Вы тут

САЗ: Стрымаць, Абясшкодзіць, Знішчыць*


Яны праследуюць нас паўсюль, тояцца ў прадуктах харчавання і нават ва ўдыхальным паветры. Нябачныя і неадчувальныя, гэтыя рэчывы нясуць вялікую пагрозу нашаму здароўю і стану навакольнага асяроддзя. Што ж стаіць за абрэвіятурай САЗ і чаму праблемы, звязаныя са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі, неабходна вырашаць на ўсёй планеце, «Звяздзе» расказалі спецыялісты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Што такое САЗ

Сучасная інтэнсіўная прамысловая і сельскагаспадарчая дзейнасць прывяла да з'яўлення ў месцах пасялення чалавека якасна новых высокатаксічных рэчываў і злучэнняў, многія з якіх надзвычай устойлівыя ў наваколлі. Гэта стойкія арганічныя забруджвальнікі (САЗ) — арганічная рэчывы, што з'яўляюцца першаснымі і пабочнымі прадуктамі прамысловасці.

Да іх адносіцца вялікая група выключна ўстойлівых сінтэтычных злучэнняў, якія не раскладаюцца ці павольна раскладаюцца ў натуральных умовах. САЗ выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы (пестыцыды), у прамысловасці, а таксама ўтвараюцца самаадвольна ў якасці пабочных прадуктаў згарання ці прамысловых працэсаў. Некаторыя з іх шырока ўжываюцца ў розных сферах жыццядзейнасці грамадства: у сельскай гаспадарцы, харчовай прамысловасці, медыцыне, пры вытворчасці ўпаковачных матэрыялаў, дзіцячых цацак і г.д.

Пры гэтым САЗ з'яўляюцца таксічнымі рэчывамі, нават у вельмі малых канцэнтрацыях. Дзякуючы сваёй здольнасці займаць міжклетачныя прасторы, яны становяцца прычынамі шматлікіх паталагічных станаў і працэсаў.

Наяўнасць САЗ у навакольным асяроддзі прызнаецца ў якасці праблемы ва ўсім свеце з-за іх устойлівасці, здольнасці мігрыраваць у самых нечаканых кірунках далёка ад месцаў свайго паходжання, у тым ліку пры дапамозе трансгранічнага атмасфернага пераносу, і назапашвацца ў тканках большасці жывых арганізмаў, атручваючы людзей, жывёл і расліны.

Зменшыць рызыку, звязаную з уздзеяннем САЗ на навакольнае асяроддзе і чалавека, можна, дамогшыся забароны вытворчасці і выкарыстання гэтых небяспечных хімікатаў. Аднак варта памятаць, што некаторыя САЗ працягваюць адыгрываць важную ролю ў эканоміцы многіх краін. Таму да поўнай адмовы ад іх неабходна знайсці альтэрнатыўныя нетаксічныя рэчывы, якія дазволяць вырашаць існуючыя праблемы без шкоды для сацыяльнага і эканамічнага развіцця грамадства.

«Ворагаў» трэба ведаць у твар

Каб аб'яднаць намаганні сусветнай супольнасці ў вырашэнні праблемы САЗ, у 2001 годзе была прынята, а ў 2004-м увайшла ў сілу Стакгольмская канвенцыя аб стойкіх арганічных забруджвальніках.

Асноўнымі мэтамі гэтага міжнароднага пагаднення глабальнага ўзроўню сталі: скарачэнне выкарыстання, спыненне вытворчасці і далейшая поўная ліквідацыя прамыслова-вытворчых САЗ, а таксама змяншэнне выкідаў САЗ, якія ўтвараюцца ненаўмысна.

Канвенцыяй вызначаны самыя небяспечныя з калі-небудзь сінтэзаваных САЗ і намечаны механізмы па прадухіленні іх небяспечнага ўздзеяння. Рэчывы са спіса канвенцыі ўключаюцца ў тры дадаткі: А (спыненне вытворчасці, экспарту, бяспечнае знішчэнне), В (абмежаванне вытворчасці і выкарыстання), С (ненаўмысная вытворчасць) у залежнасці ад рашэнняў, якія прымаюцца на Канферэнцыі Бакоў.

Першымі ў гэты ліст трапілі 12 стойкіх арганічных забруджвальнікаў. Самую шматлікую групу з іх уяўляюць хлорутрымліваючыя пестыцыды: альдрын, дыльдрын, хлордан, дыхлор-дыфеніл-трыхлорэтан (ДДТ), эндрын, гептахлор, гексахлорбензол (таксама выкарыстоўваецца ў прамысловасці), мірэкс і токсафен. Акрамя таго, у спісе пазначаны і такія прамысловыя рэчывы, як поліхлараваныя біфенілы (ПХБ), а таксама пабочныя прадукты прамысловасці, якія ўтвараюцца ненаўмысна, — поліхлараваныя дыбензапарадыяксіны (ПХДД) і дыбензолфураны (ПХДФ), ці проста дыяксіны і фураны.

Гэты пералік не з'яўляецца закрытым. Канвенцыяй прадугледжана магчымасць унясення ў гэтыя групы новых рэчываў па меры назапашвання інфармацыі.

Так, у 2009 годзе падчас Канферэнцыі Бакоў Стакгольмскай канвенцыі ў Жэневе было прынята рашэнне аб унясенні паправак у дадаткі да гэтага дакумента. У спіс САЗ дадалі дзевяць шкодных хімічных рэчываў: альфа- і бэта-гексахлорцыклагексан, хлордэкон, гексабромдыфеніл, гексабромдыфенілавы эфір і гептабромдыфенілавы эфір (камерцыйны октабромдыфенілавы эфір), ліндан, пентахлорбензол, перфторактанавую сульфонавую кіслату, яе солі і перфторактанавы сульфанілфтарыд, тэтрабромдыфенілавы эфір і пентабромдыфенілавы эфір (камерцыйны пентабромдыфенілавы эфір).

