Вы тут

Вуліцы ў гонар Караткевіча і Быкава з'явяцца ў новым раёне Гомеля


Вуліцы ў гонар славутых беларускіх пісьменнікаў хутка з'явяцца ў новым раёне Гомеля. Новы ён не па факце стварэння, а па факце адміністратыўнага далучэння да абласнога цэнтра. Былы рабочы пасёлак Касцюкоўка, які раней тэрытарыяльна адносіўся да Гомельскага раёна, у маі быў уключаны ў гарадскія межы і стаў паўночнай часткай Гомеля. Адначасова высветлілася, што ў горадзе над Сожам ёсць многа вуліц — абсалютных цёзак касцюкоўскім. Каб не было блытаніны, Гомельскі гарадскі Савет дэпутатаў прыняў адпаведнае рашэнне пра перайменаванне.


Пасёлак Касцюкоўка сваім існаваннем абавязаны барону Станіславу фон Нолькену, у якога тут у сярэдзіне XІX стагоддзя быў маёнтак. Гавораць, што быццам па яго ініцыятыве побач была пракладзена чыгунка. Адзін з яго 14 дзяцей — Карл — з 1908-га па 1910 год быў Магілёўскім губернатарам. Гомель у той час уваходзіў у Магілёўскую губерню. У гады кіравання Карла ў горадзе над Сожам з'явілася вуліца барона Нолькена. Сёння яна мае назву Ланге. Мала хто з гамяльчан не ведае, што забіты ў сакавіку 1919 года Іван Ланге быў старшынёй Гомельскай уезнай надзвычайнай камісіі. Між тым у кастрычніку 1919 года Карл фон Нолькен быў расстраляны менавіта па рашэнні гэтай камісіі. Такая вельмі своеасаблівая гістарычная пераемнасць атрымалася.

Праўда, цяпер назваць адну з касцюкоўскіх вуліц у гонар барона Нолькена мясцовыя жыхары не згадзіліся. Работнікі шклозавода прапанавалі, каб вуліца Гомельская стала называцца ў гонар славутага хіміка Міхаіла Ламаносава. Доўгі час прадпрыемства насіла яго імя. Дарэчы, яго бюст і цяпер знаходзіцца каля адміністрацыйнага корпуса.

Адна з вуліц будзе насіць імя Валерыя Абеля, заснавальніка і арганізатара мясцовага заслужанага калектыва цыркавога мастацтва, які сёлета адзначыў 55-годдзе. Увогуле ж, у адміністрацыі Чыгуначнага раёна паклапаціліся, каб варыянты новых назваў падабаліся людзям, якія жывуць у Касцюкоўцы. Мясцовыя жыхары перавагу аддалі такім назвам: «Заазёрная», «Кветкавая», «Арэхавая», «Яблыневая», «Янтарная». Не супраць яны жыць і на вуліцах імя Кірылы Тураўскага, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава. Усяго ў Касцюкоўцы будуць перайменаваны 20 вуліц.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».