Вы тут

Як малады бізнесмен дапамагае хлопцу з дзетдома не заблукаць па жыцці


Калі Руслан СУСЛАЎ паступіў у каледж, то вырашыў не расказваць аднагрупнікам, што жыў у дзетдоме. Не хацеў станавіцца ахвярай стэрэатыпаў. «Вы ж ведаеце, як ставяцца да дзяцей з інтэрната. Прападзе што-небудзь — адразу на цябе падумаюць». Сам падлетак не з ліку праблемных: старанна вучыцца, займаецца спортам. Не нарабіць памылак у самастойным жыцці яму дапамагае валанцёр Андрэй ПОДКАС. Хлопцы пазнаёміліся дзякуючы праграме настаўніцтва. Яе сутнасць у тым, што дарослы чалавек бярэ пад крыло выхаванца інтэрната — падтрымлівае яго, становіцца «старэйшым братам». Чым валанцёр можа дапамагчы падлетку з дзетдома і якая карысць ад шчырых размоў, — Руслан і Андрэй дзеляцца сваёй гісторыяй.


Ва­лан­цёр Анд­рэй ПОД­КАС (зле­ва) упэў­не­ны: зда­ро­выя зно­сі­ны для дзя­цей з ін­тэр­на­таў важ­ней­шыя за кан­цэр­ты і цу­кер­кі.

Перыпетыі лёсу адной сям'і

Пра жыццё ў дзетдоме Руслан расказвае коратка і неахвотна. Ён не сірата: бацькі пілі, і органы апекі палічылі, што хлопчыку (Руслану тады было 10 гадоў) і яго дзвюм малодшым сёстрам будзе лепш у іншым месцы.

— Мяне са школы забралі, я нават не зразумеў, што адбылося, — успамінае падлетак. — Міліцыя прыйшла, пачалі пытацца, што я еў. Пасадзілі ва «ўазік» — не ведаў, куды вязуць, думаў з машыны збегчы. А маю сярэднюю сястру, Аліну, настаўнік не хацеў адпускаць.

Дзяцей спачатку адправілі ў прытулак. Праз год перавялі ў дзіцячы дом №4, а калі той закрыўся, — у сёмы.

— Першы раз у жыцці без мамы дрэнна было. Яна прыехала нас наведаць толькі праз тыдзень-два. А потым стала нармальна, за некалькі месяцаў прывык.

Цяпер Руслану 16. З нядаўняга часу ён жыве ў інтэрнаце ад каледжа. У дзіцячым доме засталася яго 15-гадовая сястра Аліна. Малодшую, Жэню (ёй 14), забралі да сябе прыёмныя італьянскія бацькі. «Крыху кантактуем з ёй, — расказвае Руслан. — Пасылкі год слала. Цяпер не».

— Твае тата з мамай спрабавалі аднавіцца ў бацькоўскіх правах?

— Спрабавалі, але... — па паўзе падлетка разумею, што праблема з алкаголем да канца не вырашылася.

— Не асуджаеш іх?

— Праехалі гэту тэму даўно. Мы з бацькамі падтрымліваем зносіны. Я званю, прыязджаю да іх... Ды ў нас сям'я нармальная, проста атрымалася так.

Настаўніцтва — не ўсынаўленне

— У разумных кніжках пішуць, што ёсць закон выходнага і ўваходнага патоку — тое, што мы даём гэтаму свету, у любым выпадку да нас вяртаецца, — тлумачыць Андрэй, калі пытаюся, навошта яму валанцёрства. — І ў мяне з'явілася думка, чаму б свой час не ўкласці ў іншага чалавека, якому гэта сапраўды патрэбна. Недзе выпадкова прачытаў пра праект настаўніцтва. Зразумеў, што нічога звышскладанага ў гэтым няма, а карысць можа быць сапраўды вялікая для выхаванца інтэрната. Ну і для мяне таксама.

Андрэю 26. Дзве адукацыі: будаўнік і эканаміст-менеджар. Але ні першую, ні другую не выкарыстоўвае. Трэці год хлопец займаецца прадпрымальніцтвам. Цяпер развівае адзін беларускі стартап.

Пра тое, што Андрэй — настаўнік, з яго знаёмых мала хто ведае. Расказаў толькі прыяцелям, якія маглі б паўдзельнічаць, і бацькам — тыя адчулі вялікі гонар за сына.

На­стаў­нік на пад­стра­хоў­цы — і на кар­тын­гу, і ў жыц­ці.

Перш чым стаць ментарам для выхаванца дзіцячага дома, Андрэй праходзіў трэнінг (яго праводзіць арганізацыя «Ніткі сяброўства», яна ж і рэалізуе праграму настаўніцтва). Адбор строгі. Да настаўніцтва ў выніку дапускаюць адносна невялікі працэнт з ліку ахвотнікаў.

— Шмат людзей самі адсейваюцца на першапачатковым этапе, калі проста прыходзяць даведацца пра праект. У іх складваецца ўражанне, што настаўніцтва — гэта амаль усынаўленне. Таму баяцца браць на сябе такую адказнасць, — дзеліцца назіраннямі малады прадпрымальнік. — Яшчэ частка не праходзіць гутарку з псіхолагам, з розных прычын. Мой таварыш з жонкай, напрыклад, вельмі хацелі гэтым займацца, але так атрымалася, што яны самі дзіця чакаюць, і ім арганізатары настойліва парэкамендавалі пакуль не ўдзельнічаць.

