Вы тут

Віарэл Машану: Румынія падтрымлівае дыялог паміж ЕС і Беларуссю


1 снежня ў Румыніі нацыянальнае свята — Нацыянальны дзень краіны. Ён сімвалізуе ўзаконьванне сучаснай румынскай дзяржавы і пацвярджэнне румынскай ідэнтычнасці ў вялікім еўрапейскім кантэксце нацый. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь Віарэл Машану другі раз адзначае сваё нацыянальнае свята ў Беларусі: летась, літаральна напярэдадні святочнай даты, адбылося яго прызначэнне на пасаду. Мінуў год. Якім ён аказаўся для дыпламата? Які напрамак мае развіццё румынска-беларускіх адносін? І наогул, якой убачылася паслу Беларусь?


— Спадар Віарэл, што, на Ваш погляд, збліжае нашы краіны?

— Як заўсёды, святкаванне Нацыянальнага дня краіны з'яўляецца добрай нагодай для падвядзення вынікаў ужо зробленага і вызначэння мэт будучай дзейнасці. За апошнюю чвэрць стагоддзя румынскае грамадства прайшло цярністы і складаны шлях рэфармавання ва ўсіх галінах, а таксама адаптацыі да новых рэалій свету. Сёння, рыхтуючыся да святкавання стагоддзя з дня аб'яднання, Румынія з'яўляецца членам самых важных еўрапейскіх і еўраатлантычных арганізацый — ЕС і НАТА, актыўна ўдзельнічае ў еўрапейскіх і сусветных працэсах.

Румынія, адказны член міжнароднай супольнасці, зацікаўлена ў пашырэнні прасторы стабільнасці, развіцця і дабрабыту ў сваім суседстве. Менавіта таму наша краіна вітае намаганні, прыкладзеныя Рэспублікай Беларусь у апошнія гады для таго, каб заявіць пра сябе як пра рэгіянальны фактар стабільнасці. Румынія пазітыўна ацаніла пазіцыю Рэспублікі Беларусь адносна прадастаўлення пляцоўкі для ўрэгулявання ўкраінскага крызісу, узважаны і канструктыўны падыход беларускіх улад да разгляду іншых міжнародных пытанняў.

— Аб якіх станоўчых зменах у румынска-беларускіх адносінах Вы хацелі б расказаць?

— За апошнія два гады мы сталі сведкамі актывізацыі двухбаковых адносін, якія дазволілі ўзняць узровень нашага супрацоўніцтва на больш высокую ступень. Па сутнасці, двухбаковае супрацоўніцтва заснавана на трох галоўных «кітах»: палітычны дыялог, эканамічнае супрацоўніцтва, культурныя, гуманітарныя і міжасобасныя зносіны. Па кожным з вышэйназваных напрамкаў былі зафіксаваны значныя зрухі.

У гэтым годзе атрымаў працяг двухбаковы дыялог на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін шляхам арганізацыі ў Мінску шэрагу кансультацый на ўзроўні намеснікаў міністраў. Таксама адбыўся візіт у Беларусь дэлегацыі парламенцкай групы дружбы «Румынія — Беларусь». Былі арганізаваны рабочыя кантакты і на іншых узроўнях, што паспрыяла ў сваю чаргу каардынацыі дзейнасці бакоў па розных міжнародных пытаннях. Упэўнены, што гэты ўзаемавыгадны дыялог працягнецца і ў наступным годзе. Карыстаюся выпадкам, каб таксама прывітаць рашэнне беларускіх улад адносна нядаўняга прызначэння пасла ў Бухарэсце.

— Чым адметна эканамічнае супрацоўніцтва? Яго вынікі, як вядома, яскрава сведчаць пра зрухі ў сустрэчным напрамку.

— У чэрвені гэтага года ў Мінску была адноўлена работа Міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. З гэтай нагоды таксама адбыўся форум дзелавых колаў дзвюх краін. Думаю, што намаганні па развіцці супрацоўніцтва ў гэтай сферы павінны ставіць большы акцэнт на канкрэтныя праекты, ідэнтыфікаваныя мясцовымі ўладамі, гандлёва-прамысловымі палатамі і інвестыцыйнымі экспертамі. Спадзяёмся, што патрэбны імпульс у інвестыцыйным супрацоўніцтве будзе мець і праграма мадэрнізацыі беларускай прамысловасці, у тым ліку працэс прыватызацыі.

— У чым, Вы лічыце, можа быць яшчэ плён ад нашага партнёрства?

— Румынія заўсёды падтрымлівала развіцце дыялогу і супрацоўніцтва паміж ЕС і Рэспублікай Беларусь і будзе далей прыкладаць да гэтага свае намаганні. Мы вітаем канкрэтныя вынікі новай палітыкі адкрытасці і супрацоўніцтва, адзначаныя ў апошнія два гады: зняцце рэжыму санкцый, развіццё двухбаковага дыялогу па правах чалавека і пытаннях прававой дзяржавы, супрацоўніцтва ў галіне гандлю, інвестыцый, энергіі, мабільнасці грамадзян і інш.

Мы выказваемся за развіццё праектаў і праграм, якія ўяўляюць цікавасць для абедзвюх краін у рамках еўрапейскай палітыкі суседства, якое заключаецца ў тым ліку ў абмене поглядамі адносна прыярытэтаў партнёрства паміж дзвюма краінамі.

Румынія вітае актыўны ўдзел Рэспублікі Беларусь у праграме Усходняга Партнёрства. Мы цэнім цесныя адносіны Беларусі з іншымі яе членамі і асабліва гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Рэспублікай Малдова, якое аказвае дадатковую падтрымку гэтай блізкай для нас дзяржаве.

— Сваімі гуманітарнымі праектамі Вы здзівілі беларускую публіку сёлета тройчы. Спярша мы апладзіравалі музыкантам-віртуозам, пасля захапляліся вытанчанай пластыкай тэатральных майстроў. І вось цяпер — бенефіс румынскай скульптуры...

— Культурныя праекты нашага пасольства мелі сваёй мэтай стварэнне не толькі новых мастоў пазнання, але і культурных мастоў паміж нашымі народамі, надзвычай важных у цяперашнім свеце з яго праблемамі і нестабільнасцю. Для таго каб нашы народы лепш разумелі адзін аднаго, мы ставілі і будзем ставіць акцэнт на сумесныя румынска-беларускія праекты, накшталт тых, што былі арганізаваны разам з Белдзяржфілармоніяй або нядаўні — з Беларускай акадэміяй мастацтваў.

— Узаемапранікненне культур узбагачае нашы нацыі. Якія творчыя праекты яшчэ наблізяць Беларусь да Румыніі? Відавочна магчымасць і зваротнай сувязі.

— Вядома, хочацца, каб праектаў было як мага больш і каб яны сталі больш разнастайнымі. Адзін з праектаў, які мы хочам арганізаваць у красавіку 2017 года, упішацца ў фармат «Джазавай дыпламатыі», які мы пачалі ў красавіку гэтага года. Гэта новы сумесны праект з удзелам сімфанічнага аркестра Белдзяржфілармоніі, які будзе выконваць музыку знакамітай румынскай джазавай спявачкі. Наогул, гэта павінен быць трохбаковы праект, але імёны я пакуль раскрываць не буду, каб захаваць элемент сюрпрызу. Праз некалькі дзен кіраўнік Беларускага нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў паедзе ў Бухарэст, і мы вельмі спадзяёмся, што пасля яго візіту новыя праекты з'явяцца і ў гэтай сферы. Мы таксама працуем над тым, каб больш актыўным стала супрацоўніцтва паміж нацыянальнымі бібліятэкамі дзвюх краін.

— Як у Румыніі адзначаюць нацыянальнае свята?

— Свята традыцыйна пачынаецца з ваеннага парада, вельмі папулярнага сярод жыхароў вялікіх гарадоў, дзе ён праводзіцца. Пасля гэтага, нягледзячы на зімовае надвор'е, людзі весяляцца на канцэртах, удзельнічаюць у кірмашах. Нацыянальнае свята адзначаецца адразу пасля яшчэ аднаго важнага рэлігійнага свята — 30 лістапада, дня святога Андрэя, які шануецца Румынскай Праваслаўнай царквой як заступнік усіх румынаў. Пачынаючы з бягучага года гэты дзень таксама быў аб'яўлены нерабочым, што надасць агульнаму святкаванню новае, духоўнае адценне.

— Што Вы паведамляеце пра краіну, з якой Вас звязаў лёс дыпламата, на Радзіму?

— Дыпламат у кожнай краіне, дзе ён знаходзіцца, раней ці пазней пачынае адчуваць сімпатыю да народа, культуры, гісторыі таго месца. Інакш немагчыма зразумець грамадства, у якім ты жывеш, і перадаць на Радзіму інфармацыю, патрэбную для развіцця двухбаковых адносін ва ўсіх галінах. Упэўніваю Вас, што такія звесткі наша пасольства паведамляе і будзе паведамляць для таго, каб румыны і беларусы сталі бліжэйшыя, разумелі адзін аднаго лепш і супрацоўнічалі на карысць міра, стабільнасці і дабрабыту нашых нацый.

— У такім выпадку, спадар Віарэл, перадайце сваім землякам ад беларусаў самыя шчырыя словы віншаванняў. Румынія — краіна, якая не можа не захапляць. Яна вабіць сваёй старажытнасцю, чаруе загадкавай прыродай. Няхай і на душы яе народа будзе заўсёды шчасліва і радасна!

Дзякуй за інтэрв'ю.

Алена СТЭЛЬМАХ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «Тры кіты» дружбы і супрацоўніцтва

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.