Вы тут

Новыя верталёты Мі-8 папоўнілі авіяпарк Ваенна-паветраных сіл


Шэсць новых верталётаў Мі-8 папоўнілі авіяпарк Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. На ўрачыстай перадачы вінтакрылых машын асабоваму складу 50-й змешанай авіяцыйнай базы пабывалі карэспандэнты «Звязды». І аднымі з першых даведаліся пра магчымасці баявой тэхнікі.


І гэта толькі першая партыя верталётаў, пастаўленых у межах кантракта, падпісанага падчас Міжнароднага ваенна-тэхнічнага форуму «Армія-2015» з прадстаўнікамі холдынгу «Верталёты Расіі». Яшчэ шэсць баявых машын паступяць на ўзбраенне беларускага войска ў наступным годзе.

Першым асабовы склад 50-й змешанай авіябазы павіншаваў міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ, пажадаўшы авіятарам поспехаў у асваенні новай тэхнікі і яе безаварыйнай эксплуатацыі.

Генеральны дырэктар акцыянернага таварыства «Верталёты Расіі» Аляксандр МІХЕЕЎ назваў прыняцце на ўзбраенне беларускай арміі новых Мі-8 вельмі важнай падзеяй для верталётабудаўнікоў Расіі. «Гэтыя верталёты — адны з самых лепшых у свеце, — падкрэсліў кіраўнік холдынгу. — Яны зарэкамендавалі сябе ва ўсіх гарачых кропках і спецаперацыях. Прынятыя на ўзбраенне ў тым ліку Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі, яны з'яўляюцца ўзорамі верталётнай тэхнікі вытворчасці Казанскага верталётнага завода».

Нягледзячы на нялётнае надвор'е (а ўчора, калі адбывалася ўрачыстасць, на аэрадроме авіябазы без перабольшання бушавала завіруха), новыя верталёты падняліся ў неба. І не толькі, каб прадэманстраваць, што ў любое надвор'е лётчыкі могуць выканаць задачу па прызначэнні. Лётныя экіпажы ва ўзаемадзеянні з сіламі спецыяльных аперацый на практыцы паказалі некаторыя магчымасці баявых машын.

Верталёт Мі-8 МТВ-5 здольны выконваць задачу як днём, так і ноччу, у самых розных метэаўмовах, можа ўзлятаць і прызямляцца з непрадугледжаных для гэтага пляцовак. Баявая машына адрозніваецца сучасным комплексам пілатажна-навігацыйнага абсталявання і радыёсувязі, сістэмай беспарашутнага дэсантавання, якая адначасова дазваляе праводзіць спуск чатырох чалавек. Колькасць пасадачных месцаў павялічана тройчы, што дае магчымасць адначасова дэсантаваць да 35 чалавек, ажыццявіць транспарціроўку да 12 параненых разам з суправаджальным медыцынскім персаналам.

— Для нашай тэрыторыі гэта не толькі эфектыўны сродак агнявой падтрымкі, а і транспартны сродак для забеспячэння баявых дзеянняў войск, — адзначыў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег БЕЛАКОНЕЎ. — Верталёт Мі-8 МТВ-5 дастаткова мадэрнізаваны, ён змяшчае вельмі эфектыўную сістэму выяўлення снарадаў або ракет, што поўнасцю засцерагае экіпаж ад небяспекі.

Ажыц­ця­віць дэ­сант ад­на­ча­со­ва мо­гуць да 35 вай­скоў­цаў.

Як расказаў камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёр Алег ДВІГАЛЕЎ, верталёт можа выкарыстоўвацца не толькі ў баявых і транспартных, а і ў выратавальных і разведвальных мэтах. «Усе верталёты прыляцелі сваім ходам з Казані, — удакладніў камандуючы ВПС і войскамі СПА. — Верталётчыкі, якія пілатавалі іх у Беларусь, вельмі задаволены. Нават параўноўвалі тэхніку з самымі сучаснымі аўтамабілямі».

Авіяцыйны парк Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі пачаў абнаўляцца яшчэ летась. Праводзіцца мадэрнізацыя тых узораў лятальных апаратаў, якія ўжо стаяць на ўзбраенні беларускай арміі. У красавіку мінулага года навукова-вытворчая карпарацыя «Іркут» паставіла ў нашу краіну чатыры вучэбна-баявыя самалёты
Як-130, якія ўжо актыўна асвойваюць лётчыкі 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы. На мінулым тыдні славутае воінскае злучэнне прыняло на ўзбраенне яшчэ чатыры вучэбна-баявыя самалёты Як-130. Застаецца толькі спадзявацца, што і тыя, і іншыя будуць прыменены толькі ў мірных мэтах.

Штур­ман авія­цый­на­га атра­да ка­пі­тан Дзя­ніс Ма­цу­ле­віч.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Ад вінта!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».