Вы тут

Куды крочыць беларускі тэатр?


Пакуль Нацыянальную тэатральную прэмію цяжка назваць традыцыйнай для беларускай культурнай сферы: яе прысуджаюць чацвёрты раз. Фестываль яшчэ не мае сваёй канчатковай устойлівай формы, працягвае пошукі аптымальнага фармату работ над ацэнкай тэатральнага мастацтва краіны. Шэраг змен, што датычацца арганізацыі конкурсу, сёлета выклікалі абмеркаванні і спрэчкі. І гэта сведчыць пра жывы інтарэс да тэатра ў Беларусі. Можа быць зараз мы на шляху да ісціны, якая, вядома, нараджаецца праз спрэчкі. Толькі так тэатральная грамадскасць здолее знайсці найлепшае рашэнне і наблізіцца да адпаведнай формы правядзення фестывалю.


Аляксей Дудараў атрымаў узнагароду  за ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва.

Адлегласць паміж імпрэзамі Нацыянальнай тэатральнай прэміі расцягнулася на два гады. Заяўкі на ўдзел у конкурсе падавалі тэатры з пастаноўкамі, створанымі паміж 2014 і 2016 гадамі. Тут арганізатары маюць рацыю: каб быў большы выбар і канкурэнцыя спрыяла павышэнню агульнага ўзроўню спектакляў, якія маглі б станавіцца сапраўднымі мастацкімі з'явамі ў тэатральным жыцці. Але і кожны тэатр, што ўзяў удзел у фестывалі, атрымаў «час для манеўраў», бо ўзрасла магчымасць выбару найлепшых спектакляў з уласнага рэпертуару.

Змены адбыліся і ў арганізацыі работы журы. Калі ў першыя гады правядзення прэміі яно складалася са 112 членаў Тэатральнай акадэміі, якія супольна прымалі рашэнні па кожнай катэгорыі, то сёлета праца ішла па чатырох асобных напрамках. Акрамя таго, «судзіць» канкурсантаў накіроўваюцца ў журы не толькі тэатральныя дзеячы, але і іншыя прадстаўнікі культурнай сферы Беларусі. Арганізатары змянілі і форму галасавання (дзеля максімальна аб'ектыўных адзнак, як тлумачыцца). Раней праходзіла адкрытае абмеркаванне ўдзельнікаў конкурсу, а зараз кожны з членаў журы ставіў адзнакі без агучвання свайго меркавання для астатніх: каб старшыня журы ды найбольш уплывовыя тэатральныя крытыкі і дзеячы не маглі змяніць пункт гледжання калег. Ці прывяло азначанае наватарства да паляпшэння сістэмы ацэнак конкурсных спектакляў? Адназначна сказаць можна толькі тое, што павялічыла колькасць узнагароджаных пастановак. Цяпер «найлепшых» спектакляў і ўзнагароджаных асоб значна болей, чым у папярэднія гады. Але калі імавернасць атрымаць жаданага бусла (статуэтка прэміі) значна павялічваецца, то ці не прывядзе гэта да зніжэння градуса канкурэнтнай барацьбы, тым больш, што ў некаторых намінацыях яна і так фактычна адсутнічае?

Але самы спрэчны момант прэміі тычыўся непасрэдна намінацый. Скасаваныя намінацыі «Найлепшая рэжысёрская работа» і «Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка» выклікалі непаразуменні яшчэ да пачатку асноўнай работы над фарміраваннем конкурснай праграмы. Як было зазначана напярэдадні тыдня выніковых паказаў, гэтае рашэнне абмяркоўвалася Міністэрствам культуры разам з дырэкцыямі беларускіх тэатраў. Асобныя намінацыі за працу рэжысёра і мастака-пастаноўшчыка нібыта заміналі вылучаць «Найлепшы спектакль», бо калі спектакль — «найлепшы», то праца рэжысёра, сцэнографа і нават драматурга там таксама павінна быць найлепшая. І ўсё, здаецца, добра і аргументавана, але... Нават падчас абвяшчэння пераможцаў у Купалаўскім тэатры адчувалася: нешта не тое. Дарэчы, самі лаўрэаты ўзнагарод паспрабавалі выправіць сітуацыю. Ва ўдзячных прамовах са сцэны гучалі прозвішчы і рэжысёраў, і сцэнографаў, і харэографаў, і кампазітараў — усіх, хто быў задзейнічаны ў стварэнні агульнага вобраза спектакля.

