Вы тут

У Быхаўскім раёне перапахавалі 35 салдат


У раёне вёсак Рыжкаўка, Прыберажжа і Грудзінаўка ў ліпені 1941-га ў акружэнне трапіў штаб 45-га стралковага корпуса генерала Эрмана Магона разам з падраздзяленнямі 148-й Саратаўскай і 187-й Чарнігаўскай стралковых дывізій. Кроў тут лілася ракой, як, зрэшты, і па ўсёй Быхаўшчыне, праз якую праходзіў Дняпроўскі рубеж.


Больш чым праз 70 га­доў род­ныя Іва­на ЖЫ­ГУ­НА (зле­ва) і Ва­сі­ля ЗА­КА­РЭЦ­КА­ГА атры­ма­лі пер­шыя вест­кі пра іх.

— Пасля фарсіравання немцамі Дняпра на левым беразе ракі да сярэдзіны ліпеня ішлі самыя жорсткія баі, — расказвае ваенны пісьменнік, кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба ВІККРУ Мікалай Барысенка. — Напор нямецкай жалезнай армады 4-й танкавай дывізіі стрымлівала каля 10 стралковых дывізій Чырвонай Арміі. Назваць іх усе мы пакуль не можам. Дакладна вядомы толькі чатыры — 187-я, 148-я, 137-я Горкаўская і 102-я стралковыя дывізіі. На поле бітвы засталіся ляжаць тысячы нашых воінаў. Шмат іх палягло і ў 1943—1944 гадах. Тут некалькі месяцаў стаяў фронт.

Гэтым летам пашукавікі клуба ВІККРУ разам з прадстаўнікамі 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна і брэсцкімі калегамі паднялі астанкі яшчэ 35 савецкіх байцоў і камандзіраў, якія загінулі тут у 1941—1944 гадах. Тыя 5 медальёнаў, якія атрымалася знайсці, далі надзею даведацца прозвішчы герояў. На жаль, прачытаць удалося толькі тры імені — капітана Міхаіла Серыка, камандзіра батальёна Чарнігаўскай 187-й стралковай дывізіі, радавых Івана Жыгуна і Васіля Закарэцкага. Усе яны — ураджэнцы Украіны, а загінулі падчас абароны Беларусі. Міхаілу Серыку на той момант было 30 гадоў. Жыгуну было менш. Год нараджэння Васіля Закарэцкага прачытаць не атрымалася.

У Быхаўскім раёне аднесліся да памяці абаронцаў з вялікай павагай. З кастрычніка па лістапад тут прайшло тры перапахаванні. Акрамя Новага Быхава жалобная цырымонія адбылася ў вёсцы Сялец. Там знайшоў свой апошні прытулак і радавы Васіль Закарэцкі. А ў першыя дні лістапада на могілках вёскі Грудзінаўка развітваліся з капітанам Міхаілам Серыкам і чырвонаармейцам Іванам Жыгуном.

У Быхаўскім райваенкамаце паведамілі, што атрымалася выйсці на сувязь з унучкамі Васіля Закарэцкага і Івана Жыгуна. Абедзве жывуць у Палтаўскай вобласці. Прыехаць на перапахаванне яны не змаглі, але абяцалі пабываць на магілах сваіх гераічных дзядоў у маі ці летам. На жаль, родных камандзіра Міхаіла Серыка пакуль не знайшлі. У райваенкамаце паведамілі, што зрабілі пісьмовы запыт у Чарнігаўскі ваенкамат з просьбай дапамагчы адшукаць яго блізкіх. Пакуль адказу не было.

Родныя Жыгуна і Закарэцкага перадалі ў архіў ВІККРУ фота сваіх дзядоў. Так што цяпер мы ведаем герояў нават у твар, што таксама рэдкасць. У воінскіх пахаваннях на Магілёўскай зямлі знайшлі вечны спакой 340 тысяч камандзіраў і радавых Чырвонай Арміі, нам вядомы толькі 70 тысяч з іх. Пошукі між тым працягваюцца, бо нездарма кажуць, што нязнойдзеныя або непахаваныя салдаты заўсёды застаюцца на перадавой. Яны павінны вярнуцца з вайны. Іх чакаюць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вярнуцца з вайны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.