Вы тут

Чалавечы знак паэзіі Анатоля Вярцінскага


Лёсам мне было наканавана сустракацца і нават мець сяброўскія стасункі з Максімам Танкам, Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Караткевічам, Нілам Гілевічам, Алегам Лойкам, Іванам Навуменкам, Алесем Пісьмянковым… Але таксама ў маім жыцці здарыўся і Анатоль Вярцінскі.


Упершыню пра паэта пачуў я школьнікам ад прафесара Алега Лойкі, які ўвесну далёкага 1970 года, праводзячы на ўсю Беларусь тэлеўрок па сучаснай беларускай паэзіі, сярод іншых тады ўсё яшчэ маладых паэтаў назваў і працытаваў Анатоля Вярцінскага. У далейшыя студэнцкія філфакаўскія гады ў славутым інтэрнаце на Паркавай яго вершамі і паэмамі мроіў мой сябра, яшчэ студэнт, а пазней — літаратуразнаўца Генадзь Праневіч.

Але першая сустрэча з Анатолем Вярцінскім адбылася ў Мётчанскай школе Барысаўскага раёна ў снежні 1984 года, куды я запрасіў яшчэ і Алега Лойку, Вячаслава Рагойшу і Кузьму Хромчанку. Два дні ў школе і ў мяне на мядоцкай сядзібе чыталіся вершы, ішлі бяседы і далёка за поўнач нават спяваліся песні. Помніцца, Анатоль Ільіч тады хутка пасябраваў з маім пяцігадовым сынам Янкам і падпісаў яму сваю кнігу «Час першых зорак»: «Вані — з пажаданнем добра вучыцца, быць шчаслівым. А. Вярцінскі. 8.12.84». А для Мётчы, для ўсёй нашай сям’і (спадарыні Любові і дачушкі Аленкі) пакінуў наступныя свае радкі:

Бывайце, бывайце! —

Душы занылі.

Што мы забылі ў апошні міг?

Сэрца часцінку мы забылі,

Пакінулі мы сяброў сваіх.

Неаднойчы потым у сваім жыцці паэт будзе забываць у маім і нашым лёсе не адну яшчэ часцінку свайго трапяткога сэрца. І тады, калі ў 1988 годзе на пасадзе галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (што выходзіў у тыя гады з рэкордным амаль дваццацітысячным накладам) дашле ў Мётчу ліст: «Мінск, 23 лютага. Добры дзень, Уладзімір! Дзякуй за вестку, за прыемны напамін аб нашай сустрэчы ў Мётчы. Як справы Вашы — у школе, дома? Інфармацыю аб сустрэчы з Рыгорам Барадуліным надрукуем. Усяго добрага! Паклон Вашай сям’і! А.Вярцінскі», і тады, калі ўжо пры наступным рэдактары «ЛіМа» Міколу Гілю паспрыяе друкаванню майго артыкула «Паклон Максіму Багдановічу», і, нарэшце, заўсёды тады, калі будуць адбывацца нашы абавязковыя, амаль штогадовыя, узаеміны 18 лістапада. А адным нядаўнім лістападам Анатоль Ільіч прачытаў мне жартоўныя і вельмі бадзёрыя імянінныя радкі:

Я паспрачацца нават гатоў,

Напрыклад, даводзіць буду,

Што справа не ў колькасці гадоў,

А ў стане суставаў і сасудаў.

Часта ўзгадваецца паэтаў верш «Мы, мёд і пчала». Неяк я прачытаў яго свайму бацьку, Лайкову Піліпу Рыгоравічу, на пятнаццаць гадоў старэйшаму за паэта. Сёлета якраз яму б споўнілася сто гадоў. Дык вось майму бацьку, у жыцці сваім апантанаму пчаляру, вельмі ўжо даспадобы прыйшоўся гэты верш. Ён сам заўсёды быў справядлівым і паэтаў сумленных, цікавых і мудрых шанаваў. І таму вельмі ўжо радаваўся такой нечаканай творчай знаходцы Анатоля Вярцінскага.

