Вы тут

Як разабрацца ў пытаннях гендарнага раўнапраўя і старэння нацыі


Сённяшнія сем'і сталі менш стабільнымі, больш складанымі і вельмі разнастайнымі ў плане адносін паміж пакаленнямі і поламі. Старэнне насельніцтва, нараджэнне дзяцей у няпоўных сем'ях, бяздзетнасць і іншыя актуальныя пытанні дэмаграфічнай палітыкі будуць вывучацца падчас сацыялагічнага даследавання «Фарміраванне сям'і, стабільнасць сямейных адносін і нараджальнасць у зменлівых сацыяльна-эканамічных умовах жыцця беларусаў», якое пачнецца ў краіне ў лютым 2017 года.


Яно праводзіцца ў межах праекта «Падтрымка рэалізацыі нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» і каардынуецца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Беларусі. Яшчэ да пачатку даследавання існуе вялікі попыт на яго вынікі, і навукоўцы задумваюцца над тым, у якіх галінах можна будзе скарыстаць атрыманую інфармацыю.

— Даследаванне мае практычную карысць. Яго даныя трэба разглядаць шырэй, чым у кантэксце дэмаграфічнай палітыкі. Яны могуць стацца карыснымі не толькі для навуковага асяроддзя, але і для ўладных структур, якія прымаюць рашэнні. Мы зможам прааналізаваць пытанні гендарнага раўнапраўя, разгледзець праблему старэння нацыі, — адзначыла Алена КАСЬКО, намеснік прадстаўніка Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі. — У 2020 годзе Міністэрству працы і сацыяльнай абароны насельніцтва зноў прыйдзецца задумацца, якой павінна быць далейшая сямейная палітыка, і вынікі нашых апытанняў дазволяць перагледзець і прааналізаваць існуючую метадалогію працы і ў наступнай праграме дэмаграфічнай бяспекі ўжыць атрыманыя вынікі.

Яна выказала спадзяванне, што ў Беларусі ўдасца рэалізаваць усе тры хвалі даследавання, якія праводзяцца раз на тры гады з удзелам адных і тых жа рэспандэнтаў. На працягу трох этапаў даследчыкі вывучаюць, як розныя жыццёвыя фактары: шлюбы, нараджэнне дзяцей, смерць, магчымыя фінансавыя ці псіхалагічныя выпрабаванні, рэалізаваная сацыяльная палітыка і іншае ўплываюць на рэпрадуктыўныя паводзіны чалавека і яго сямейнае жыццё. Менавіта такім чынам праграма «Пакаленні гендар» праводзіцца з 2001 года ў розных краінах свету. Наша рэспубліка стане 20-й кропкай на міжнароднай карце гендарных даследаванняў.

— Першая хваля ў Беларусі будзе праводзіцца з прымяненнем новых інструментаў — камп'ютарных планшэтаў. Гэта новы для нас спосаб збору даных, — падкрэсліў Віктар ПРАЎДЗІВЕЦ, прадстаўнік Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ. — Гэты праект не толькі міжнародны, але і параўнальны. Менавіта апошні аспект вельмі важны, бо толькі праз параўнанне даных, атрыманых з розных краін, сітуацыя вымалёўваецца больш дакладна, з'яўляецца магчымасць прагназаваць яе развіццё. Тое, што ў розных краінах даследаванне праводзіцца па падобнай методыцы, з выкарыстаннем аднолькавага інструментарыя, дазваляе адшукаць многія пытанні, якія шляхам закрытага даследавання проста не выявяцца.

Анкета для беларусаў такая ж, як і ў Еўропе. Рэспандэнты будуць адказваць на самыя розныя пытанні: узаемадзеянне ў сям'і, карыстанне рэсурсамі, размеркаванне абавязкаў па дому і іншыя. Закранутыя акалічнасці з жыцця грамадзян дазволяць даследчыкам зрабіць высновы практычнага характару.

— Адказы на пытанні па гадах, калі, напрыклад, з'яўляліся дзеці ў сем'ях, мы зможам пакласці на графік увядзення ў краіне розных мер дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі, — зазначыла Вольга ЦЯРЭШЧАНКА, выкладчыца факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. — Гэта дазволіць прасачыць, наколькі дзяржаўная сацыяльная і сямейная палітыка дапамагае і спрыяе дэмаграфічнаму аднаўленню.

Цікавымі ў практычным плане стануць і атрыманыя звесткі пра ўплыў папярэдняга вопыту на далейшае развіццё чалавека. Можна будзе, напрыклад, зрабіць высновы, як размеркаванне абавязкаў па гаспадарцы і выхаванні дзяцей уплывае на жаданне нарадзіць яшчэ адно. Даведацца, які ўплыў аказвае догляд родных састарэлага ўзросту на партнёрскія адносіны ў сям'і. Прааналізаваць, як пары прызвычайваюцца да ўмоў рэчаіснасці на працягу жыцця.

У даследаванні прыме ўдзел 10 000 рэспандэнтаў ад 18 да 69 гадоў. Першыя вынікі даследчыкі спадзяюцца атрымаць увосень 2017-га, а папярэдні аналіз сабранай інфармацыі адбудзецца ў маі. Даследаванне, на якое будзе затрачана больш за $200 тысяч, будзе праходзіць у цеснай узаемасувязі з Нацыянальным статыстычным камітэтам Беларусі.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Па-сямейнаму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».