай халоднай вайне. Неабходна пакласці пачатак працэсу асэнсавання новых правілаў міжнародных адносін, заснаваных на шматпалярнасці і павазе інтарэсаў адзін аднаго», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Сустрэча з дэлегацыяй Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС працягвалася каля дзвюх гадзін, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. На ёй падрабязна і ў максімальна адкрытым ключы закраналіся самыя розныя тэмы, пачынаючы ад гандлёвых і інвестыцыйных пытанняў да сітуацыі ва Украіне.

Старшыня Камітэта Уолтар Стывенс падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэцца і абмяняцца думкамі па шырокім коле пытанняў. «Мы вітаем пазітыўныя тэндэнцыі ў адносінах з Беларуссю, — сказаў ён. — Мы сапраўды суседзі. Беларусь мяжуе з трыма краінамі ЕС, вы з'яўляецеся вельмі важным членам «Усходняга партнёрства». Мы хацелі б далей развіваць адносіны з Беларуссю».

Загаловак у газеце: Крокі насустрач

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.