Вы тут

Неабходна зніжаць аб'ём выкідаў парніковых газаў


У найбліжэйшыя гады міжнароднай супольнасці неабходна прыкладаць намаганні для зніжэння аб'ёму выкідаў парніковых газаў, — адзначылі ўдзельнікі кліматычнага саміту ў Марока.


З 7 па 18 лістапада ў Маракешы (Марока) прайшла Першая сесія Канферэнцыі Бакоў, што дзейнічае ў якасці нарады Бакоў Парыжскага пагаднення, прымеркаваная да чарговай 22-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату. У рабоце Кліматычнай канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 25 тысяч дэлегатаў з 196 краін, у тым ліку міжнародныя, пазаўрадавыя, грамадскія арганізацыі. Гэта чарговы раз дэманструе, што праблема змянення клімату займае адзін з прыярытэтных кірункаў у большасці краін свету.

Як сказана ў сумеснай заяве ўдзельнікаў, у найбліжэйшай будучыні, асабліва ў наступныя 15 гадоў, міжнароднай супольнасці неабходна прыкладаць намаганні для зніжэння аб'ёму выкідаў парніковых газаў. Удзельнікі Канферэнцыі таксама паабяцалі дабівацца азелянення сваёй эканомікі, нарошчваць долю ўзнаўляльных крыніц энергіі ў агульным энергетычным балансе і прымаць меры па адаптацыі да наступстваў глабальнага пацяплення.

Па словах начальніка аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Мінпрыроды Марыны Філіпюк, асаблівасцю 22-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі аб змяненні клімату ААН было ўступленне ў сілу Парыжскага пагаднення і першая сесія краін — удзельніц гэтага пагаднення.

— Па стане на 20 лістапада дакумент ратыфікавалі 112 краін, адказных за 77% выкідаў (з Групы Дваццаці сярод іх няма толькі Расіі і Турцыі), і таму было вырашана на два гады скараціць час работы над «правіламі» і прыняць іх у канцы 2018 года на 24-й Канферэнцыі бакоў, — расказала Марына Філіпюк. — Правілы павінны ахопліваць розныя пытанні справаздачнасці і верыфікацыі даных, крытэрыі і працэдуры разгляду міжнародных праектаў, парадак падвядзення вынікаў глабальнай дзейнасці і інш.

Актыўны ўдзел у рабоце «кліматычнага саміту» прыняла і беларуская дэлегацыя на чале з міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Каўхутам.

Работа беларускай дэлегацыі праходзіла па многіх кірунках перагаворнага працэсу, уключаючы ўнясенне ў асноўныя дакументы канферэнцыі палажэнняў: аб паляпшэнні ўмоў перадачы найлепшых тэхналогій; ацэнцы патэнцыялу змякчэння ўздзеянняў на клімат кожнай краінай; неабходнасці ўліку асаблівай ролі тарфянікаў, водна-балотных угоддзяў і лясных экасістэм у паглынанні вугляроду; паляпшэнні патэнцыялу адаптацыі да змянення клімату ў кожнай краіне; доступе Беларусі да фінансавых рэсурсаў для прыняцця мер па змякчэнні ўздзеянняў на клімат і адаптацыі да яго змяненняў; уліку асаблівасцяў краін у галіне прадастаўлення фінансавай дапамогі, перадачы тэхналогій і інстытуцыянальнай сістэмы ўліку выкідаў.

— Вялікім дасягненнем дэлегацыі з'яўляецца ўключэнне ў афіцыйны праект рашэння Канферэнцыі па Зялёным кліматычным фондзе фармулёўкі, у адпаведнасці з якой краінам прапаноўваецца накіроўваць свае меркаванні і рэкамендацыі, якія неабходна браць пад увагу пры распрацоўцы кіруючых указанняў для Зялёнага кліматычнага фонду штогод, не пазней за 10 тыдняў да пачатку Канферэнцыі, — адзначыла прадстаўнік Мінпрыроды.

Пасля заканчэння Канферэнцыі прадстаўнікі бакоў Парыжскага пагаднення павінны распрацаваць планы мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў гэтага дакумента. Згодна з адпаведнай пастановай Савета Міністраў ад 21 верасня 2016 года, Беларусь павінна завяршыць работу ў гэтым кірунку да 1 лютага 2017 года. Зараз Мінпрыроды плануе распрацаваць праект плана.

— Паколькі на міжнародным узроўні распрацоўка планаў, інструкцый, методык па Парыжскім пагадненні толькі пачынаецца, неабходна вельмі ўважліва, сур'ёзна і акуратна падысці да падрыхтоўкі нашага плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Парыжскага пагаднення, паралельна працуючы на міжнароднай перагаворнай кліматычнай арэне, — расказала начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Мінпрыроды Таццяна Еўдасёва.

Больш падрабязна пытанне «Што неабходна зрабіць у Рэспубліцы Беларусь, працуючы над выкананнем палажэнняў Парыжскага пагаднення», будзе абмяркоўвацца ў межах аднайменнага «круглага стала», які пройдзе 29—30 лістапада 2016 года ў Мінску.

Парыжскае пагадненне, прынятае на 21-й сесіі Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату ў Парыжы 12 снежня 2015 года, падпісанае 22 красавіка 2016 года, увайшло ў сілу 4 лістапада 2016 года. Рэспубліка Беларусь стала паўнапраўным бокам Парыжскага пагаднення ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 2016 года №345.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Час дзейнічаць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».