У 2011 годзе прынята рашэнне аб уключэнні ў спіс САЗ эндасульфану, у 2013-м — гексабромцыклададэкану, у 2015-м — гексахлорбутадыену, пентахлорфенолу, яго соляў і эфіраў і поліхлараваных нафталінаў.

Па стане на 2016 год пад увагай Камітэта па разглядзе САЗ знаходзяцца наступныя рэчывы-кандыдаты: дэкабромдыфенілавы эфір, дыкафол, кораткацэпныя хлараваныя парафіны, перфторактаваная кіслата, яе солі і роднасныя злучэнні.

У цяперашні час вытворчасць і ўжыванне практычна ўсіх САЗ, за выключэннем ДДТ, забаронена. ДДТ вылучаецца тым, што некаторыя краіны дагэтуль выкарыстоўваюць гэта рэчыва супраць небяспечных насякомых — пераносчыкаў малярыі (Індыя, некаторыя краіны Афрыкі, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі).

Разам з тым, практычна ва ўсіх краінах свету засталася значная колькасць САЗ у выглядзе непрыдатных пестыцыдаў і ПХБ-утрымліваючага электраабсталявання. Таксама застаецца нявырашаным пытанне ненаўмысных выкідаў САЗ, якія ўтвараюцца ў шэрагу вытворчых працэсаў.

Улічваючы гэта, рашэнне праблемы САЗ з'яўляецца сёння адной з прыярытэтных экалагічных задач для ўсёй сусветнай супольнасці.

Беларусь — удзельнік Стакгольмскай канвенцыі

Беларусь далучылася да Стакгольмскай канвенцыі аб стойкіх арганічных забруджвальніках у 2004 годзе ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2003 года №594, прыняўшы на сябе абавязацельствы па рэалізацыі палажэнняў канвенцыі, прадухілення і мінімізацыі адмоўнага ўплыву САЗ на навакольнае асяроддзе і здароўе насельніцтва.

У гэтых мэтах у краіне былі распрацаваны і дапоўнены шматлікія дакументы і нарматыўныя акты, асноўнымі з якіх з'яўляюцца:

  • Нацыянальны план выканання абавязацельстваў, прынятых Рэспублікай Беларусь па рэалізацыі палажэнняў Стакгольмскай канвенцыі аб САЗ, на 2007—2010 гады і на перыяд да 2028 года;
  • Нацыянальны план выканання абавязацельстваў, прынятых Рэспублікай Беларусь па рэалізацыі палажэнняў Стакгольмскай канвенцыі аб САЗ, у 2011–2015 гадах;
  • падпраграма 3 «Абыходжанне са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі» комплекснай Дзяржаўнай праграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2016–2020 гады.

Для выканання абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь па Стакгольмскай канвенцыі (за перыяд з 2007 па 2010 гг.) было праведзена папярэдняе даследаванне каля 150 патэнцыйных крыніц паступлення стойкіх арганічных забруджвальнікаў (захаванні непрыдатных пестыцыдаў, палігоны бытавых і прамысловых адходаў, карты глею, палі фільтрацыі і інш.), пры гэтым штогод адбіралася больш за 250 проб і выконвалася больш за 3500 аналізаў. Гэта дазволіла арганізаваць сістэматычныя назіранні за назапашваннем хлорутрымліваючых пестыцыдаў і поліхлараваных біфенілаў у аб'ектах навакольнага асяроддзя ў раёнах размяшчэння шэрагу найбольш буйных і патэнцыйна небяспечных крыніц паступлення стойкіх арганічных забруджвальнікаў.

Акрамя таго, арганізавана правядзенне на сістэматычнай аснове назіранняў за ўтрыманнем стойкіх арганічных забруджвальнікаў у вадзе і донных адкладах трансгранічных участкаў 35 рэк краіны. Вынікі даследаванняў паказалі, што ў паверхневых і падземных водах хлорутрымліваючыя пестыцыды адсутнічаюць, толькі ў асобных пробах падземных вод у месцах размяшчэння Пастаўскага, Дрыбінскага і Петрыкаўскага захаванняў пестыцыдаў быў знойдзены гептахлор у канцэнтрацыях, якія складаюць тысячныя долі гранічна дапушчальных канцэнтрацый.

У межах санітарнага нагляду таксама праведзена больш за 10000 аналізаў на ўтрыманне хлорарганічных злучэнняў у мясе, рыбе, малацэ і прадуктах, вырабленых з іх. Перавышэнняў устаноўленых гігіенічных рэгламентаў не выяўлена. Адбылося таксама 198 даследаванняў узораў прадуктаў харчавання, харчовай сыравіны і пітной вады з усіх рэгіёнаў краіны на ўтрыманне поліхлараваных біфенілаў.

Сёння Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь сумесна з іншымі органамі дзяржаўнага кіравання ажыццяўляе шэраг практычных мерапрыемстваў па рашэнні праблемы стойкіх арганічных пестыцыдаў у краіне. У іх ліку: правядзенне інвентарызацыі САЗ, забеспячэнне перапакоўвання і экалагічна бяспечнага захоўвання адходаў, якія змяшчаюць САЗ, вядзенне лакальнага маніторынгу ў месцах захоўвання САЗ-утрымліваючых адходаў, забарона вытворчасці, імпарту і экспарту хімічных рэчываў, што праяўляюць характарыстыкі САЗ. У найбліжэйшых планах Мінпрыроды — вырашыць задачу па перапрацоўцы і абясшкоджванні адходаў, якія змяшчаюць устойлівыя арганічныя забруджвальнікі.

Вынікамі дзейнасці, якую праводзяць дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі па выкананні палажэнняў Стакгольмскай канвенцыі аб стойкіх арганічных забруджвальніках пры падтрымцы міжнародных структур, павінны стаць спыненне вытворчасці і ўжыванне САЗ, знішчэнне іх запасаў і прадухіленне з'яўлення новых стойкіх арганічных забруджвальнікаў у навакольным асяроддзі.

Свой унёсак у вырашэнне праблемы САЗ робяць і грамадскія аб'яднанні.

Пры ня­пра­віль­ным захаван­ні не­пры­год­ныя пес­ты­цы­ды  пра­ні­ка­юць у гле­бу, пад­зем­ныя во­ды і па­вет­ра, за­брудж­ва­ю­чы на­ва­коль­нае ася­род­дзе ча­сам на дзя­сят­кі кі­ла­мет­раў.

Тэхналогіі знішчэння

Адно з палажэнняў Стакгольмскай канвенцыі аб САЗ прадугледжвае выкарыстанне эфектыўных і экалагічна бяспечных тэхналогій знішчэння рэчываў, якія змяшчаюць стойкія арганічныя забруджвальнікі. Эколагі галоўнай умовай іх выкарыстання называюць тое, што спосабы знішчэння стойкіх арганічных забруджвальнікаў не павінны прыводзіць да далейшай дэградацыі навакольнага асяроддзя. Гэта прадугледжана і Базельскай канвенцыяй аб кантролі за трансгранічнай перавозкай небяспечных адходаў і іх выдаленнем, якая ўступіла ў сілу ў 1992 годзе і налічвае каля 180 краін-удзельніц, у тым ліку і Беларусь (1999 г.).

Нават у прамыслова развітых краінах выдаленне тых ці іншых САЗ здзяйсняюць праз захаванне на палігонах ці спальванне асаблівым чынам. У некаторых краінах дазволена запампоўванне САЗ у глыбокія свідравіны. Так, напрыклад, самымі распаўсюджанымі спосабамі абясшкоджвання непрыдатных пестыцыдаў з'яўляюцца: тэрмічныя, хімічныя, электрахімічныя, біялагічныя. У сусветнай практыцы пестыцыды часцей за ўсё перапакоўваюць і спальваюць у спецыяльных высокатэмпературных печах.

Метад высокатэмпературнага спальвання прыняты ў Еўропе, ЗША і Канадзе. Але апошнім часам яго эфектыўнасць падвяргаецца сумненню, паколькі буйныя сучасныя ўстаноўкі па спальванні небяспечных адходаў здольны выкідаць у атмасферу значныя колькасці дыяксінаў, што стварае патэнцыйную пагрозу для здароўя чалавека і навакольнага асяроддзя.

За апошнія гады з'явілася некалькі дзясяткаў альтэрнатыўных тэхналогій знішчэння САЗ. Сярод іх: акісленне ў больш цвёрдым слоі (для перапрацоўкі вадкіх небяспечных адходаў), працэс піролізу (таксама для небяспечных адходаў), дэхлараванне пры дапамозе шчолачных металаў і металаарганічных злучэнняў (пры ачыстцы трансфарматарных маслаў, утрымліваючых ПХБ), працэс газафазнай гідрагенізацыі (пры дапамозе вадароду адбываецца аднаўленне арганічных злучэнняў, ступень разбурэння нават самых устойлівых САЗ (напрыклад, ПХБ і дыяксінаў) дасягае практычна 100%).

Дыэлектрыкі, што нясуць пагрозу

У Беларусі адна з самых сур'ёзных праблем сярод САЗ — поліхлараваныя біфенілы (ПХБ), якія выкарыстоўваліся і працягваюць шырока выкарыстоўвацца ў якасці дыэлектрыкаў і ахаладжальнай вадкасці ў сілавым электраабсталяванні ў розных сферах гаспадарчай дзейнасці. Акрамя таго, у Беларусі каля 30 гадоў ПХБ выкарыстоўваліся як сыравінны дадатак пры вытворчасці лакафарбавай прадукцыі. Разам з тым, у адрозненне ад пестыцыдаў, ПХБ, як і ў шматлікіх іншых краінах былога СССР, не разглядаліся ў якасці небяспечных забруджвальнікаў, кантроль за выкарыстаннем ПХБ і ўтрыманнем у прыродных кампанентах не ажыццяўляўся.

Выяўленне крыніц ПХБ, ацэнка іх запасаў, сабраных у абсталяванні, матэрыялах, адходах, а таксама выяўленне тыпаў ПХБ-утрымліваючага абсталявання і адходаў — адна з найважнейшых умоў рашэння праблемы такіх САЗ. Немалаважнай з'яўляецца і інфармацыйная аснова для выканання абавязацельстваў па рэалізацыі палажэнняў Стакгольмскай канвенцыі аб САЗ, распрацоўка прыродаахоўных мерапрыемстваў з мэтай папярэджання паступлення САЗ у навакольнае асяроддзе.

За мінулы час на прадпрыемствах краіны выканана маркіроўка выяўленага абсталявання, месцаў яго ўстаноўкі і захоўвання. Таксама ажыццяўляецца вывад ПХБ-утрымліваючага абсталявання з эксплуатацыі, створаны пляцоўкі яго часовага захоўвання.

З 2008 па 2015 год каля 4,5 тыс. кандэнсатараў былі ўпакаваны ў кантэйнеры для папярэджання ўцечак ПХБ. Выведзенае з эксплуатацыі абсталяванне, што змяшчае ПХБ, захоўваецца на тэрыторыі прадпрыемстваў.

Вываз такога абсталявання на КУП «Комплекс па перапрацоўцы і захоўванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскай вобласці» пакуль не наладжаны з-за адсутнасці падрыхтаваных пляцовак захоўвання.

Паводле даных за 2015 год, больш за 420 прадпрыемстваў маюць выведзенае з эксплуатацыі ці змешчанае ў рэзерве ПХБ-утрымліваючае абсталяванне і прыблізна на 560 прадпрыемствах яно працягвае эксплуатавацца. У складзе такога абсталявання налічваецца 53,9 тыс. адзінак сілавых ПХБ-утрымліваючых кандэнсатараў і 348 трансфарматараў.

Згодна з ацэнкамі спецыялістаў, выкіды гексахлорбензолу (ГХБ) у атмасфернае паветра ў 2015 годзе склалі каля 0,9 кг на год. Асноўныя крыніцы: транспарт (55%), высокатэмпературнае спальванне адходаў (27%), вытворчасць  цеплавой і электраэнергіі (18%).

Выкіды поліхлараваных біфенілаў (ПХБ) у атмасфернае паветра ацэньваюцца ў 11,75 кг на год. Для гэтага рэчыва асноўнымі крыніцамі выкідаў з'яўляюцца вытворчасць чорных і каляровых металаў, спальванне адходаў, вытворчасць цеплавой і электраэнергіі.

Прадпрыемствы — уласнікі ПХБ-утрымліваючага абсталявання распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі краіны, прычым размеркаванне ПХБ-утрымліваючых сілавых трансфарматараў і кандэнсатараў у межах Беларусі вельмі нераўнамернае. Найбольшыя аб'ёмы ПХБ прыпадаюць на Магілёўскую вобласць — каля 622 тон, г. Мінск (341 тона) і Мінскую вобласць (202 тоны). У Гомельскай вобласці выяўлена каля 241 тоны ПХБ, у Брэсцкай — 122, у Гродзенскай — 73, у Віцебскай — 101 тона.

У 2012 годзе здзейснены вываз і экалагічна бяспечнае знішчэнне 823 тон ПХБ-утрымліваючых адходаў з 14 прадпрыемстваў краіны ў межах праектаў з удзелам міжнародных арганізацый.

Экспарт ПХБ-утрымліваючага абсталявання за межы Беларусі за 2014–2016 гады не ажыццяўляўся.

Пестыцыды: захаваць ці знішчыць?

Праблема назапашвання старых пестыцыдаў існуе практычна ва ўсіх краінах свету. Забароненыя да выкарыстання ці са скончаным тэрмінам прыдатнасці пестыцыды выклікаюць асаблівую небяспеку і ў Беларусі.

Хлорарганічныя пестыцыды, уключаныя ў Стакгольмскую канвенцыю аб САЗ, у нашай краіне ніколі не вырабляліся, а завозіліся для выкарыстання ў сельскай гаспадарцы да 2005 года. Ужыванне некаторых з іх (ДДТ, гепта‑
хлора, альдрына, дыльдрына, мірэкса, эндрына) было забаронена яшчэ ў былым СССР у 1970–1980-х гадах.

Каб пазбегнуць небяспекі, якая зыходзіць ад непрыдатных пестыцыдаў, апошнія павінны размяшчацца на захоўванне ў спецыяльна прызначанай для гэтага тары і ў добра прыстасаваных для гэтай мэты складах.

З 1971 па 1988 год больш за 3700 тон непрыдатных пестыцыдаў было захавана з мэтай абясшкоджвання ў сямі магільніках, размешчаных у Брэсцкай (в. Гершоны), Віцебскай (Верхнядзвінскае, Пастаўскае і Гарадоцкае захаванні), Гомельскай (Петрыкаўскае захаванне), Гродзенскай (Слонімскае захаванне) і Магілёўскай (Дрыбінскае захаванне) абласцях. Паколькі гэтыя захаванні ўяўлялі асаблівую небяспеку для навакольнага асяроддзя, у 1988 годзе па ініцыятыве прыродаахоўнага ведамства было прынята рашэнне аб забароне захавання пестыцыдаў.

У межах рэалізацыі палажэнняў Стакгольмскай канвенцыі ў Беларусі пачалася работа па ліквідацыі захаванняў непрыдатных пестыцыдаў.

Так, у 2007 годзе ліквідавана Гершонскае захаванне, размешчанае ў капаніры былога ваеннага форта ў наваколлях в. Гершоны Брэсцкага раёна. Непрыдатныя пестыцыды былі перапакаваны і вывезены на экалагічна бяспечнае захоўванне.

У 2008 годзе пачаты работы па ліквідацыі Петрыкаўскага захавання. Вынята і вывезена на КУП «Комплекс па перапрацоўцы і пахаванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскай вобласці» 452,1 тоны непрыдатных пестыцыдаў (380 кантэйнераў). За 2015—2016 гады з гэтага захавання было вывезена 170,4 тоны сумесяў шкодных рэчываў.

У 2011–2012 гадах праведзены работы па ліквідацыі Слонімскага захавання непрыдатных пестыцыдаў. За межы тэрыторыі Беларусі на абясшкоджванне ў Германію вывезена каля 1,8 тыс. тон непрыдатных пестыцыдаў. Сёлета са Слонімскага раёна (в. Белкаўшчына) у Францыю было вывезена больш за 300 тон перапакаваных непрыдатных пестыцыдаў.

Шматлікія склады з непрыдатнымі пестыцыдамі (каля 90), выяўленыя ў розных рэгіёнах краіны падчас правядзення маніторынгу і абследаванняў, былі ўзяты пад кантроль прыродаахоўнікаў. Шкодныя рэчывы, якія знаходзіліся там, былі перапакаваныя і пры магчымасці вывезеныя для экалагічна бяспечнага захоўвання.

На канец 2016 года ў Беларусі на тэрыторыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і райаграсэрвісаў захоўваецца каля 1,9 тыс. тон цалкам перапакаваных непрыдатных пестыцыдаў, на комплексе па перапрацоўцы і пахаванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскай вобласці (н.п. Дуброўка, Чачэрскі раён) — каля 3,6 тыс. тон. На тэрыторыі краіны сёння застаюцца пяць падземных захаванняў непрыдатных і забароненых да ўжывання пестыцыдаў, дзе знаходзіцца каля 4,4 тыс. тон небяспечных рэчываў, — гэта Гарадоцкае, Верхнядзвінскае, Пастаўскае, Петрыкаўскае і Дрыбінскае захаванні.

