Вы тут

Нашчадкі ды сутворцы


Летапіс пісьменніцкай арганізацыі: удакладніць і працягваць.


Наспела: сустрэцца з тымі, каго даўно не бачылі, але нагодаў для размоў і добрых слоў назбіралася шмат: кнігі і памятныя даты, высокія адзнакі калег і проста жаданне пабачыць сяброў. Пісьменнікі збіраюцца на з’езд раз на пяць гадоў — падсумаваць вынікі працы сваёй творчай супольнасці, абмеркаваць кірункі надалей. Але сама магчымасць сустрэчы — шмат хто прыехаў з розных рэгіёнаў Беларусі — ужо значная: гадзіна да афіцыйнага адкрыцця з’езда падарыла чаканыя эмоцыі, вітанні, размовы. Працяг будзе ўжо ў зале: урачыста.

Зала поўная: ганаровыя госці, даўнія сябры, удзельнікі — зарэгістраваліся 367 чалавек з 606 членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, кожны з якіх трымаў мандат: для адказнага галасавання. У прэзідыуме — ганаровыя госці, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. Удзельнікі віталі сцяг Саюза пісьменнікаў Беларусі. Хвілінай маўчання ўзгадалі тых, хто сышоў у лепшы свет за апошнія 5 гадоў. Але ёсць працяг іх справам.

«Лепшыя ўзоры літаратуры, праўдзівае, пранікнёнае слова творцаў заўсёды фарміравалі этычныя і эстэтычныя ідэалы, служылі станаўленню грамадства, умацаванню высокіх маральных прынцыпаў», — адзначана ў віншаванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў адрас удзельнікаў з’езда, якое зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі. На пачатку з’езда прагучала прапанова лічыць цяперашняе жыццё арганізацыі працягам існавання саюза, закладзенага ў 1934 годзе Купалам і Коласам і іншымі класікамі беларускай літаратуры. Прапанову пісаць «ІІІ (ХIV) з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі» сустрэлі гучнымі і працяглымі апладысментамі. У гэты дзень яны выбухалі шмат разоў — спантанна, у гарачым душэўным парыве, падтрымліваліся калегамі, разносіліся па зале хваляй. Неаднойчы яны перарывалі і справаздачны даклад старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца: сабраў, агучыў думкі многіх пра набалелае:

— За апошнія пяць гадоў сябры Саюза пісьменнікаў паказалі вельмі заўважныя станоўчыя вынікі. Калі ацэньваць аб’ектыўна, то іх можна выказаць у колькасці выдадзеных кніг. Цягам гэтага часу сябры нашай творчай арганізацыі прадставілі чытачам больш як 1750 выданняў. І выніковасць працы зусім не залежыць ад месца жыхарства творцы: аўтары, якія жывуць у рэгіёнах, у гэты час працавалі не менш актыўна, чым сталічныя пісьменнікі. Разам з дзяржаўнай падтрымкай мы маем спонсарскую дапамогу, атрымалі і дазвол Прэзідэнта на тое, каб самім зарабляць грошы. Разумеем: не трэба спадзявацца адно на іншых, варта і самім працаваць лепш, навучыцца манетызаваць сваю дзейнасць. Магчыма, падумаць пра арганізацыю платных выступленняў, абмяркоўваць ганарары за выкананне твораў нашых аўтараў падчас канцэртаў. Вялікія спадзяванні маем на наш літфонд, які цяпер павінен працаваць з большым імпэтам.

Гэта асабліва павінна ўзрадаваць творцаў з рэгіёнаў: паводле старшыні, у наш час сталічныя пісьменнікі не маюць перавагі па колькасці выдадзеных кніг у параўнанні з іх калегамі з абласных арганізацый. Але ёсць тое, што актуальна і для адных, і для другіх: разуменне грамадствам значнасці кнігі, яе прыход да чытача.

Мікалай Чаргінец адзначыў, што сёння творчасць у літаратуры ўспрымаецца хутчэй як хобі, а не прафесія, таму стаяць пытанні пра забеспячэнне пісьменнікаў пенсіямі, вышэйшымі за мінімальныя, пра выдзяленне творцам арэнднага жылля. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі адзначыў, што патрэбна больш увагі надаваць маладым аўтарам, праводзіць для іх семінары, садзейнічаць выданню кніг, а самім аўтарам больш актыўна сустракацца з чытачамі, ладзіць аўтографсесіі ў кнігарнях.

Тэму, зададзеную Мікалаем Чаргінцом, працягвала міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч:

— Штогод у нашай краіне выходзіць звыш 10 тысяч найменняў кніг тыражом амаль 22 мільёны экзэмпляраў. Негледзячы на тое, што гэта прадстаўнічыя лічбы, трэба прызнаць, што дзесяць гадоў таму мы мелі тыражы кніг, якія выдаваліся ў краіне, у два разы большыя. У апошнія гады вызначылася ўстойлівая тэндэнцыя па павелічэнні выдання кніг на беларускай мове: гэта ў сярэднім 1000 — 1200 назваў у год тыражом 4 мільёны экзэмпляраў. Літаратура на беларускай мове займае больш за 11 працэнтаў у агульнай колькасці выпушчанай беларускімі выдавецтвамі літаратуры і набліжаецца па сваіх тыражных характарыстыках да 17 — 20 працэнтаў у сукупным тыражы. Міністэрства інфармацыі адказвае за рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне кнігавыдання. Таму адзін з найважнейшых і прыярытэтных кірункаў дзейнасці беларускіх выдавецтваў — выданне мастацкай, у тым ліку дзіцячай літаратуры беларускіх аўтараў. Колькасць выпушчаных за апошнія 5 гадоў кніг літаратурна-мастацкага кірунку сёння вызначаецца ў межах 1500 — 2000 найменняў у год. Кожная дзясятая кніга — літаратурна-мастацкі аўтарскі твор. Кніг беларускіх пісьменнікаў выдаецца ў нашай краіне прыкладна да 800 назваў штогод. Міністэрства працуе ў цесным узаемадзеянні з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. У выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы з 2012 года штогод 10 — 12 кніг сучасных беларускіх пісьменнікаў выдаюцца пры поўнай дзяржаўнай падтрымцы і прадстаўляюцца для камплектавання фондаў у публічныя бібліятэкі нашай краіны і такім чынам знаходзяць свой шлях да чытача.

