Вы тут

На Кубе абвешчана 9-дзённая жалоба ў сувязі са смерцю Фідэля Кастра


Увечары 25 лістапада на 91-м годзе жыцця памёр былы лідар Кубы Фідэль Кастра. Пра гэта паведаміў яго брат, Старшыня Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы Рауль Кастра, у эфіры дзяржаўнага тэлебачання. 


Фідэль Кастра кіраваў Кубай амаль пяцьдзясят гадоў. У 2008 годзе ён перадаў паўнамоцтвы свайму брату Раулю, аднак фактычна адышоў ад спраў за два гады да гэтага. У 2013 годзе Кастра расказаў, што прыняў гэтае рашэнне пасля таго, як урачы выявілі ў яго смяротнае захворванне страўніка. 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў шчырыя спачуванні і пажаданні стойкасці і мужнасці Раулю Кастра, а таксама народу Кубы. 

"Фідэль Кастра назаўжды ўвайшоў у гісторыю, як палымяны патрыёт, які прысвяціў сваё жыццё самаадданаму служэнню Радзіме і ідэалам Кубінскай Рэвалюцыі. З'яўляючыся кіраўніком невялікай карыбскай дзяржавы, ён стаў палітычным дзеячам планетарнага маштабу, які аказаў значны ўплыў на развіццё падзей у свеце ў XX стагоддзі і на перспектыву", – адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. 

Паводле яго слоў, паслядоўная дзейсная дзейнасць Фідэля Кастра стала каталізатарам фарміравання такіх адметных рысаў кубінскага народа, як любоў да свабоды і гатоўнасць цвёрда адстойваць свае погляды. "Для ўсіх нас і міжнароднай супольнасці яго вялікая асоба застанецца прыкладам нясхільнага і сумленнага чалавека, сапраўднага народнага і нацыянальнага лідара, яркім прыкладам для паплечнікаў і паслядоўнікаў, – падкрэсліў Прэзідэнт. – У Беларусі вельмі высока цэняць выключныя намаганні і важкі ўклад Фідэля Кастра ў развіццё двухбаковых адносін паміж нашымі краінамі. Яго светлае імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю станаўлення беларуска-кубінскага стратэгічнага партнёрства". 


Кнігу спачуванняў у сувязі са смерцю Фідэля Кастра адкрыюць у кубінскім пасольстве ў Мінску 28 лістапада

Кніга спачуванняў будзе адкрыта з 28 лістапада па 4 снежня. Зрабіць запіс у ёй са словамі спачуванняў можна будзе з 9.00 да 13.00 і з 15.00 да 18.00, паведамляе БелТА.


Многія сусветныя лідары выказалі словы спачування ў сувязі са смерцю камандантэ. 

Як паведамляе Газета.Ру, Уладзімір Пуцін адзначыў, што Кастра быў "яркім палітычным дзеячам, патрыётам, які служыў сваёй радзіме". Па словах расійскага прэзідэнта, лідэр кубінскай рэвалюцыі набыў любоў кубінскага народа і павагу ўсёй міжнароднай супольнасці. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце Крамля. 

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў ад імя ўсяго казахстанскага народа і ад сябе асабіста выказаў шчырыя спачуванні ўсяму народу Кубы. 

"Фідэль Кастра назаўжды застанецца ў памяці народа Казахстана як мудры лідэр, аўтарытэтны палітык і гістарычная асоба, якая ўнесла вялікі ўклад ва ўмацаванне двухбаковых стасункаў", – гаворыцца ў тэлеграме, тэкст якой размешчаны на сайце прэзідэнта Казахстана. 

Прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Фідэля Кастра. Заява апублікавана на сайце канадскага прэм'ера. "З глыбокім смуткам даведаўся сёння пра смерць прэзідэнта Кубы, які кіраваў краінай даўжэй усіх", – адзначыў ён. "Кастра быў больш чым лідар, які "служыў свайму народу на працягу амаль паўстагоддзя"

Свае спачуванні Раулю Кастра, яго сям'і і кубінскаму народу накіраваў і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, піша Газета.Ру

"Фідэль Кастра быў увасабленнем кубінскай рэвалюцыі, у надзеі, якую яна абудзіла, у расчараванні, якое рушыла потым. Ён даў кубінцам магчымасць ганарыцца адарваннем ад замежнага панавання", – гаворыцца ў заяве Аланда, якая размешчана на сайце Елісейскага палаца. 

У сувязі са смерцю Фідэля Кастра на Кубе ў гэтыя дні абвешчана 9-дзённая жалоба. У адпаведнасці з воляй камандантэ, яго цела будзе крэміравана. Пахаванне адбудзецца 4 снежня ў горадзе Сант'яга-дэ-Куба.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?