Спальваць адходы — выпускаць «на волю» дыяксіны і фураны

У наш час дыяксіны і фураны (агульная назва вялікай групы хімічных злучэнняў, разнастайнасць якіх абумоўлена колькасцю атамаў хлору) стаяць у шэрагу найбольш небяспечных хімічных рэчываў. Паступаючы ў навакольнае асяроддзе, яны ўключаюцца ў біялагічны кругазварот і назапашваюцца ў жывых арганізмах, у тым ліку ў арганізме чалавека.

Характэрнай асаблівасцю гэтых рэчываў з'яўляецца тое, што такія злучэнні ніколі не вырабляліся і не вырабляюцца наўмысна і паступаюць у навакольнае асяроддзе як пабочны прадукт розных хімічных працэсаў і працэсаў гарэння хлараваных матэрыялаў.

Найбольш небяспечным, з пункту гледжання ўтварэння дыяксінаў і фуранаў, лічыцца спальванне хлорутрымліваючых адходаў вытворчасці. Акрамя таго, крыніцамі ўтварэння поліхлараваных дыбензапарадыяксінаў і дыбензолфуранаў з'яўляюцца:

  • цэментавыя печы (як па вытворчасці цэменту, вапны, керамічнай пліткі, шкла, цэглы і інш., так і спецыяльныя цэментавыя печы па спальванні небяспечных адходаў);
  • цэлюлозная вытворчасць з хлорнымі адбельвальнікамі;
  • розныя тэхналагічныя працэсы металургічнай вытворчасці;
  • другасная вытворчасць алюмінію, цынку, медзі;
  • агламерацыйныя ўстаноўкі на прадпрыемствах чыгуннай і сталеліцейнай прамысловасці;
  • аўтатранспарт;
  • вугальныя, мазутныя электрастанцыі, а таксама тыя, што працуюць на сырой нафце;
  • розныя хімічныя вытворчасці;
  • стыхійныя пажары на палігонах цвёрдых камунальных адходаў падчас вытворчасці бітуму, асфальту і інш.;
  • вытворчасць пластмас, пластыфікатараў, пеністых матэрыялаў.

Устаноўлена, што валавое вылучэнне дыяксінаў/фуранаў у кампаненты навакольнага асяроддзя і прадукты ў 2015 годзе склала 109,06 г ЭТ (грам у эквіваленце таксічнасці). Асноўны аб'ём гэтых рэчываў паступае ў адходы (70,1%) і атмасфернае паветра (28,7%), на іншыя асяроддзі даводзіцца каля 1,0% аб'ёму іх вылучэння. Выкіды дыяксінаў/фуранаў у атмасфернае паветра ацэньваюцца ў 31,30 г ЭТ. Асноўны ўнёсак у выкіды ў атмасферу робяць крыніцы катэгорый «Высокатэмпературнае спальванне адходаў» (35,5%), «Вытворчасць чорных і каляровых металаў»  і «Вытворчасць цеплавой і электраэнергіі»  (па 28%).

Новыя пагрозы

У Беларусі праведзена вялікая работа ў адносінах да хімічных рэчываў, дадаткова ўключаных у Стакгольмскую канвенцыю аб стойкіх арганічных забруджвальніках. Распрацаваны навукова-метадычныя дакументы, а таксама тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, накіраваныя на выяўленне і інвентарызацыю «новых» САЗ. У 2013 годзе ў нашай краіне адбылася першая папярэдняя іх інвентарызацыя, у якую было ўцягнута каля 480 прадпрыемстваў — патэнцыйных карыстальнікаў хімічных прэпаратаў на аснове новых САЗ.

Эксперты высветлілі, што:

  • гексабромдыфеніл (ГБД) у нас не вырабляўся і, напэўна, не выкарыстоўваўся. Існуе нізкая магчымасць наяўнасці аўтамабіляў, утрымліваючых ГБД;
  • камерцыйны октабромдыфенілавы эфір (к-октаБДЭ) у Беларусі таксама не вырабляецца, не выяўлена яго выкарыстанне і ў вытворчым працэсе. Гэта рэчыва можа ўтрымлівацца ў пластыку тэлевізараў і манітораў з электронна-прамянёвымі трубкамі (вытворчасці да 2005 года);
  • камерцыйны пентабромдыфенілавы эфір (к-пентаБДЭ) не вырабляецца. Некаторыя транспартныя сродкі з ЗША, вырабленыя да 2005 года, патэнцыйна могуць утрымліваць пластык з к-пентаБДЭ;
  • нягледзячы на тое, што даследаванні не выявілі вытворчасці ПФАС, існуе вытворчасць фторутрымліваючага плёнкаўтваральнага пенаўтваральніка, у якім магчыма ёсць ПФАС. Патрабуюцца дадатковыя даследаванні і вызначэнне саставу.
  • Усяго з 1990 па 2005 год у нашай краіне выкарыстана 63,8 тоны хлорарганічных пестыцыдаў, утрымліваючых новыя САЗ, у тым ліку пентатыурам, утрымліваючы пентахлорбензол, фентыурам, утрымліваючы ліндан, аб'ёмы выкарыстання якіх склалі 27,7 і 23,3 тоны адпаведна.

Непрыдатныя пестыцыды, што ў саставе маюць новыя САЗ, размешчаны на складах прадпрыемстваў, на Комплексе па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскай вобласці, а таксама ў падземных захаваннях.

Што робяць пестыцыды... у вечнай мерзлаце?

