Вы тут

Мабільны дадатак дазваляе віртуальна прагуляцца па Брэсцкай крэпасці


Сёння, каб пабываць у мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», неабавязкова ехаць на легендарную брэсцкую зямлю. Бясспрэчна, гераічную цытадэль мусіць наведаць кожны нашчадак пакалення пераможцаў, але адпаведныя магчымасці ёсць не ва ўсіх. Праўда, і тым, хто там ужо пабываў, часам хочацца вярнуцца, бо, як заўсёды, то недагледзеў, то недачуў, то не ўсё зразумеў...


Брэсцкая крэпасць па-ранейшаму з'яўляецца адным з самых папулярных аб'ектаў у жыхароў і гасцей Беларусі. Цяпер стала магчымым апынуцца там у любы час, знаходзячыся ў любым месцы краіны. Спампаваўшы (прычым бясплатна!) на свой гаджэт мабільны дадатак «Брэсцкая крэпасць. Схаваная гісторыя», у рэжыме «афлайн» можна пазнаёміцца з гісторыяй 60 аб'ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі комплексу, убачыць звыш 200 архіўных і сучасных фотаздымкаў, а таксама самастойна павандраваць па малавядомай частцы крэпасці.

— Брэсцкая крэпасць, якую ўсе бачылі, — гэта толькі 30% тэрыторыі або менш чым палова аб'ектаў, якія знаходзяцца на месцы мемарыяла, — расказвае намеснік дырэктара па праектах Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці Аліна ДЗЕРАВЯНКА. — Большасць аб'ектаў недаступна ўвазе наведвальнікаў, пра іх мала хто ведае, акрамя краязнаўцаў і людзей, якія цікавяцца гісторыяй. Не шмат і тых, хто ўвогуле ведае гісторыю Брэсцкай крэпасці. У прыватнасці, што горад Брэст да сярэдзіны XІX стагоддзя знаходзіўся на тэрыторыі крэпасці (калі Расійская імперыя вырашыла ўмацаваць свае межы, яна пабудавала крэпасць на месцы старога горада). Тут жа знаходзяцца аб'екты, якія датуюцца нават XVІІ стагоддзем: напрыклад, бернардзінскі манастыр. Ёсць і вялікі комплекс архітэктуры XІX стагоддзя. Адным словам, гэта багатая і шматслойная гісторыя, якая ніякім чынам не рэпрэзентавана.

Выправіць памылку паспрабавалі Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці і брэсцкі філіял кампаніі EPAM Systems. У запушчаным імі мабільным дадатку адлюстраваны аб'екты, якія расказваюць пра розныя гістарычныя перыяды тэрыторыі, дзе сёння знаходзіцца знакаміты мемарыяльны комплекс. Дадатак напоўнены інфаграфікай — тут адзначаны музеі, манументы, кафэ і нават месцы продажу сувеніраў. Будучы на тэрыторыі крэпасці, дзякуючы геалакацыі, ён падкажа, каля якога аб'екта вы знаходзіцеся і як прайсці туды, што вас цікавіць. Дадатак даступны на рускай і англійскай мовах. У бліжэйшы час кантэнт будзе пададзены і па-беларуску.

— Усюды, дзе мы ні бываем у Беларусі, калі судакранаемся з музейнай прасторай і іншымі, звязанымі з гістарычнай спадчынай рэчамі, мы адчуваем сябе бездапаможнымі суб'ектамі, — лічыць гісторык, выкладчык ECLAB Аляксей БРАТАЧКІН. — Усё зроблена такім чынам, каб у пэўнай ступені намі дырыжыраваць. Вельмі складана быць у музеі самастойным. Часта няма альтэрнатывы экскурсіям. Аўдыягіды, QR-коды — гэта справа толькі апошняга часу.

Сапраўды, у Беларусі не вельмі развіта сетка мабільных дадаткаў па музеях або мемарыяльных комплексах. У той час, як за мяжой — гэта своеасаблівы трэнд у музейнай справе. У XXІ стагоддзі ўжо мала пачуць інфармацыю ад экскурсавода. Сучасны наведвальнік адразу ж хоча ўбачыць, як той ці іншы аб'ект выглядаў у розныя гістарычныя перыяды, якія людзі мелі да яго дачыненне...

Але чамусьці некаторыя музейшчыкі бачаць у сучасных тэхналогіях канкурэнта. Хоць зразумела, што нават самы ўдасканалены інтэрфейс мабільнага дадатку не заменіць жывога аповеду экскурсавода і рэальнага, а не віртуальнага бачання гістарычнай спадчыны. Распрацоўшчыкі мабільнага дадатку ўлічылі прапановы і пажаданні супрацоўнікаў мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Але гэта не значыць, што кропка пастаўлена: мабільны дадатак можна ўвесь час удасканальваць.

Спецыялісты Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці плануюць паказаць, што было на месцы крэпасці да яе ўзнікнення і як крэпасць выглядала ў 1930-я, 1940-я і наступныя гады. «Мы ўжо ведаем, як увогуле можна расказаць пра старажытны Брэст, які па прыгажосці часта параўноўваюць з Гродна», — дзеліцца задумкамі Аліна Дзеравянка.

— Было б цікава пабачыць, як мяняліся ўяўленні аб Брэсцкай крэпасці на працягу доўгага часу, у тым ліку ў гістарычнай памяці беларусаў, — перакананы гісторык Аляксей Братачкін. — У мабільным дадатку яна падаецца як савецкі брэнд. Але калі паглядзець шырока на гісторыю мемарыяла, то яна захоўвае шмат чаго цікавага. Напрыклад, у турме Брэсцкай крэпасці сядзелі тыя, хто ўдзельнічаў у паўстанні 1863—1864 гадоў, у розны час, але амаль у адным месцы, тут утрымліваліся Фелікс Дзяржынскі і вядомы дзеяч украінскага нацыяналістычнага руху Сцяпан Бандэра. І пастаянна мы бачым адсылкі да гісторыі, якія гэты савецкі трэнд аб Брэсцкай крэпасці значна пашырае і прапаноўвае нам паглядзець на Брэст інакш.

«Але рэакцыя людзей на іншы матэрыял аб Брэсцкай крэпасці сведчыць аб тым, што ён іх не задавальняе, — гаворыць Аліна Дзеравянка. — Усім цікава пачуць пра гераічную абарону крэпасці ў чэрвені 1941-га. Гэта да пытання наконт таго, наколькі людзі гатовы да больш шырокага аповеду».

А што хочаце ведаць пра Брэсцкую крэпасць вы? Калі больш за тое, што прапаноўваюць школьныя падручнікі, то паспрабуйце звярнуцца да мабільнага дадатку (http://www.brestherіtage.by/archіves/2132).

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Калі экскурсавод — смартфон

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.