Вы тут

Мікалай Барысенка: У мяне няма права на выдумку


Сярод лаўрэатаў другой Нацыянальнай літаратурнай прэміі, чые імёны былі названы сёлета падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Рагачове, ёсць і прозвішча ваеннага пісьменніка, кіраўніка Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «ВІККРУ» Мікалая Барысенкі. Яго кніга «Рэха «Вялікай вайны» ва Усходняй Беларусі (1914—1918)» прызнана лепшым публіцыстычным выданнем. Мы папрасілі аўтара расказаць пра сваю пісьменніцкую творчасць, адзначыць найбольш цікавыя тэмы, падзяліцца планамі на будучыню. І пачалі, вядома, з кнігі-пераможцы.


— Тэма Першай сусветнай вайны досыць мала даследаваная. У савецкі час пра яе герояў нават не ўспаміналі. А потым сышлі з жыцця тыя, хто мог расказаць. Напэўна, цяжка было знайсці матэрыял?

— Наадварот, кніга якраз пісалася вельмі лёгка. Упершыню ў гісторыі так адкрыта гаворыцца тут пра Георгіеўскіх кавалераў — ураджэнцаў Беларусі. А гэта, калі параўноўваць, была адзнака высокага ўзроўню, накшталт Героя Савецкага Саюза. Толькі пра іх незаслужана забылі. Факты для кнігі збіраліся апошнія тры гады. Кінулі кліч праз абласную газету «Магілёўскія ведамасці», маўляў, адгукніцеся. І знайшліся людзі, якія дзяліліся інфармацыяй, прыносілі рэдкія фотаздымкі. У кнізе я расклаў па палічках усё, што адбывалася падчас вайны на тэрыторыі Магілёўскай губерні (а гэта амаль уся Усходняя Беларусь). Мы былі тылавым раёнам, тут баявых дзеянняў не вялося. Працавалі шпіталі, з'явілася шмат бежанцаў. Спачатку гэты людскі паток пракаціўся на ўсход, потым зноў на захад. Знайшлося шмат цікавых, раней не вядомых фактаў пра стаўку Мікалая ІІ у Магілёве.

— Калі ў вас, гісторыка, пошукавіка, прачнуўся пісьменнік? Што прымусіла ўзяцца за пяро?

— Вопыт. Ён быў такі багаты і карысны, што я не меў права не пісаць. Як той казаў, кнігі пачынаеш пісаць, калі няма сілы трываць. Словы так і просяцца на паперу. Я нават не лічу, колькі ў мяне кніг. Напэўна таму, што крыху прымхлівы, баюся сурочыць. Дзесьці паміж 10 і 15. Цвёрдае жаданне аформіць свае думкі ў кнігу ўпершыню з'явілася ў 1993 годзе, калі стаў загадчыкам аддзела краязнаўства. Хаця яно ўзнікала і раней, калі працаваў настаўнікам і выхавальнікам у школе для цяжкавыхоўных. Там было столькі цікавых гісторый, некаторыя я запісваў, нешта ўспамінаў са свайго дзяцінства. Я ж таксама быў не падарунак. А першыя замалёўкі пачаў пісаць, калі служыў на флоце.

Пасля школы я махнуў у Калінінград, дзе скончыў «мараходку». Служыў штурманам далёкага плавання. Усё, што бачыў цікавага, запісваў у тоўсты сшытак.

Усю Атлантыку абышоў, любаваўся маляўнічымі пейзажамі Афрыкі, пабываў у большасці партоў Еўропы. Некаторыя свае замалёўкі пасылаў у магілёўскія і калінінградскія газеты, і іх друкавалі. Калі перайшоў на «сухапутны» лад жыцця, закончыў гістфак БДУ. Першая мая кніга выйшла ў 1994 годзе, яна была маленькая па фармаце і прысвячалася краязнаўству. Тады пачуццё патрыятызму было на ўздыме і попыт на такую літаратуру існаваў вялікі.

