Вы тут

У Мінску пройдуць Другія беларускія калядныя чытанні


1 і 2 снежня ў Мінску пройдуць Другія беларускія калядныя чытанні. Сёлета яны маюць адметную тэму — «1917—2017. Праваслаўе ў гісторыі і культуры Беларусі: вынікі стагоддзя». У цэнтры ўвагі чытанняў будуць актуальныя праблемы духоўна-маральнага жыцця беларускага грамадства, культурная спадчына, а таксама гістарычная рэтраспектыва мінулага стагоддзя.


Зле­ва на­пра­ва: Сер­гій Ле­пін, Аляк­сандр Ка­ва­ле­ня, епіс­кап Ве­ні­я­мін, Ма­рыя Не­цвя­та­е­ва.

Як паведаміў епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, да ўдзелу ў чытаннях запрошаны святары, прадстаўнікі ўлады, дзеячы культуры, навуковыя супрацоўнікі, прадстаўнікі сілавых структур, устаноў адукацыі і многія іншыя. Сваю работу распачне тэматычная фотавыстаўка. Адначасова будзе прадстаўлена экспазіцыя з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — наведвальнікі змогуць убачыць рэдкія рукапісныя і старадрукаваныя кнігі. Некаторыя з іх увазе публікі будуць прапанаваныя ўпершыню.

— Мы чакаем не толькі асоб высокага рангу, але і школьнікаў з іх дакладамі, прадстаўнікоў раённай інтэлігенцыі, — заўважыў протаіерэй Сергій ЛЕПІН на сустрэчы з журналістамі. — Мы прынцыпова адкрытыя для розных наведвальнікаў. Будзем рады, калі чытанні зацікавяць не толькі праваслаўных, але і прадстаўнікоў іншых канфесій. Будзе прыемна, калі далучацца таксама прадстаўнікі розных прафесій і спецыяльнасцяў.

Падчас чытанняў адбудзецца ганаровае ўзнагароджванне найлепшых педагогаў граматай Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай праваслаўнай царквы. Будуць падведзены вынікі конкурсу дзіцячага малюнка. У перспектыве плануецца заснаванне прэміі «За маральны подзвіг настаўніка».

Акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр КАВАЛЕНЯ адзначыў:

— Нацыянальная акадэмія навук вядзе сёння вялікую работу па даследаванні гісторыі царквы. Штогод мы рыхтуем каля 100 манаграфій, датычных гэтай тэмы. У некага можа ўзнікнуць пытанне, ці не супрацьпастаўляем мы рэлігію і навуку?.. Я думаю, што абодва гэтыя паняцці ў нашай краіне ўспрымаюцца як дзве чашы вагаў. Яны павінны ўзаемадзейнічаць. У 2003 годзе мы заключылі дагавор аб супрацоўніцтве з беларускай праваслаўнай царквой. Гэта вялікія даследаванні, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. За гэты час правялі каля дзясятка навуковых канферэнцый — у Жыровічах, Капылі, Слуцку, Смаргоні і многіх іншых рэгіёнах краіны. Я думаю, такая традыцыя будзе спрыяць умацаванню міжнацыяльнага і міжканфесійнага супрацоўніцтва.

Урачыстае адкрыццё і пленарнае пасяджэнне Другіх беларускіх чытанняў, прымеркаваных да Раства, адбудзецца 1 снежня аб 11-й гадзіне ў канферэнц-зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Дзеля міжканфесійнага міру

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.