Аднойчы трапіўшы ў навакольнае асяроддзе, хімікаты здольныя дасягаць самых аддаленых месцаў планеты. Забруджванне САЗ прымае паўсюдны характар, глеба паражаецца з-за выкарыстання пестыцыдаў, выкіды прамысловых прадпрыемстваў забруджваюць водныя аб'екты, спальванне смецця ўздзейнічае на паветра. Праз глебу, забруджаную ваду і паветра САЗ паглынаюцца раслінамі, воднымі і глебавымі арганізмамі, якія з'яўляюцца ежай для птушак, рыб, млекакормячых. Забруджаныя харчовыя прадукты, удыхальнае паветра, пітная вада і нават скураныя покрывы — усё гэта «дапамагае» трапіць шкодным рэчывам і ў арганізм чалавека.

З больш цёплых рэгіёнаў паветраным шляхам САЗ трапляюць у найбольш халодныя. Дасягнуўшы іх, забруджвальнікі, як правіла, кандэнсуюцца і выпадаюць на паверхню Зямлі ў палярных раёнах, Арктыцы і Антарктыцы. Адлегласці могуць вар'іравацца ў залежнасці ад ступені лятучасці САЗ. Напрыклад, ДДТ валодае меншай лятучасцю, чым гексахлорцыклагексан, адпаведна і арэал распаўсюджання апошняга больш шырокі.

Вучоным бывае цяжка правесці даследаванні, як асобныя САЗ парушаюць экасістэму, таму што прыроднае асяроддзе часцей за ўсё «атакуецца» некалькімі рэчывамі адначасова.

Стойкія арганічныя забруджвальнікі негатыўна ўздзейнічаюць на баланс экасістэмы. Выкарыстанне САЗ-пестыцыдаў не толькі знішчае шкоднікаў, але таксама забівае і карысных насякомых, птушак, рыб і іншыя арганізмы. Экстэнсіўнае выкарыстанне пестыцыдаў прыводзіць да змененай экалагічнай раўнавагі і пагражае асяроддзю пражывання дзікай прыроды і выжыванню выміраючых відаў, напрыклад, амфібій, ціхаакіянскіх ласосяў, марскіх чарапах і белагаловых арланаў.

Ва ўмовах змянення клімату да гэтай праблемы трэба ставіцца яшчэ больш насцярожана. Пад уздзеяннем засух, што ў апошнія гады ўзнікаюць усё часцей, магчыма павелічэнне ліку шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі, што прыводзіць да страты ўраджаю. Для барацьбы са шкоднікамі, як правіла, выкарыстоўваюцца пестыцыды, якія з'яўляюцца крыніцамі забруджвання глебы і вады.

На навакольнае асяроддзе можа таксама ўплываць захоўванне САЗ на складах. Напрыклад, на працягу 60-х і аж да 80-х гадоў ХХ стагоддзя краіны Афрыкі атрымалі тысячы тон САЗ-пестыцыдаў з прамыслова развітага свету для таго, каб кантраляваць шкоднікаў. Завезеная колькасць пестыцыдаў была нашмат большай, чым неабходна, і таму яны назапашваліся. Паводле Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), цяпер у афрыканскіх краінах на складах захоўваецца 50 тыс. тон састарэлых пестыцыдаў і маюцца тысячы тон забруджанай глебы, якія ўяўляюць сабою пагрозу для здароўя і навакольнага асяроддзя. Па ацэнках, трэцяя частка пестыцыдаў, што захоўваюцца на гэтых забароненых складах, з'яўляецца САЗ.

Агульная колькасць запасаў састарэлых пестыцыдаў ва ўсім свеце складае каля 150 тыс. тон.

Канцэнтрацыя ўзрастае з кожным ужываннем

Як было адзначана вышэй, асноўнае адрозненне САЗ ад большасці іншых забруджвальнікаў — іх здольнасць захоўвацца ў навакольным асяроддзі на працягу дзясяткаў гадоў і перадавацца па харчовых ланцугах (вада — водарасці — планктон — рыба — чалавек; глеба — расліна — траваедныя жывёлы — чалавек). Галоўным чынам стойкія арганічныя забруджвальнікі трапляюць у арганізм чалавека разам з ежай, у прыватнасці з мясам, рыбай, курынымі яйкамі і малочнымі прадуктамі. Людзі, якія жывуць ці працуюць недалёка ад крыніц САЗ, могуць атрымліваць значную дозу гэтых рэчываў пры іх удыханні. Такім чынам, САЗ назапашваюцца ў тканках млекакормячых, у тым ліку чалавека, дзе іх канчатковая канцэнтрацыя не памяншаецца, а толькі ўзрастае!

Нават у малых дозах САЗ выяўляюць генатаксічны, імунатаксічны і канцэрагенны эфекты, ствараючы рэальную пагрозу здароўю сучаснага і будучых пакаленняў. Навукоўцы звязваюць пэўныя віды САЗ з утварэннем ракавых і іншых пухлін; неўролага-псіхіятрычнымі расстройствамі, уключаючы паніжэнне здольнасцяў да вучобы і непажаданыя змены характару; з расстройствамі імуннай сістэмы; рэпрадуктыўным дэфіцытам і расстройствамі палавой функцыі; скарачэннем лактацыйнага перыяду ў кормячых маці, а таксама такімі захворваннямі, як эндаметрыёз, дыябет і інш.

Поліхлараваныя біфенілы (ПХБ) сярод САЗ з'яўляюцца аднымі з самых распаўсюджаных. Яны масава вырабляліся і выкарыстоўваліся пачынаючы з 1929 года. З таго часу і да спынення іх прамысловага выпуску ў 1986 годзе ў свеце было выраблена каля двух мільёнаў тон ПХБ.

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, асноўнымі шляхамі паступлення ПХБ у навакольнае асяроддзе з'яўляюцца выпарэнні з пластыфікатараў, вылучэнне пры спальванні бытавых і прамысловых адходаў, уцечкі з іншымі прамысловымі адходамі, вываз ПХБ на сметнікі і палі аэрацыі.

