Да завяршэння пераходу на адзіную сістэму «Разлік-ЖКП» (да новага года) урад устанавіў нулявыя пені за несвоечасовую плату за камунальныя паслугі.
Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Паскробка. Ён адзначыў, што з аплатай «камуналкі» за кастрычнік у многіх жыхароў краіны і сапраўды з'явіліся пэўныя праблемы. Узнікалі тэхнічныя збоі па аплаце гэтых паслуг праз інфакіёскі, а часам жыроўкі пачалі прыходзіць з пэўным спазненнем. Менавіта ў гэтых выпадках прымяненне санкцый за няўплату вырашылі перанесці на 10 дзён.
Намеснік міністра лічыць, што гэта рашэнне павінна абараніць правы і законныя інтарэсы спажыўцоў у перыяд завяршэння работ па ўкараненні адзінай агульнарэспубліканскай інфармацыйнай сістэмы па ўліку, разліку і налічэнні платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылым памяшканнем. У прынятым дакуменце гаворыцца, што цяпер пеню не трэба будзе плаціць у тым выпадку, калі людзі па ўважлівых прычынах «несвоечасова і (або) не ў поўным аб'ёме ўнеслі плату за «камуналку», карыстанне жылым памяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду або электраэнергію, спажытую на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання, у тым ліку ліфтаў, у шматкватэрных жылых дамах».
Між іншым, амністыя за неўплату будзе дзейнічаць толькі пэўныя перыяды. Пры атрыманні жыровак за верасень гранічны тэрмін аплаты (без пені) працягваўся з 26 кастрычніка па 5 лістапада, за кастрычнік — з 26 лістапада па 5 снежня, а за лістапад — з 26 снежня 2016 года па 5 студзеня 2017 года. А вось пратэрмінаваная запазычанасць, якая ўтварылася на 6 лістапада, 6 снежня 2016 года і на 6 студзеня 2017-га будзе абкладацца пеняй па поўнай праграме.
У сувязі з гэтым Алег Паскробка раіць усім спажыўцам камунальных паслуг разлічвацца за іх (калі гэта магчыма па тэхнічных прычынах) па раней прынятых і звыклых графіках.
Сяргей КУРКАЧ
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.