Вы тут

Што робяць рэгіёны, каб сусветны крызіс прайшоў бокам


Вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы ставіць задачы, але выконвацца яны павінны ў большасці сваёй на месцах. Ад таго, наколькі ўдала гэта робіцца, залежыць эканамічнае развіццё краіны, нашы зарплаты, імідж у свеце. У сённяшніх няпростых умовах асабліва важна, каб мясцовыя ўлады дапамаглі людзям «утрымацца на плаву». Калі ў чалавека ёсць работа ў родным горадзе або вёсцы, ён не паедзе «па доўгі рубель». Калі ў яго ёсць магчымасць адкрыць уласную справу ў сваім населеным пункце, ён, зноў жа, не будзе пераязджаць для гэтага ў іншы горад або нават краіну. Калі чалавек бачыць, што яго горад, сяло з кожным годам прыгажэе, развіваецца, расце, то ён не стане зайздросціць сталічным жыхарам...


Пінск — адзін з найбуйнейшых неабласных гарадоў нашай краіны, яго яшчэ называюць «сталіцай Палесся». У пасляваенныя гады некаторы час горад нават быў абласным цэнтрам. Але пасля гэты статус ён страціў. Тым не менш і сёння Пінск не выглядае правінцыйным. Анатоль САДОЎСКІ, начальнік упраўлення эканомікі Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта, расказаў «Звяздзе», як горад супрацьстаіць сучасным фінансавым выклікам і не перастае быць узорам паспяховасці.

Бізнесменам можа стаць кожны

Калі чалавек сам знойдзе сабе занятак — напрыклад, створыць уласны бізнес, — то і ў дзяржавы ў цэлым, і ў мясцовых улад клопату будзе менш. У Пінску працуе тэхнапарк «Палессе», заснавальнікамі якога з'яўляюцца Пінскі гарвыканкам, Пінскі райвыканкам і Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Такім чынам, мясцовая моладзь яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце мае магчымасць адкрыць сваю справу.

— Два разы на год праводзіцца інвест-уік-энд, у мінулую суботу (3 снежня) ён, дарэчы, адбыўся шосты раз, — праінфармаваў суразмоўца. — На інвест-уік-эндзе разглядаюцца камерцыйныя праекты студэнтаў, туды запрашаюцца прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, рэспубліканскіх органаў кіравання.

Пінск стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Лепшы горад (раён, вобласць) для бізнесу Беларусі — 2014 (з колькасцю насельніцтва больш за 50 тысяч чалавек)». Гораду сапраўды ёсць чым ганарыцца.

Са сферай малога і сярэдняга прадпрымальніцтва цесна звязана стварэнне новых працоўных месцаў. Па словах Анатоля Садоўскага, штогод у Пінску рэгіструецца больш за 50 юрыдычных асоб і больш за 500 індывідуальных прадпрымальнікаў, у сферы малога і сярэдняга бізнесу ствараецца больш за 1500 працоўных месцаў.

— За кошт новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў створаны новыя працоўныя месцы — за перыяд са студзеня па верасень іх колькасць склала 533 — пры заданні 345, — расказаў начальнік упраўлення эканомікі гарвыканкама. — Сітуацыя на рынку працы ў бягучым годзе характарызуецца зніжэннем рэгістрацыі грамадзян у якасці беспрацоўных. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 кастрычніка 2016 года складае 1,2%. У той жа час у нас ёсць адно камунальнае прадпрыемства, што працуе ў рэжыме няпоўнай занятасці — гэта «Белсантэхмантаж-2».

Без прастою

У горадзе імкнуцца да таго, каб выкарыстоўваць усе магчымасці для развіцця. Часам так атрымліваецца, што закрываецца або пераязджае нейкае прадпрыемства, установа, і яе ранейшыя памяшканні пустуюць. У Пінску з гэтым строга — усе будынкі, прамысловыя плошчы павінны выкарыстоўвацца. Нешта можна прапанаваць інвестарам, нешта — сацыяльным аб'ектам.

Так, пустуючыя плошчы былі ў прадпрыемства «PІNEMA» (ААТ «Пінскія нятканыя матэрыялы»). Па рашэнні гарвыканкама яны былі прададзены з аўкцыёну.

— Адабранне аб'ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, дало вынікі па розных кірунках, — адзначыў Анатоль Садоўскі. — Па-першае, знізіліся затраты самога акцыянернага таварыства і з'явіліся абаротныя сродкі. Па-другое, новым уласнікам невыкарыстоўваемых аб'ектаў стала сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Палессе» з Кобрына. На тэрыторыі Пінска яно ставарыла філіял — у тым ліку і на базе плошчаў «PІNEMA». У філіяле зараз працуе амаль 400 чалавек, у асноўным жанчыны.

Паказальна, што да 2011 года ў Пінску назіралася ўстойлівая тэндэнцыя па скарачэнні невыкарыстоўваемых аб'ектаў камунальнай уласнасці. Невыкарыстоўваемыя плошчы зменшыліся — з 20 тысяч квадратных метраў у 2007 годзе да 6 тысяч квадратных метраў у 2012 годзе. Гэта больш, чым у тры разы!

