Сяргей Іванавіч не тое, каб недалюбліваў гандляроў, проста ніяк не мог зразумець, адкуль яны бяруць высокія цэны на агародніну і садавіну. Сам ён быў заўзятым садаводам, кожнае лета атрымліваў са сваіх дваццаці сотак неблагі ўраджай груш ды яблыкаў. Частку садавіны пакідаў сабе, а ўсё астатняе аддаваў знаёмым і суседзям.
Таму не разумеў бабулек, якія цэлымі днямі стаяць на рынках ці ўздоўж гандлёвых цэнтраў і імкнуцца прадаць свой ураджай.
— Няведама што! — абураўся Сяргей Іванавіч, чарговы раз праходзячы праз кірмаш. — Як яны могуць за кошык падгнілых яблык прасіць такія грошы? Разумею цэны на магазінныя бананы: іх прывезлі з самой Афрыкі, імпарцёры аплацілі транспартныя выдаткі, мытныя зборы і падаткі. А тут...
Так і хацелася яму іншы раз падысці да пакупніка, які разглядаў на прылаўку зморшчаныя і чарвівыя малінаўкі ды цікавіўся іх цаной, сказаць:
— Прыходзь да мяне ў сад і набяры тых яблыкаў, колькі пажадаеш!
Не мог Сяргей Іванавіч зразумець, навошта людзі задзіраюць кошт на кепскую садавіну. Не прымала ягоная душа такія выкрунтасы. І аднойчы ён не вытрымаў:
— Час пакласці гэтаму канец, — сказаў ён вечарам, калі ўся сям'я сабралася за сталом.
— Што здарылася? — спужалася жонка.
— У выхадныя збяру з дрэў апошнія яблыкі і павязу іх на рынак.
— Ты? І на рынак? — не паверыла жонка. — Які з цябе гандляр, калі за ўсё жыццё і капейкі ні з каго не ўзяў.
У суботу раніцай Сяргей Іванавіч загрузіў яблыкамі кузаў свайго грузавічка і паехаў на мясцовы рынак. Стаў у самым канцы прылаўкаў.
— Месца не самае лепшае, але нічога! — суцяшаў сябе Сяргей Іванавіч, калі плаціў за дазвол на права гандлю. — Зараз гэта будзе самая бойкая кропка.
І пачаў ён яблыкі... раздаваць. Бясплатна. Спярша пакупнікі не верылі, думалі, нейкі падман, але ў хуткім часе ўтварылася цэлая чарга.
— Ах, якія добрыя яблыкі ў вас урадзіліся, як на падбор! — хвалілі ўсе садавіну Сяргея Іванавіча. — Такія бліскучыя, налітыя, кожны памерам з кулак асілка.
— Вы толькі майце меру, кошыкамі не бярыце. Хачу, каб усім вітамінаў хапіла, — пасмейваўся Сяргей Іванавіч і глядзеў у бок бабулек, якія пасылалі яму злыя позіркі. У хуткім часе яны, пабраўшы свае клункі, зніклі з поля
зроку.
За пару гадзін фургон садавіны апусцеў. Сяргей Іванавіч з пачуццём пераможцы паехаў дадому.
На другі дзень, прыйшоўшы на рынак, Сяргей Іванавіч аслупянеў: усе гандлявалі ягонымі яблыкамі!
— Мужчына, купляйце, вельмі добры сорт, — прапанавала яму першая бабулька, што сядзела са сваёй скрыняй каля ўваходу. — Гэтыя яблыкі да вясны даляжаць. І нядорага вазьму — усяго два рублі за кілаграм.
г. Жодзіна
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.