Беларускія пісьменнікі ствараюць мастацкі летапіс гісторыі сваёй радзімы, таму на іх творах трэба выхоўваць моладзь, падкрэсліў першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Вадзім Богуш:

— У вучэбных праграмах па рускай і беларускай мове і літаратуры ёсць раздзелы, якія прапануюць вучням азнаёміцца з творчасцю сучасных пісьменнікаў Беларусі. Мы пастаянна супрацоўнічаем з Саюзам пісьменнікаў Беларусі па падрыхтоўцы падручнікаў і кніг серыі «Школьная бібліятэка».

Міністэрства культуры не адстае па зацікаўленасці ў працы з пісьменнікамі і гатовае ісці насустрач у вырашэнні пытанняў, што падкідвае жыццё: напрыклад, пісьменніцкі голас быў пачуты, калі адбываўся працэс рэарганізацыі бібліятэчнай сеткі. Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў адзначыў:

— Сённяшні з’езд стаіць у шэрагу найбольш важных збораў творчых работнікаў нашай краіны. Упэўнены, што з’езд стане штуршком для далейшага развіцця беларускай літаратуры і культуры ўвогуле. Для пісьменнікаў стане стымулам для новых здзяйсненняў, а для нас — крыніцай інфармацыі пра штодзённыя патрэбы творчай супольнасці. Установы Міністэрства культуры з’яўляюцца найбольш актыўнымі спажыўцамі працы літаратараў: бібліятэкі, літаратурныя музеі, установы адукацыі ў сферы культуры і іншыя. У прыватнасці, у мінулым годзе публічныя бібліятэкі папоўніліся сацыяльна значнай літаратурай на суму больш за 800 тысяч дэнамінаваных рублёў.

З’езд і патрэбны для таго, каб прадстаўнікі розных зацікаўленых ведамстваў ведалі, з чым сутыкаецца пісьменніцкая супольнасць. У эпоху інфармацыі, калі жыццёвыя працэсы паскараюцца, часам сапраўды не хапае імгненняў жывых зносінаў, каб пачулі і зразумелі.

Напрыклад, адно з вострых пытанняў, што паўстала на з’ездзе, — камунікацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі са СМІ. Таму што гэта той дзейсны сродак, што можа паўплываць на прасоўванне творчых асоб, іх грамадскі статус, што ў выніку паспрыяла б больш простаму і хуткаму прыходу кніг да чытачоў. Гаворка пра прысутнасць пісьменнікаў у публічнай прасторы, у прыватнасці ў СМІ. Для таго, каб кніга стала з’явай у грамадстве, патрэбная ўвага крытыка да яе ці журналіста да асобы творцы. Недахоп гэтай увагі можа ў далейшым адбіцца на выхаванні маладых пакаленняў, а іх важна зацікавіць.

Старшыню падтрымалі і прадстаўнікі абласных аддзяленняў: кнізе і творам членаў Саюза пісьменнікаў недастаткова ўвагі з боку крытыкаў, нават газеты «Літаратура і мастацтва». Пра гэта, у прыватнасці, казалі кіраўнік Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ Анатоль Крэйдзіч і Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч. Пра тое, што можна палепшыць працу са СМІ, казала Людміла Кебіч (старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ). Жаданне бачыць у мастацкай перыёдыцы больш надрукаваных твораў членаў Віцебскага абласнога аддзялення выказала яго кіраўнік Тамара Краснова-Гусачэнка. Вострая крытыка ў адрас СМІ прагучала і з вуснаў Міхася Пазнякова, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення СПБ. Клопаты зразумелыя: з’езды і патрэбны менавіта для таго, каб паляпшаць шляхі зносін, актывізаваць камунікацыю паміж пісьменнікамі і крытыкамі.

У пісьменнікаў наладжаныя сувязі са сваімі калегамі (і нават крытыкамі) з іншых краін. Напрыклад, за пераклады твораў казахскага паэта Абая на беларускую Мікола Мятліцкі быў пасвячоны ў «аксакалы» і нават атрымаў у падарунак каларытны халат, у якім вылучаўся сярод іншых пісьменнікаў. Вылучаўся яшчэ і палымянай прадмовай: пра тое, што ёсць літаратуры шмат, рознай, іншай, цікавай, якая можа ўзбагачаць і навучаць. Але ёсць досвед літаратурнай творчасці, здабыты пакаленнямі беларускіх пісьменнікаў, — дзеля розуму, адукацыі, думак і разваг нашчадкаў, які дае адказы на ўсе пытанні, што спараджае жыццё. На тым і стаім…

 Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Кастуся ДРОБАВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».