Тэатральны свет складаецца з асоб, і постаць рэжысёра ў ім, бадай, самая заўважная — ад яго залежыць усё, што ўбачаць гледачы на сцэне (хоць сам рэжысёр па-за ёю). І менавіта падчас такіх мерапрыемстваў, як Нацыянальная тэатральная прэмія, масавы глядач знаёміцца са значнымі імёнамі беларускага тэатра. Хіба ж можна хаваць іх за назвай найлепшага спектакля, асабліва калі ўлічваць неабходнасць культурнага выхавання беларусаў? Але эксперымент на тое і эксперымент, каб на практыцы зразумець, што можна зрабіць яшчэ лепш. Напрыклад, спроба аб'яднаць ўзнагароды за найлепшую жаночую і найлепшую мужчынскую ролі ў адну намінацыю за «найлепшую акцёрскую работу» сябе не апраўдала. Гэтым разам арганізатары ўлічылі вынікі ІІІ Нацыянальнай прэміі і вярнулі гендарны падзел для акцёраў.

Фрагмент са спектакля  «Маленькі прынц».

Здаецца, не хапіла і асобнай ацэнкі для тых, хто толькі пачынае свой шлях на тэатральнай глебе. Калі азірнуцца на тую ж літаратуру, у нашай краіне звяртаюць шмат увагі на дэбюты, падтрымліваюць маладых творцаў. Чым горшы тэатр?

Аднак Нацыянальная прэмія 2016 года стала нагодай паглыбіцца ў тэатральны працэс у Беларусі. Наяўнасць у конкурснай праграме не толькі сталічных, але і абласных тэатраў дазволіла найбольш поўна ацаніць узровень беларускага драматычнага майстэрства, прасачыць тэндэнцыі яго развіцця ў маштабе краіны. Вынікі даволі прадказальныя: большасць узнагарод дасталася мінскім тэатрам. Гэта нядзіўна: напрыклад, у намінацыях кшталту «Найлепшы спектакль оперы» ды «Найлепшы спектакль балета» былі прадказальныя перамогі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Пытанні, што засталіся ў гледача да цырымоніі абвяшчэння пераможцаў (які з вылучаных спектакляў Вялікага тэатра атрымае прыз? якія яго артысты стануць лаўрэатамі прэміі гэтым разам?), хутка знайшлі адказы. Прадказальнай была і катэгорыя музычнага тэатра. Да выніковага тыдня дайшлі толькі два спектаклі. Абодва — з Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра...

У той час як у конкурсе драматычных тэатраў, наадварот, была вялікая канкурэнцыя. Калі глядзець на вынікі ІV Нацыянальнай тэатральнай прэміі, цяжка паверыць, што падчас першага конкурсу самыя значныя ўзнагароды прысудзілі аднаму спектаклю («Не мой» Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы). Сёлета статуэткі і, адпаведна, грашовую падтрымку атрымалі шмат тэатраў, як мінскіх, так і абласных. Здаецца, журы імкнулася нікога не пакрыўдзіць, адшукала станоўчыя бакі амаль ва ўсіх пастаноўках, але ў той жа час пазбавіла цырымонію інтрыгі.