Яны валодаюць здольнасцю назапашвацца ў арганізме, уздзейнічаюць на эндакрынную сістэму, змяняюць сексуальныя паводзіны, выклікаюць адхіленні развіцця ў дзяцей, тармозяць інтэлектуальнае развіццё. Неспрыяльнае ўздзеянне ПХБ на арганізм жанчыны і плод пачынаецца яшчэ да фарміравання эмбрыёна і плода, калі шкоднаму ўплыву падвяргаюцца палавыя клеткі.

Дыяксіны вельмі моцна ўздзейнічаюць на імунную і эндакрынную сістэмы чалавека. Яны могуць выклікаць другасную імунную недастатковасць, адставанне ў фізічным і разумовым развіцці, правакаваць ганадатаксічны, эмбрыятаксічны і мутагенны эфекты і нават скарачаць працягласць жыцця.

Асноўнымі захворваннямі, якія выклікаюцца ўздзеяннем дыяксінаў, з'яўляюцца расстройствы печані і хлоракнэ (цяжкая форма вугроў, што псуюць скуру твару, захворванне можа доўжыцца гадамі і практычна не паддаецца лячэнню). Зафіксаваныя выпадкі змянення функцый шчытападобнай залозы ў немаўлят, якія харчаваліся малаком маці, забруджаным гэтым САЗ.

Асаблівую занепакоенасць выклікае канцэнтрацыя стойкіх арганічных забруджвальнікаў у тканках чалавечага арганізма і мацярынскім малацэ. Яны трапляюць у арганізм плода ў стадыі развіцця праз плацэнту, а немаўляці — з грудным малаком. Нават у звышнізкіх канцэнтрацыях (трыльённыя часткі) САЗ здольныя нанесці незваротны ўрон галаўному мозгу і рэпрадуктыўным органам дзіцяці.

Пестыцыды (рэчывы, штучна створаныя для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін) маюць вялікае значэнне для сельскай гаспадаркі, але ў той жа час яны выклікаюць розныя праблемы са здароўем у залежнасці ад ступені ўздзеяння, з'яўляюцца адной з самых вялікіх пагроз здароўю падрастаючаму пакаленню.

Дзеці падвяргаюцца ўздзеянню пестыцыдаў паўсюдна: пры ўжыванні ў дамах бацькамі рэчываў для барацьбы з камарамі, мухамі, прусакамі і грызунамі без належных мер бяспекі; пры захоўванні пестыцыдаў у межах дасягальнасці дзяцей; пры выкарыстанні сродкаў абароны раслін на пляцоўках для гульняў у дашкольных установах, школах, аздараўленчых лагерах і ў парках для барацьбы з пустазеллем.

У папулярных для дзіцячага харчавання агародніне і садавіне тыпу яблыкаў, груш, апельсінаў і морквы рэгулярна знаходзяць «кактэйль» з рэшткаў пестыцыдаў. Напрыклад, такі разбуральны для гармонаў пестыцыд, як ліндан (цяпер забаронены ў Еўропе), усё яшчэ выяўляецца ў шакаладзе ў выніку выкарыстання какава-бабоў, імпартаваных з краін трэцяга свету, дзе ў нядаўнім мінулым для патрэб сельскай гаспадаркі інтэнсіўна выкарыстоўваліся САЗ-утрымліваючыя пестыцыды. Рэшткі ліндану таксама выяўляліся ў апошнія гады ў малацэ, ялавічыне, сыры і грыбах.

Асабліва небяспечнае і відавочна недастаткова вывучанае ўздзеянне ДДТ (дыхлор-дыфеніл-трыхлорэтану) на людзей. Аднак адзначана, што толькі за адно дзесяцігоддзе, з 1970 па 1980 год, частата атручванняў пестыцыдамі ў свеце ўзрасла на 250%. Гэты САЗ канцэнтруецца пераважна ў тлушчавых тканках, але здольны вылучацца з грудным малаком і нават праходзіць праз плацэнтарны бар'ер.

Пад уздзеяннем ДДТ у людзей могуць назірацца гарманальныя змены, пашкоджанні нырак, цэнтральнай і перыферыйнай нервовай сістэм, цыроз печані і хранічны гепатыт.

Ацэнка ўздзеяння хлорарганічных пестыцыдаў у Беларусі

Першыя даследаванні па ўстанаўленні сутачнай дозы хлорарганічных пестыцыдаў у арганізме чалавека ў нашай краіне былі праведзены спецыялістамі Беларускага навукова-даследчага інстытута санітарыі і гігіены ў 1974 —1975 гадах, у выніку якіх было ўстаноўлена, што асноўны ўнёсак у фарміраванне дозы ўносілі малако і малочныя прадукты, мяса і мясныя прадукты. Сутачная доза не перавышала ўстаноўленыя міжнародныя стандарты.

У 2000—2002 гадах спецыялістамі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра па экспертнай ацэнцы якасці і бяспекі прадуктаў харчавання Міністэрства аховы здароўя быў вывучаны рацыён харчавання цяжарных жанчын і кормячых маці і праведзены аналіз утрымання ў спажываных прадуктах хлорарганічных пестыцыдаў для разліку спажыванай у сярэднім з прадуктамі харчавання сутачнай дозы гэтых рэчываў.

Паводле атрыманых даных, утрыманне сумы ДДТ і яго метабалітаў у харчовым рацыёне цяжарных і кормячых жанчын, змешчаных у радзільных аддзяленнях бальніц Мінска і Віцебска, у сярэднім у 100 разоў меншае за ўзровень дапушчальнай сутачнай дозы, якая складае 0,005 мг/кг.

Паколькі пры назапашванні пестыцыдаў у арганізме жанчыны ў перыяд лактацыі адбываецца іх вылучэнне з грудным малаком, што стварае пагрозу паступлення яго ў арганізм дзіцяці пры кармленні, спецыялісты таксама даследавалі і грудное малако на ўтрыманне шкодных рэчываў.