Так склалася, што любімай маёй кнігай паэта была, ёсць і будзе «Чалавечы знак» 1968 года выдання, якую выдатна аформіў мастак Арлен Кашкурэвіч. З юнацкіх яшчэ гадоў яна неаднойчы прачытана і перажыта і хвалюе сваімі вершамі, вобразамі, мудрай філасофіяй. Асабліва ж верш «Дзве паралельныя прамыя». Я сам па натуры, складзе душы і жыццёвай прафесіі застаюся перакананым гуманітарыем. Ніколі, прызнацца, дакладныя навукі не вабілі. Але калі перад тэхнарамі-ўнукамі гэта згадваць не хочацца, а, наадварот, узнікае патрэба слова-другое сказаць у знак прэстыжу, напрыклад, геаметрыі, то ўдаецца гэта, успамінаючы «Дзве паралельныя прамыя» паэта. І не толькі таму. Бо верш гэты, дзе, па прызнанні Анатоля Вярцінскага, «…ад крыўды за вас маё сэрца ные, дзве паралельныя прамыя» ўсё-такі не пазбаўлены касмічнага аптымізму:

Бачу вышэйшую гармонію.

Бачу: сустрэліся, як жывыя,

Дзве паралельныя прамыя.

Бачу: заззялі, як праменныя,

Тыя прамыя паралельныя…

Асаблівы ж сэнс філасофскай выключнасці гэтай думкі паэта адчуў, калі пятнаццаць гадоў таму ў сваім эсэ «Кожнаму сваё, або ці Выпадзе калі сустрэцца журавам і гілям над Мядоцкай школай» пісаў: «…Тымі амаль ужо зімовымі днямі і вечарамі я ўсё часцей і часцей прыглядаўся да нашых школьных клёнаў: вось-вось сёння ці заўтра павінны былі прыляцець з далёкай поўначы чырванагрудыя гілі. Яны прылятаюць заўсёды, абавязкова кожны год, кожную зіму. Вось толькі шкада (часам аж плакаць хочацца) — шляхі-дарогі журавоў і гілёў ніколі не перасякаюцца. А так бы хацелася хоць раз пабачыць іх разам. Таму застаецца верыць ва ўдачу, самааддана працаваць, рабіць усё, што робяць усе, але рабіць так, як не робіць ніхто. І тады нечакана здарыцца цуд: сустрэнуцца над нашай школай журавы і гілі».

Бо хіба гэта не цуд — доўгія гады слухаць, чытаць і чуць таленавітага і самабытнага паэта-мудраца, паэта-філосафа Анатоля Вярцінскага. Бо амаль трыццаць тры гады мінула з нашай той першай сустрэчы ў Мётчы, але:

Дзень той надзвычай светлы

Кожны з нас у жыццё забраў.

А маладзік вечарам ветлы

На небе мядоцкім заззяў.

 

Той сярпок-веташок узнікае

Больш за трыццаць гадоў у рад.

Часам учора быццам сёння бывае —

Ах, як хочацца зноўку назад!

 

Туды, дзе Вярцінскі верлібры чытае,

Дзе дынамік у хаце гучыць.

Кропка-радыё яшчэ не сціхае

І аз, букі, ведзі трэба вучыць,

 

І дзівак-чалавек не знікае,

Бо гэта яго чалавечы знак.

Вось Анатоль Ільіч замаўкае,

Каб «Рэквіем» свой прачытаць.

 

А потым было ў салдата два полі,

І кожны чацвёрты з вайны не прыйшоў.

А хлопчык глядзіць паволі

У зорнае неба зноў.

 

Ды тут паралельныя прамыя,

Што сустрэцца не могуць ніяк…

Як дзень, больш за трыццаць

гадоў пралятае,

Зноў Мётча:

«Дзень добры, дзеці, гэта — я!».

Хай здарыцца гэты новы цуд!..

 

Уладзімір ЛАЙКОЎ, настаўнік, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, кіраўнік музея «Літаратурны космас Мётчы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».