«Найлепшы спектакль» — камедыя «Чайка» — у рэжысёрскай версіі Мікалая Пінігіна набыў апакаліптычнае гучанне. Прага Канстанціна Трэплева да новых ідэй на сутыкненні з усеагульным адчужэннем астатніх герояў дала грандыёзны выбух: у яго самагубстве (хто ведае?) водгулле чагосьці больш страшнага — маральнага і фізічнага канца свету... «Найлепшая мужчынская роля» адышла да акцёра Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Івана Труса. У спектаклі «Крэйцарава саната» рэжысёра Саўлюса Варнаса яму ўдалося ўвасобіць увесь спектр духоўных змаганняў героя талстоўскай аповесці, прыцягнуць да сябе ўвагу гледача ад пачатку і да канца пастаноўкі, якая фактычна трымаецца на гэтай ролі. Прэмія за «найлепшую жаночую ролю» сёлета дасталася актрысе Марыне Дзянісавай, якая прадстаўляла Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры БДАМ і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Акцёрская работа ў спектаклі «Ілюзіі» падкрэслівалася мінімумам дэкарацый, маленькай залай і непарыўным аповедам пра гісторыю кахання ў чатырохкутніку з дзвюх сямейных пар. Праца артыстаў у такіх умовах адказная: любы фальш у выкананні мог разбурыць крохкую атмасферу шчырасці, на якой трымалася ўсё дзейства.

Нягледзячы на тое, што «Пінская шляхта» Палескага драматычнага тэатра не атрымала ўзнагароды па вылучаных намінацыях, сёлета ўсе зоркі сышліся для паказу менавіта гэтага спектакля. У 2016 годзе п'есе Дуніна-Марцінкевіча споўнілася 150 гадоў. Спалучэнне «Пінскай шляхты», пінскага тэатра і пінскага дыялекту (знакамітай палескай гаворкі) атрымалася аўтэнтычным і дадало фестывалю крыху народнага каларыту. Напэўна, менавіта гэты збег абставінаў паўплываў на рашэнне дырэкцыі Белтэлерадыёкампаніі: «Пінская шляхта» была адзначана спецыяльнай узнагародай і трапіць у эфір тэлеканала «Беларусь 3». Дарэчы, было б добра, калі б Белтэлерадыёкампанія захавала для гісторыі найлепшыя спектаклі, адзначаныя прэміяй, каб беларускія гледачы ў розных кутках краіны маглі пабачыць іншыя якасныя пастаноўкі. Тым больш, ёсць што паказаць.

Беларускі лялечны тэатр сёлета пацвердзіў свой высокі ўзровень. Рашэннем журы ўзнагародамі адзначаныя абодва спектаклі, паказаныя ў гэтай катэгорыі (прытым што ў тэатры лялек насамрэч за тэрмін ад папярэдняй прэміі з'явілася шмат адметных пастановак, на жаль, не ўсе з іх удзельнічалі). Пастаноўка «На дне» Магілёўскага абласнога тэатра лялек ніколькі не саступае ў мастацкай вартасці пераможцы — «ФРО» Брэсцкага тэатра лялек. Экзістэнцыяльная драма ўражвае сваёй экспрэсіяй, арганічным зліццём акцёра і лялькі, прафесійнасцю мастацкага афармлення і нечаканымі сцэнічнымі рашэннямі.

На жаль, некаторыя годныя творы падчас Нацыянальнай прэміі ўсё ж засталіся незаўважанымі. Прытым што ўвасабляюць цікавую і адметную тэндэнцыю ў беларускім тэатры: гаварыць з намі пра актуальнае сёння з выкарыстаннем сучаснага матэрыялу. Гэта спектакль у пастаноўцы Дзмітрыя Багаслаўскага «Саша, вынесі смецце», яго драматургічная праца — п'еса «Мабыць» у Цэнтры беларускай драматургіі. Ёсць у англійскай мове трапны выраз: каб зразумець іншага чалавека, трэба «прайсці мілю ў яго чаравіках». Акцёры на працягу ўсёй п'есы прымяралі чужы абутак, каб у выніку знайсці адказ на пытанне, хто ж такія беларусы і куды яны крочаць.

Куды ж крочыць беларускі тэатр?

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Тэатральная экзістэнцыя, альбо Як патрапіць пад «раздачу»?

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.