Вы тут

Вярнуць даўгі стала прасцей


Чула, што ў заканадаўстве, якое рэгулюе здзяйсненне выканаўчых надпісаў аб спагнанні запазычанасцяў па асобным відам гаспадарчых дагавораў, нядаўна адбыліся змены, што тычацца прадстаўляемых дакументаў. Што менавіта было зменена і навошта?

Валянціна Г., Уздзенскі раён.


На пытанне адказвае Алена МІРОШНІКАВА, галоўны спецыяліст упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі:

Сапраўды, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 жніўня 2016 г. №638 унесены дапаўненні ў пералік дакументаў, паводле якіх спагнанне выконваецца ў бясспрэчным парадку на падставе выканаўчых надпісаў (далей — Пералік), у частцы ўказання дакументаў, якія прадстаўляюцца натарыусу для здзяйснення выканаўчых надпісаў аб спагнанні запазычанасцяў па асобных відах гаспадарчых дагавораў.

Напрыклад, для здзяйснення выканаўчага надпісу аб спагнанні запазычанасці па дагаворы субарэнды рухомай маёмасці, пры ўмове ўстанаўлення арэнднай платы ў цвёрдай суме плацяжоў, якія ўносяцца перыядычна або адначасова, няўстойкі (штрафу, пені) у сувязі з такой запазычанасцю, калі яе выплата прадугледжана заканадаўствам або дагаворам, спагнаннік павінен прадставіць натарыусу наступныя дакументы:

дагавор субарэнды і яго завераную копію, завераную копію дагавора арэнды, завераную спагнаннікам копію дакумента, які ўтрымлівае згоду арэндадаўцы на здачу арэндаванай маёмасці ў субарэнду (за выключэннем выпадкаў, калі такая згода прадугледжана ў дагаворы арэнды ці ёсць адзнака арэндадаўцы на дагаворы субарэнды). А таксама дакументы, якія пацвярджаюць перадачу маёмасці па дагавору субарэнды, і дакумент аб разліку сумы запазычанасці, аформлены адпаведным чынам.

Аналагічныя дапаўненні ўнесены ў Пералік і для некалькіх іншых відаў дагавораў. Напрыклад, для дагавора субарэнды нежылога памяшкання ў будынках, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці і ўласнасці юрыдычных асоб (індывідуальных прадпрымальнікаў), а таксама для дагавора субпадраду.

Пералік дапоўнены адпаведнымі часткамі, якія прадугледжваюць дакументы, неабходныя для спагнання запазычанасцяў па названых дагаворах.

Змены закранулі таксама пункт 25 Пераліку, у якім прадугледжаны дакументы, што ўстанаўліваюць запазычанасць па дагаворах куплі-продажу, пастаўкі, падраду, перавозкі, платнага аказання паслуг, захоўвання, а таксама няўстойку (штраф, пені) у сувязі з такой запазычанасцю, калі яе выплата прадугледжана заканадаўствам або дагаворам, прызнаных даўжніком у пісьмовай форме.

Пастановай унесены карэкціроўкі ў частцы ўказання асоб, якія падпісваюць дакумент аб разліку сумы запазычанасці, і прадстаўлення дакументаў, што пацвярджаюць паўнамоцтвы гэтых асоб на яго падпісанне.

Для спагнання запазычанасці ў бясспрэчным парадку на падставе выканаўчых надпісаў натарыусаў па дагаворах аб аказанні паслуг сувязі, па патрабаваннях, заснаваных на крэдытным дагаворы, і іншых дагаворах з улікам заключаных дагавораў уступкі патрабавання, а таксама ў выпадку пераводу даўжніком (са згоды крэдытора) сваёй запазычанасці Пералік дапоўнены пунктам 28, дзе вызначаюцца дадатковыя дакументы, якія павінен прадставіць спагнаннік для здзяйснення адпаведнага выканаўчага надпісу.

Унесеныя змены і карэкціроўкі накіраваны на спрашчэнне працэдуры спагнання даўгоў па пералічаных дагаворах.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?