З атрыманых даных па ўтрыманні пестыцыдаў у грудным малацэ і масы дзяцей былі разлічаны сутачныя нагрузкі на адзін кілаграм масы дзіцяці. Сутачныя нагрузкі гексахлорцыклагексану перавышалі дапушчальныя ўзроўні ў Мазыры і Салігорску — у 5% выпадкаў, у Мінску — у 3,2%. Тыя ж паказчыкі для сумы метабалітаў ДДТ былі значна вышэйшымі і склалі 39% у Мазыры, 32% — у Салігорску, 48,2% — у Мінску.

Як жа знізіць негатыўнае ўздзеянне САЗ на здароўе людзей?

З боку дзяржавы для вырашэння гэтага пытання адбываецца кантроль забруджвання САЗ прадуктаў харчавання і харчовай сыравіны, пітной вады, вады вадаёмаў і глебы, а таксама кантроль стану здароўя людзей, якія працуюць у шкодных умовах.

У Беларусі такія даследаванні праводзяцца органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду, прыродаахоўнымі службамі і службамі кантролю харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання. У наш час штогод праводзіцца больш за 5000 аналізаў вырашчаных і вырабленых у краіне і імпартуемых з-за мяжы пробаў харчовай сыравіны, прадуктаў харчавання і пітной вады на наяўнасць рэшткавых колькасцяў пестыцыдаў. У выпадку выяўлення рэшткаў пестыцыдаў вышэй лімітава дапушчальных канцэнтрацый, забруджаная харчовая сыравіна і прадукты харчавання канфіскуюцца з абароту і ўтылізуюцца. Пры выяўленні ў высокіх канцэнтрацыях САЗ у вадзе абавязкова прымаюцца меры па абароне насельніцтва. Трэба адзначыць, што да цяперашняга часу такія выпадкі ў краіне не рэгістраваліся.

З 2006 года органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду наладжаны кантроль саставу ПХБ у рыбе і рыбнай прадукцыі, прымаюцца меры па ўкараненні кантролю харчовай сыравіны на ўтрыманне дыяксінаў/фуранаў. Вынікі даследаванняў сведчаць пра тое, што прадукты харчавання ў гандлёвай сетцы і пітная вада з цэнтралізаваных і кантралюемых дэцэнтралізаваных крыніц водазабеспячэння не ўтрымліваюць небяспечнай колькасці САЗ.

Для абароны здароўя людзей, якія працуюць у шкодных умовах, перыядычна праводзяцца медыцынскія агляды, якія дазваляюць выяўляць захворванні, звязаныя з характарам працы.

Правілы бяспекі для кожнага

Прытрымліваючыся гэтых простых правілаў, можна звесці да мінімуму рызыку адмоўнага ўздзеяння стойкіх арганічных забруджвальнікаў на ваша здароўе.

Змяншайце спажыванне харчовых прадуктаў, якія ў вялікай колькасці ўтрымліваюць тлушч (сала, тлустае мяса, тлустыя гатункі рыбы). САЗ з'яўляюцца тлушчарастваральнымі рэчывамі і таму назапашваюцца ў тканках, што змяшчаюць тлушчы ў вялікіх колькасцях, уключаючы асобныя прадукты харчавання. Змяншэнне ўжывання тлустых прадуктаў асабліва рэкамендавана жанчынам, якія плануюць нараджэнне дзіцяці ці з'яўляюцца кормячымі маці — каб знізіць магчымае ўздзеянне САЗ на іх дзяцей.

Не ўжывайце ў ежу рыбу, вылаўленую ў вадаёмах, размешчаных блізка ад сметнікаў, месцаў захавання і трымання пестыцыдаў, у непасрэднай блізкасці ад прамысловых прадпрыемстваў, а таксама не піце ваду з адкрытых вадаёмаў.

Купляйце сродкі абароны раслін і ўгнаенні ў спецыялізаваных магазінах. Нягледзячы на тое, што ўжыванне хлорутрымліваючых пестыцыдаў, аднесеных да стойкіх арганічных забруджвальнікаў, у нашай краіне забаронена больш за 20 гадоў, да гэтага часу такія пестыцыды знаходзяцца на складах і ў прыватных гаспадарках. І некаторыя людзі не ведаюць пра шкоду гэтых рэчываў ці ў мэтах нажывы могуць прадаваць іх як сродкі для абароны раслін ад насякомых і хвароб. Набываючы пестыцыды ў прыватных асоб, патрабуйце прад'явіць дакумент, які пацвярджае іх бяспеку пры правільным ужыванні і рэгламентуе такія ўмовы.

Небяспечна выкарыстоўваць у хатняй гаспадарцы хімікаты, якія не маюць маркіроўкі, упакаваныя ў негерметычную закрытую тару.

Не захоўвайце прадукты харчавання і пітную ваду ў тары, якая раней выкарыстоўвалася для захоўвання невядомых хімічных рэчываў. Як правіла, такая тара мае яркую (чырвоную, жоўтую, аранжавую) афарбоўку ці палоскі такога колеру. Вядомыя выпадкі масавага паражэння насельніцтва САЗ пры ўжыванні малака, разлітага ў тару, якая раней выкарыстоўвалася для захавання вадкасці, што ўтрымлівае поліхлараваныя біфенілы.

Паколькі дыяксіны/фураны ўтвараюцца пры спальванні, у тым ліку пры спальванні палімерных матэрыялаў, лепш не спальваць палімеры (плёнку, пластыкавыя бутэлькі і інш.) і тым больш не ўжываць у якасці ўгнаення попел, атрыманы пры спальванні палімерных матэрыялаў, а таксама апрацаванай хімічнымі рэчывамі драўніны.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і з архіва БЕЛТА

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.