Вы тут

Чым радавалі гасцей на свяце працаўнікоў сяла ў Лагойску


Рашэнне аб правядзенні Мінскага абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі-2016» у старажытным Лагойску прынялі члены Мінаблвыканкама яшчэ ў верасні. Апошнім часам, з прыходам новага кіраўніка райвыканкама Віктара Каляды, раён непазнавальна змяніўся. А па тэмпах валавой вытворчасці ў лідарах другі год запар. Шмат зроблена і падчас падрыхтоўкі да свята: адрамантаваны будынкі, вуліцы, тратуары і дарогі. Мерапрыемствы праходзілі адначасова на розных сцэнічных пляцоўках горада: каля галерэі Сяргея Давідовіча і на цэнтральнай плошчы. А на вуліцы Савецкай разгарнулася выстаўка падворкаў, якія паказалі сваю прадукцыю, частавалі гасцей хатнімі каўбасамі, шашлыкамі, аладкамі, салам, квашанай капустай ды салёнымі агуркамі і памідорамі. Але, бадай, здзівілі ўсіх удзельнікі кірмашу з Вілейкі, якія прыгатавалі крупнік па старажытным рэцэпце.


Ві­ляй­ча­не на­кар­мі­лі круп­ні­кам сот­ні гас­цей свя­та.

— Мінская вобласць — найбуйнейшы аграрны рэгіён краіны, і вынікі работы прадпрыемстваў аграрнага комплексу ў значнай ступені вызначаюць харчовую бяспеку краіны, а таксама сацыяльную стабільнасць у грамадстве, — падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра.

Па выніках работы за 9 месяцаў тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 106% да леташняга ўзроўню. Мінская вобласць на працягу апошніх 10 гадоў трывала ўтрымлівае рэпутацыю галоўнай жытніцы краіны. Валавы намалот зерневых і зернебабовых разам з кукурузай склаў 2 млн 10 тысяч тон. Самая высокая ўраджайнасць у адкрытым акцыянерным таварыстве «Гастэлаўскае» Мінскага раёна — 91,8 цэнтнера з гектара.

Сярэдняя ўраджайнасць бульбы на Міншчыне таксама найлепшая па краіне — 291 ц/га, што болей за леташнюю на 40 ц/га. Дзякуючы высокаму ўраджаю цукровых буракоў, а гэта больш як 1,5 млн тон (37% ад агульнарэспубліканскага збору), сталічная вобласць забяспечыла гадавую патрэбнасць у сыравіне для вытворчасці цукру ўсёй краіны. Удзельная вага цэнтральнага рэгіёна ў агульнарэспубліканскім прыросце жывёлы і птушкі ў жывой вазе таксама значная — 69%, а малака больш як 70%. Прычым рэалізавана апошняга 90% вышэйшым гатункам і гатункам экстра-класа.

Па словах Сямёна Шапіры, найлепшых вынікаў дабіліся Стаўбцоўскі, Смалявіцкі, Дзяржынскі раёны. Лагойскі раён практычна па ўсіх пазіцыях дэманструе рост: па вытворчасці малака — 114%, сярэднясутачных прывагах маладняку буйной рагатай жывёлы — 110, 5%.

— Мы пайшлі на рэкорд не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў Беларусі: зварылі 150 літраў крупніку — гэта нацыянальная страва беларусаў. Дабаўлялі туды бульбу, агуркі, мёд, розную зеляніну, вэнджаныя рабрыны, грыбы. Усё чыстае — з нашай экалагічнай фермы, — сцвярджаў дырэктар Вілейскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Ігар Кіцікаў. — Акрамя таго, спецыяльна к святу зрабілі сала ў шакаладзе. Падглядзелі ў нашых сяброў украінцаў. У нас ёсць спецыяльны прыбор для гэтага, а прадукт змясцілі ў прыгожыя каробкі. І раздаём добрым людзям.

Тое самае сала ў шакаладзе.

Падчас фестывалю адбылося адкрыццё новага Палаца па рэгістрацыі шлюбаў.

— Гэты будынак быў проста неабходны гораду. Ранейшаму споўнілася 50 гадоў: было мала месца, — кажа начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Марына Сяляўка, — а за гэты час горад вырас, павялічылася колькасць вяселляў.

— Мы шмат чаго пабудавалі — дзіцячыя сады, школы, дамы культуры. А вось Палац шлюбу ўпершыню. Узвялі яго ў рэкордна кароткія тэрміны, літаральна за тры месяцы, — расказаў дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства ПМК-198 г. Лагойска Мікалай Гіль. — Кошт аб'екта каля 8 млрд недэнамінаваных рублёў — гэта нямнога. Акрамя таго, унізе размяшчаецца раённы архіў. Месца для будынка выбрана гістарычнае, можна сказаць, знакавае, адсюль адкрываецца выгляд на стары парк, праваслаўную царкву. Гэты куток створаны для нараджэння новых сем'яў, працягу роду і для таго, каб у людзей была вера.

Вяршыняй свята стала ўзнагароджанне перадавікоў аграпрамысловага комплексу, дынастый, уручэнне сертыфікату на пакупку тэхнікі найлепшым гаспадаркам — па адной з кожнага раёна. Адметнасць урачыстасці ў тым, што яна прайшла ў спецыяльна пастаўленым проста на цэнтральнай плошчы вялікім шатры. А ўнёсак працаўнікоў Міншчыны ў агульны каравай краіны значны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сала ў шакаладзе і 150 літраў крупніку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».