— А пасля якой кнігі вы сябе ўпэўнена адчулі пісьменнікам?

— Напэўна, пасля таго, як выйшла кніга «Дняпроўскі рубеж» і дзясяткі тры артыкулаў на ваенную тэматыку. Усё гэта цесна звязана з пошукам. Пошукавай работай я заняўся сур'ёзна дзесьці ў канцы 90-х — пачатку 2000-х.

— Як хутка атрымліваецца апрацаваць матэрыял і надаць яму форму стройнага апавядання?

— Па-рознаму. Могуць прайсці гады, а можна і за год напісаць кнігу або за паўгода. Усё залежыць ад тэмы, якую раскрываеш, а яшчэ ад аб'ёмаў, у якія ты пастаўлены. Часта бывае, што матэрыялу ёсць на 200 старонак, а трэба ўкласціся ў 50. А часам пачынаеш пісаць і не ведаеш, што атрымаецца ў выніку. Тая ж кніга «Наш край Магілёўскі». Гэта своеасаблівы даведнік пра нашу вобласць. Я думаў яе старонак на 300 зрабіць, а атрымалася — 740.

— Пісьменнік можа дапускаць вольную інтэрпрэтацыю фактаў, фантазіраваць. У вас зусім іншы падыход.

— Калі ты займаешся мастацкай літаратурай, ты вольны ў выбары. Можаш выдумляць, неабмежавана фантазіраваць.

А калі ты займаешся навукова-папулярнай дакументалістыкай або ваеннай публіцыстыкай, тут не маеш права на вымысел. Гэта ж дакументы, факты, чалавечыя жыцці. Гісторыя не мае ўмоўнага ладу.

— А хацелася б стварыць мастацкі твор? Нешта накшталт «Жывых і мёртвых» Сіманава, або «Сыны ідуць у бой» і «Вайна пад стрэхамі» Адамовіча. Там таксама рэальныя факты, але ж у мастацкім абрамленні.

— Так. У мяне дзве мары. Першая — напісаць мастацкую кнігу пра магілёўскія каштоўнасці. Я маю на ўвазе ўсе тыя багацці, якія падчас вайны былі вывезеныя з музея ў Магілёве і зніклі па дарозе, — крыж Ефрасінні Полацкай, золата Пампеі і гэтак далей. Яны не знайшліся па сённяшні дзень, і гэта цікавіць кожнага пошукавіка. Спадзяёмся, што каштоўнасці не былі вывезеныя ні ў Маскву, ні ў Амерыку, што яны ляжаць дзесьці ў ваколіцах Магілёва або Чавусаў. 12 ліпеня кальцо вакол Магілёва ўжо закрылася, немцы гаспадарылі на тым беразе Дняпра. Вайна ў гэты час ідзе не толькі па лініі фронту, перадавыя войскі апярэджваюць асноўныя на 50—100 кіламетраў, закідваюць дыверсантаў, сеюць паніку. Савецкія дыверсанты ў тыле ворага — гэта якраз другая тэма, якая мяне цікавіць. Я глыбока ўпэўнены, што ніколі Беларусь не стала б партызанкай у тым выглядзе, у якім яна ёсць, калі б не тыя людзі, якія закідваліся да нас па лініі НКУС, Беларускага і Цэнтральнага штабоў партызанскага руху, разведаддзелаў штабоў і франтоў. Вакол іх ствараліся партызанскія атрады. Не партыя кіравала, якая разбеглася ў 1941—1942-х гадах, а яны. Толькі тады, калі сталі масава стварацца партызанскія атрады, партыя іх узначаліла. Матэрыял у мяне ўжо сабраны. Сюжэт ёсць, героі прыдуманыя. Падзеі будуць набліжаны да рэальных. Раёны, населеныя пункты, дзе адбываліся падзеі, будуць названы сваімі імёнамі. У якасці герояў выступаюць канкрэтныя людзі, з якімі я сустракаўся па жыцці. Уся астатняя начынка — мастацкая. Трэба толькі сесці і ўсё апрацаваць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».