Хто сачыў за адборам на дзіцячае «Еўрабачанне» апошнія два гады, успомніць яркі, эмацыянальны голас Зіны Купрыяновіч. Дзяўчына двойчы была сярод фіналістаў нацыянальнага конкурсу, а яе песня «Мір» стала гімнам «Гонкі легенд» з Дар'яй Домрачавай. Сёлета маладую спявачку таксама пачуюць многія, прычым не толькі са сцэны. У снежні кінатэатры Беларусі пакажуць анімацыйны фільм «Маана» студыі Уолта Дыснея. У рускім дубляжы голас Зіны атрымала галоўная гераіня незвычайнай гісторыі — смелая і вынаходлівая дачка правадыра на адным з астравоў Ціхага акіяна.
Сустрэць Зіну ў дзіцячым прадзюсарскім цэнтры «Super Puper» можна нават у выхадныя — дзяўчына займаецца сама і развучвае танцы з малодшымі дзецьмі.
— Як даўно ты пачала танцаваць?
— Прыблізна год таму. А з верасня пачала вучыць гэтаму іншых. Цяпер я рэжысёр-пастаноўшчык кліпа, рыхтую танцавальную частку да здымак, і гэта займае ледзь не ўвесь час. Мне падабаецца вучыць: гэта весела, цікава, часам цяжка, але ў выніку ўсё добра заканчваецца і бачны плён ад працы.
— Да 14 гадоў ты паспела паўдзельнічаць больш чым у трох сотнях канцэртаў. Якія планы на будучыню?
— Пакуль што атрымліваю запрашэнні на канцэрты, якія адбываюцца ледзь не кожны тыдзень і з рознай нагоды. Але вялікіх пакуль не плануецца. Калі ж гаварыць пра тыя мерапрыемствы, дзе мару пабываць, то хацелася б трапіць на дарослую «Новую хвалю», бо я ўжо лаўрэат дзіцячай часткі гэтага конкурсу. Яшчэ будзе цікава зноў паспрабаваць сілы ў конкурсе «Голас», але таксама ў дарослым складзе.
— Ёсць любімая песня з выступленняў?
— Ёсць некалькі аўтарскіх песень, у стварэнні якіх я ўдзельнічала. З аўтарам Валерыем Шматам мы супрацоўнічаем чатыры гады, і ён напісаў самыя вядомыя кампазіцыі: «Космас», «Мір», «Чыстая сляза». Тады мы адпрацоўвалі з ім кожны нюанс, я магла папрасіць замену для нейкага слова, ці паглыбіць біты, ці перарабіць нейкі пераход... Песні, якія ствараюцца на тваіх вачах, спяваць куды прыемней.
— Акрамя сольных нумароў, табе даводзілася бываць на сцэне са знакамітымі артыстамі. Якое сумеснае выступленне найбольш паўплывала на цябе?
— Выступала разам з Юліянай Каравулавай, Дзянісам Кляверам, ІOWA, Дамінікам Джокерам... Вельмі класна аказалася быць побач на сцэне з ІOWA. Гэта было маё першае выступленне з «зоркай», і я атрымала многа адрэналіну, адчувала, што эмоцыі літаральна гатовыя выбухнуць, скакала, падала... Мне тады артыст упершыню распісаўся на куртцы.
— Ці ёсць славутасць, на якую ты раўняешся?
— Хачу быць сабой і не паўтараць кагосьці. А сваім ідэалам у жыцці магу назваць спявачку Бейонсэ, бо яна цікавы чалавек, цудоўная выканаўца і артыстка, добрая жонка і маці.
— Якой бачыш сябе на сцэне праз некалькі гадоў?
— Пакуль не ведаю, бо жыву сённяшнім днём. Думаю, сапраўдны артыст дорыць мноства пазітыўных эмоцый гледачам і слухачам. У мяне ёсць фанаты, я стасуюся з імі. Яны заўсёды вясёлыя, пазітыўныя, адчуваеш, што аддаюць табе такі ж паток яркіх, крутых эмоцый, якія ты перадаеш ім. Пасля сустрэч падымаецца настрой.
— У дзяцінстве табе прарочылі будучыню мастачкі і балерыны. Ці засталіся гэтыя захапленні цяпер?
— Час ад часу малюю, калі душа патрабуе. А вось балет і гімнастыка засталіся ў мінулым, хапае танцаў, скейтборда, шпацыраў па парку.
— Упершыню персанажа сусветнавядомай анімацыйнай студыі агучваў артыст з Беларусі. Дзяўчына Маана няўрымслівая і шматбаковая. З ёй давялося і плакаць, і радавацца, і адстойваць сваё меркаванне. Калі ўлічыць, што гэта твой першы вопыт агучвання, ці былі нейкія прыёмы, што дапамагалі ўжыцца ў ролю?
— Маана — вельмі цікавая дзяўчына. З ёй здараюцца розныя прыгоды, але ўвесь час стараецца не паглыбляць канфлікты, яна не бянтэжыцца, а штораз рухаецца далей.
У час запісу я старалася паўтараць усе яе рухі і міміку, каб было лягчэй адчуць тое, што адбываецца ў сцэне, і каб гук атрымліваўся такі, як трэба. Мы разам бегалі, смяяліся, танулі, спявалі...
— Анімацыйны фільм агучвалі і дарослыя знакамітасці: Ілья Лагуценка, Юліяна Каравулава, Дзяніс Клявер і Грыгорый Сіяцвінда... Ці дапамагалі старэйшыя калегі парадамі?
— Артысты запісваюцца кожны асобна, нават у дыялогах. Потым фразы выразаюцца і манціруюцца. Так што з іншымі я магла сустрэцца толькі мелькам, напрыклад, разам выпіць кавы. За запісам сачылі адразу два рэжысёры, бо Маана ў сваім падарожжы не толькі гаворыць, але і спявае. Часам было складана, але мне падказвалі, што рабіць, і я выконвала патрабаванні, бо ведала: побач знаходзяцца прафесіяналы.
— Ці ёсць у цябе вольная гадзіна, каб паглядзець мультфільмы, а не толькі агучваць іх?
— Часу мала, таму аддаю перавагу кінатэатрам, каб ужо дакладна адчуць карціну з вялікага экрана. На «Маану» пайду абавязкова. Спачатку паедзем на прэм'еру ў Маскву, потым вернемся, каб сустрэць першыя дні паказу ў Мінску. Мы мяркуем, што гэта стане добрай нагодай, каб арганізаваць інтэрактыўную пляцоўку і фотазону для сустрэчы з паклоннікамі.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
Максімальнага значэння за летні сезон тэмпература паветра дасягнула 13 ліпеня на станцыі Жыткавічы і склала 37,9 градуса спёкі.
Напярэдадні дня нараджэння сталіцы прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя.