Вы тут

Лепшыя па ахове грамадскага правапарадку былі названы ў Магілёве


Лепшыя па ахове грамадскага правапарадку былі названы падчас праходжання ў Магілёве вучэбна-метадычнага збору па ўдасканаленні работы грамадскіх аб'яднанняў па прафілактыцы правапарушэнняў.


— У параўнанні з папярэднімі дзесяццю гадамі сёння мы маем самы мінімальны ўзровень падлеткавай злачыннасці, — адзначыў за некалькі хвілін да пачатку мерапрыемства намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый МАЛАШКА. — Сумесныя намаганні ўсіх суб'ектаў прафілактыкі дапамагаюць дабівацца такіх вынікаў. І галоўная роля тут належыць саветам грамадскіх пунктаў. У іх работе — і папярэджанне сямейных канфліктаў, і праблема бытавых злачынстваў.

На пытанне нашага карэспандэнта аб тым, наколькі актыўна выканаўчая ўлада ўзаемадзейнічае з суб'ектамі прафілактыкі, Валерый Малашка адказаў:

— Сёння працуе шмат розных камісій: па Дырэктыве №1, карупцыі, па справах непаўналетніх і гэтак далей, дзе ўлада ўзяла на сябе кіраўніцтва і разгляд тых ці іншых пытанняў. У міліцыі свой спектр работы, у МНС — свой, а ўзаемадзеянне ажыццяўляецца вакол органа выканаўчай улады — абласной і раённай.

Сёння ў вобласці працуе 211 саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку (ГПАП). Ад іх дзейнасці залежыць, наколькі аператыўна прымаюцца меры да парушальнікаў грамадскага спакою. Як і ў любой іншай рабоце, тут ёсць свае пытанні і праблемы, з якімі трэба разбірацца. Гэта таксама абмеркавалі ўдзельнікі сустрэчы. Дзесьці прысутнічае фармалізм, дзесьці прыйшлі новыя людзі, якія яшчэ не зусім разумеюць важнасць ускладзеных на іх абавязкаў. Валерый Малашка звярнуў увагу на тое, што з імі павінна весціся бесперапынная вучоба, каб работа з насельніцтвам адбывалася не па нейкім шаблоне. «У кожным рэгіёне ёсць свае асаблівасці, і іх трэба ўлічваць», — падкрэсліў ён.

Начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкама, палкоўнік міліцыі Аляксандр КАВАЛЬЧУК дадаў, што трэба выкарыстоўваць індывідуальны падыход у дачыненні да канкрэтнага правапарушальніка і мабілізаваць у гэтым кірунку работу ўсіх суб'ектаў прафілактыкі.

Сярод тых, з каго трэба браць прыклад, — савет ГПАП №8 адміністрацыі Ленінскага раёна Бабруйска, абсалютны пераможца абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. На другім месцы — савет Цяцерынскага сельвыканкама Круглянскага раёна, на трэцім — Следзюкоўскага сельвыканкама Быхаўскага раёна. Адзначаны таксама лепшыя па прафілактыцы правапарушэнняў супрацоўнікі міліцыі. Яны атрымалі Ганаровыя граматы і Падзякі Міністэрства ўпраўлення і ўнутраных спраў, а таксама нагрудныя знакі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Лепшыя па ахове

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».