— На сёння каэфіцыент выкарыстання аб'ектаў уласнасці складае 98%, — звярнуў увагу суразмоўца.

Такім чынам, можна казаць, што ў Пінску ў цэлым вырашана праблема пустуючых памяшканняў. Пры гэтым многія будынкі атрымалі новае — карыснае — прызначэнне. Напрыклад, на базе прададзеных з аўкцыёну будынкаў камбіната будаўнічай індустрыі прадпрыемствы малога бізнесу стварылі 110 працоўных месцаў і забяспечылі выручку ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг, якая ў 3,5 раза перавышае выручку камбіната... Санаторый «Жамчужны» агульнай плошчай 4 тысячы квадратных метраў, які быў прыняты ў камунальную ўласнасць горада з мэтай зніжэння затрат аднаго з буйных вытворчых прадпрыемстваў, будзе рэканструяваны пад стацыянарнае аддзяленне анкалагічнага дыспансера. Магчыма, гэта будзе зроблена за кошт тэхнічнай дапамогі Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Адкрытыя для інвестараў

— З улікам даручэння Прэзідэнта пастаянная ўвага надаецца прыцягненню інвестыцый, — звяртае ўвагу суразмоўца. — За студзень — верасень 2016 года горад заключыў чатыры новыя інвестыцыйныя дагаворы: з сумесным беларуска-амерыканскім прадпрыемствам «Камсіл», з гандлёва-ўнітарным прадпрыемствам «Санта-Рытэйл», з «Рэно» (у хуткім часе ў Пінску адкрыецца аўтацэнтр поўнага цыкла, дзе можна будзе набыць і адрэмантаваць аўто гэтай маркі). Адзін з найбольш буйных інвестыцыйных праектаў сярод прадпрыемстваў малога бізнесу на тэрыторыі горада рэалізуе замежнае прадпрыемства «Стэнлес», якое займаецца вытворчасцю мэблі. Інвестыцыйны дагавор з прадстаўнікамі кампаніі «СтэнліФонд» быў заключаны ў канцы жніўня, аб'ём інвестыцый — больш за 2 мільёны еўра.

Для інвестараў у Пінску прадугледжаны льготы — па зямлі і нерухомасці. Яшчэ ў 2014 годзе Пінскі гарадскі Савет дэпутатаў прыняў рашэнне «Аб павелічэнні (памяншэнні) ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомасць». Яно ўстанаўлівае, што павелічэнне ставак зямельнага падатку не распаўсюджваецца на арганізацыі, створаныя замежнымі інвестарамі (або створаныя з удзелам апошніх) і зарэгістраваныя на тэрыторыі Пінска. Акрамя гэтага, у два разы паменшаны стаўкі падатку на нерухомасць для юрыдычных асоб, якія зарэгістраваны ў 2014—2016 гадах і займаюцца прамысловай вытворчасцю.

— Рашэннем Пінскага гарвыканкама зацверджаны пералік адкрытых акцыянерных таварыстваў, па якіх адсутнічае неабходнасць захавання ва ўстаўным фондзе долі ўласнасці горада Пінска, — расказаў Анатоль Садоўскі. — У пералік уключаны такія прадпрыемствы, як «PІNEMA», Пінскі завод сродкаў малой механізацыі, Пінскбудматэрыялы.

Інвестарам зараз прапануецца каля 10 зямельных участкаў па розных кірунках дзейнасці, а таксама каля 20 дадатковых. Участак плошчай 45 га, што базіруецца на тэрыторыі «Кузлітмаша», з 2017 года будзе ўключаны ў свабодную эканамічную зону «Брэст».

Усё на продаж

— У пачатку года ў Пінску было пэўнае адставанне па індэксе фізічнага аб'ёму прамысловай вытворчасці — ён быў роўны 86,4, — канстатуе начальнік упраўлення эканомікі Пінскага гарвыканкама. — Па выніках студзеня — кастрычніка бягучага года гэты ж паказчык склаў 101,8 пры гадавым заданні гораду 100,3.

З мая ў Пінска склалася станоўчая тэндэнцыя па тэмпах росту экспарту тавараў. Сальда знешняга гандлёвага абароту — станоўчае, трымаецца на ўзроўні 57 мільёнаў долараў. Экспарт здзяйсняецца прыкладна ў 37 краін. Гэта Расія, Польшча, Казахстан, Германія, Украіна, Літва, Румынія, ЗША, Вялікабрытанія, Ірландыя... Асноўныя экспарцёры горада — «Пінскдрэў», Пінскі мясакамбінат, ААТ «Палессе», «Эксайд Тэхноладжыз». Пра апошняе прадпрыемства трэба сказаць асобна. Гэта сумесная беларуска-амерыканская кампанія. Увогуле ж, «Эксайд Тэхноладжыз» — сусветны лідар па продажы і вытворчасці акумулятараў розных тыпаў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

г. Пінск

Загаловак у газеце: Сакрэты паспяховага горада

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.