Вопыт валанцёрства, дарэчы, у хлопца ўжо быў. Ён часам ездзіў з прыяцелямі ў дзіцячыя дамы з дабрачыннымі акцыямі. Разважае, што канцэрты, матэрыяльная дапамога падарункамі і грошы інтэрнатам патрэбны, але наколькі гэта застанецца ў памяці падлеткаў і пойдзе ім на карысць у далейшым — вялікае пытанне.

— Самае галоўнае, чаго не хапае гэтым дзецям, — здаровых зносін. Роля, якую выконвае праграма настаўніцтва, больш важная, чым проста сабрацца канторай і прывезці апельсінаў. Гэта маё асабістае перакананне.

Да чаго мусіць быць гатовы настаўнік? Напэўна, самае складанае, — задумваецца Андрэй, — не навязваць свае ідэалы і перакананні. Не спрабаваць чалавека выхаваць. Гэта ўжо сфарміраваная асоба, і трэба працаваць па запыце, даваць тое, што рэальна патрэбна дзіцяці.

Без «вышкі» — максімум старшы грузчык

Працэс прыціркі ў хлопцаў прайшоў спакойна. Андрэй упэўнены: інакш і быць не магло. Пры састаўленні пар улічваюць пажаданні і настаўніка, і выхаванца. У іх супала ўсё: інтарэсы (абодва вядуць актыўны лад жыцця), характары.

Андрэй дапамагаў падлетку ў вучобе. Падказаў, якую прафесію выбраць, — Руслан цяпер вучыцца на лагіста. Астатнія хлопцы з інтэрната таксама паступілі
ў каледжы — на аўтаслесараў і абліцоўшчыкаў-плітачнікаў. Бал атэстата быў невысокі, таму выбіраць асабліва не прыходзілася.

— Больш за палову з іх не ходзіць на заняткі, — прызнаецца Руслан. — Сказалі: «На першым курсе няма чаго рабіць».

— А ты чаму не прагульваеш, як усе?

— Я паступаў, каб атрымаць веды. У мяне ўжо прадметы спецыялізаваныя пачаліся, справаводства, напрыклад, дзе вучаць, як дакументы складаць. Мне гэта спатрэбіцца. І грошы мне каледж плаціць за тое, што хаджу на заняткі. Шэсць рублёў у дзень. У месяц 120 рублёў стыпендыі атрымліваецца. Маім сябрам, праўда, па 250 даюць, хоць яны на будаўнікоў вучацца і прагульваюць...

Універсітэт у планах падлетка таксама значыцца. Бо калі не пойдзе на «вышку», максімум, на што зможа разлічваць, — месца старшага грузчыка. А такая работа хлопца не асабліва прываблівае.

Паралельна Руслан вучыцца думаць, як прадпрымальнік. У адной з кніг, якія раіў яму Андрэй, вычытаў, што, каб сабраць грошы на мару, трэба ад свайго прыбытку, любога, толькі 10 працэнтаў пакідаць на асабістыя расходы. Таму амаль усю стыпендыю новаспечаны студэнт адкладвае, стараецца траціцца толькі на ежу.

— Цяпер Руслан папрасіў знайсці яму падпрацоўку, хоць якую. Балазе, не баіцца працаваць, — расказвае Андрэй. — Гэта тое, чым я магу дапамагчы, і не будзе паднашэннем: прыйшоў і грошай даў. Ён сваёй працай будзе зарабляць.

Рус­лан СУС­ЛАЎ (зле­ва) ву­чыц­ца на ла­гіс­та і ха­цеў бы стаць прад­пры­маль­ні­кам.  Як Анд­рэй.

Жыць па-іншаму

Стэрэатыпаў у адносінах да дзетдомаўцаў хапае.

— Думаеш, інтэрнатаўскія дзеці адрозніваюцца ад астатніх? — пытанне Руслану.

— Калі жывеш з бацькамі, можаш вырасці мамчыным сынком. А тут чалавек больш самастойны, ён за сябе сам адказвае, — разважае падлетак.

— Мы на курсах чулі іншае меркаванне, — далучаецца Андрэй. — Пра тое, што дзеці, якія правялі шмат часу ў інтэрнаце, увогуле ніяк не прыстасаваны да самастойнага жыцця. Бо ў дзіцячым доме за іх усё робяць. І часта ёсць прыклады, калі падлеткі ў 16—18 гадоў не могуць прыгатаваць сабе паесці. Нас рыхтавалі да таго, што будзе патрэбна менавіта дапамога ў сацыялізацыі. Але мне з Русланам, відаць, пашанцавала.

Статыстыка малюе выхаванцам інтэрнатаў не вельмі прывабныя перспектывы. Усяго адзін працэнт з іх атрымае вышэйшую адукацыю. Свае сем'і створыць толькі шостая частка дзетдомаўцаў. Палова пападзецца на злачынствах. У чым справа?

— Няма дарослага чалавека, які цябе направіць у патрэбны кірунак, — спрабуе знайсці адказ Руслан.

— Чаму сіроты трапляюць у месцы пазбаўлення волі і не ствараюць сем'і? Таму што не ўмеюць жыць неяк па-іншаму, — працягвае Андрэй. — Ідуць па шляху найменшага супраціўлення: дзесьці схітрыць, украсці. Вось і атрымліваецца тое, што ёсць.

У Руслана ёсць надзейная падтрымка, таму за сваю будучыню ён не перажывае.

— Я хацеў бы, вядома, сям'ю, дзяцей. Сына. Але спяшацца няма куды. Спачатку трэба выбраць добрую дзяўчыну. І ўвогуле стаць заможным чалавекам, каб сям'ю забяспечваць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Вывучыцца на лагіста і стаць заможным чалавекам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».